Сусветна вядомы матыватар Нік Вуйчыч на сваім першым выступе ў Мінску вітаў сотні людзей, што прыйшлі паслухаць яго шчаслівую гісторыю. Гэта парадаксальна, але менавіта Вуйчыч — чалавек, што нарадзіўся без рук і ног — вучыць людзей па ўсім свеце быць шчаслівымі.

Ён не выдаткаваў ніводнага даляра на рэкламу і маркетынг. Наведаў 58 краін, размаўляў з 13 прэзідэнтамі, выступаў больш як 3 тысячы разоў. Па тэлевізары яго бачылі 1,4 мільярда чалавек, а на старонцы ў Фэйсбуку 8 мільёнаў падпісчыкаў. Урады мянялі заканадаўства краін пасля яго візітаў, звяртаючы ўвагу да праблем інвалідаў. Нік Вуйчыч атрымлівае каля сотні запрашэнняў на тыдзень, і гэтым разам сярод іншых ён абраў Мінск.

Вуйчыч прыехаў у Беларусь на адзін дзень і адразу сказаў, што хоча вярнуцца. З наступнага года колькасць падарожжаў гэтага дзівоснага чалавека будзе скарачацца; гэта звязана з тым, што Нік хоча больш часу праводзіць са сваёй сям’ёй, дзе двое маленькіх дзяцей. Плануецца, што значная частка працы будзе здзяйсняцца праз інтэрнэт — арганізатары праекту рыхтуюць відэаролікі, кіно і адукацыйныя праграмы. Іх мара — сабраць на адной платформе 400 мільёнаў чалавек (6% насельніцтва Зямлі), якія будуць аб’яднаныя адной справай. Нік кажа, што ўсё, пра што ён марыў, здзейснілася; засталося толькі перамагчы сусветны голад. Калі кожны дзень кожны чалавек з гэтай супольнасці будзе ахвяраваць хаця б па адным даляры, гэта будзе велізарная дапамога там, дзе ў ёй ёсць патрэба.

Нік Вуйчыч валодае не толькі неймавернай сілай волі. Ён бясконца пазітыўны, вельмі жвавы і прыгожы чалавек з яскравым гумарам. І безумоўна прафесійны аратар. Слухачы плакалі і смяяліся, сціхалі, сачыўшы за яго і сваімі думкамі, і шчыра дзякавалі апладысментамі.

Ён верыць у цуд і трымае ў шафе пару абутку на той выпадак, калі гэты цуд адбудзецца. Шчыры хрысціянін, падкрэслена акуратна ставіцца да ўсіх іншых рэлігій і меркаванняў. Нік Вуйчыч вучыць таму, што немагчыма зрабіць лепшым іншага чалавека –- можна толькі самому стаць лепшым. Калі хочаш змяніць свет, адзіны шлях — самому зрабіцца гэтай зменай. І кажа, што, калі цяжка, не варта чакаць нейкай дапамогі ад дзяржавы. Трэба дапамагаць адзін аднаму, і толькі гэта будзе развіваць дзяржаву: эканоміку, заканадаўства, культуру.

 

Некаторыя цытаты з выступу Ніка Вуйчыча ў Мінску:

«У кожнага з нас ёсць выбар: верыць у шчаслівую будучыню ці не верыць. Я выбраў верыць. Надзея і вера ёсць ва ўсіх, трэба толькі вырашыць, прыняць яе ці не. Але разумейце, што калі вы не будзеце шукаць надзею, то ніколі яе не знойдзеце. Тады і будучыні ў вас не будзе»

«Я думаў, што мяне зробяць шчаслівымі рукі і ногі. І даказаў сам сабе, што гэта не так. Маё жыццё, як і жыццё многіх людзей на Зямлі, было разбіта. Але вы не ўяўляеце сабе, якія прыгожыя рэчы можна зрабіць з чарапкоў! Трэба разумець, хто вы і чаго хочаце. Я застануся Нікам Вуйчычам, нават калі ў мяне не будзе языка, і вачэй, і вушэй — таму што маю душу ніхто не можа ў мяне забраць»

«Смеласць — гэта не адсутнасць страху. Смеласць — гэта рабіць нешта нават тады, калі страшна. Кожны раз, калі мы церпім няўдачу -– мы нечаму вучымся. Калі я вырашыў, што хачу выступаць перад людзьмі, я патэлефанаваў у 53 школы, дзе хацеў выступіць. І толькі ў адну з іх мяне запрасілі. З таго часу я сустрэўся з шасцю мільёнамі чалавек».

«У 13 год іграў у футбол і зламаў нагу. Праляжаў тры тыдні ў гіпсе, уперыўшыся ў столь. Вось тады я зразумеў, як гэта — быць інвалідам. І навучыўся цаніць тое, што ў мяне ёсць»

«Нагоды для стрэсу ці дэпрэсіі можна знайсці ва ўсіх узростах. Дзеці нешчаслівыя, бо ім не купілі цацку. Падлеткі — таму што іх не разумеюць. Юнакі — праз любоўныя перажыванні. Студэнты — бо няма грошай. На працы дурны дырэктар. Ніяк не магу ажаніцца. Вы думаеце, што ажэніцеся і вось тады ўжо нарэшце будзеце шчаслівыя? Не!!! Спытайцеся ў тых, хто ўжо зрабіў гэта. Калі вы не ўмееце быць шчаслівымі цяпер, у тым стане, які ёсць, вы не будзеце шчаслівыя ніколі і нідзе»

«Шчасце — не вынік поспеху. Шчасце — ведаць сваю мэту. Хай вашы мары будуць значныя. Будзьце шчырымі. Будзьце цярплівымі. Змяняйце тое, што можаце змяніць, і прымайце тое, што не можаце. Шукайце ў сабе мудрасць і ўвасабляйце прыстойнасць. Мары здзяйсняюцца. Цуды здараюцца» 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?