Фестываль гідаў і экскурсаводаў пройдзе ў восьмы раз у Беларусі. На сайце фестывалю, які ў гэтым годзе адбудзецца 23—24 красавіка, пачаўся папярэдні запіс на бясплатныя экскурсіі, якія пройдуць па ўсёй краіне.

Арганізатары адзначаюць, што маршруты і тэмы экскурсій у рамках фестывалю ствараюцца для таго, каб «мясцовыя жыхары мелі магчымасць лепш спазнаць месца, дзе яны жывуць».

У гэтым годзе экскурсіі адбудуцца ў Мінску, ва ўсіх абласных гарадах, у Глыбокім, Маладзечне, Барысаве, Бабруйску, Будславе, Пінску, Оршы, Крупках, Полацку, Лідзе і Слуцку. Гэта тыя населеныя пункты, якія ўжо заяўлены ў праграме, магчыма, спіс папоўніцца. 

Ідэйны натхняльнік і ініцыятар фестывалю Цімафей Акудовіч паведаміў: «У гэтым годзе будзе экскурсія ў Вялікі акадэмічны тэатр оперы і балета з унікальнай гісторыяй пра сам будынак, віртуальная экскурсія па Мінскім замчышчы. З цалкам новага — экскурсія на мінскія заводы-гіганты МАЗ і МТЗ, экскурсія з наведваннем спартыўнай каманды па амерыканскім футболе «Літвіны».

Акрамя таго, паабяцаў ён, будзе праведзена экскурсія-лекцыя для прафесіяналаў па стварэнні экскурсій для інвалідаў.

«Фармат мерапрыемства ўнікальны. На сёння аналагаў няма нідзе ў свеце. Нам ужо паступіла заяўка з Украіны, людзі хочуць, каб мы падзяліліся вопытам правядзення такога фестывалю. Не выключана, што фармат можа выйсці і за рамкі Беларусі», — распавёў кіраўнік праекта Guides.by і саарганізатар фестывалю Віктар Камягін.

Поўны спіс бясплатных экскурсій у Мінску і іншых гарадах Беларусі будзе апублікаваны на афіцыйным інтэрнэт-рэсурсе фестывалю guides.by/fest.

Фестываль гідаў і экскурсаводаў паўстаў у 2009 годзе з мэтай азнаёміць жыхароў канкрэтных рэгіёнаў і гарадоў з тымі мясцінамі, побач з якімі яны жывуць. Мерапрыемства пераследуе і глабальную мэту — актывізацыю «творчай жылкі» экскурсійнай справы ў Беларусі для наступнага стварэння новых і цікавых турыстычных маршрутаў і экскурсій.

У аргкамітэт фестывалю ўваходзяць: грамадская арганізацыя «Беларускі камітэт ICOMOS», упершыню Нацыянальнае агенцтва па турызме Беларусі, спецыялізаваны анлайн-праект аб экскурсіях і гідах Беларусі Guides.by.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?