Папа Рымскі Францішак, які наведаў лагер бежанцаў на грэчаскай выспе Лесбас, узяў з сабой у Ватыкан 12 сірыйскіх мігрантаў.

Члены трох сем'яў, уключаючы шасцярых дзяцей, падняліся па трапе на борт самалёта, на якім кіраўнік Рымска-каталіцкай царквы прыляцеў у Грэцыю.

У заяве Ватыкана гаворыцца, што Францішак хацеў зрабіць жэст «ветлівасці і гасціннасці» ў адносінах да бежанцаў.

Пасля пагаднення, дасягнутага ў мінулым месяцы паміж ЕС і Турцыяй і закліканага паменшыць паток бежанцаў у Еўропу, тысячы мігрантаў апынуліся «пад замком» на гэтым востраве.

Раней Папа Францішак пастараўся ўсяліць надзею ў насельнікаў лагера, звярнуўшыся да іх са словамі: «Вы не самотныя». Разам з тым ён заклікаў увесь свет праявіць «простую гуманнасць» падчас міграцыйнага крызісу

У лагеры Морыя знаходзяцца больш за 3 тысячы чалавек, некаторых з іх можа чакаць дэпартацыя ў Турцыю.

Ватыкан настойвае, што візіт Папы носіць выключна гуманітарны і рэлігійны характар, і што яго не варта разглядаць як крытычную пазіцыю кіраўніка каталіцкай царквы ў дачыненні да рашэння ўладаў ЕС аб масавай дэпартацыі бежанцаў.

Сумная паездка

Дзясяткі насельнікаў лагера Морыя выйшлі насустрач пантыфіку, некаторыя трымалі ў руках плакаты з надпісамі, якія заклікаюць аказаць ім дапамогу.

Спачатку Папа сустрэўся з групай хлопчыкаў, якія адправіліся ў небяспечны шлях да берагоў Грэцыі без суправаджэння дарослых. Тэлекамеры паказалі, як падчас абыходу Папам лагера адна з бежанак укленчыла перад ім, звярнуўшыся да яго з эмацыйнай прамовай.

Маленькая дзяўчынка падарыла Францішку свой малюнак. Са словамі «Брава, брава» ён перадаў яго памочнікам, сказаўшы: «Не згортвайце яго. Я хачу, каб ён быў на маім стале».

У сваёй прамове Папа прызнаў, што насельнікі лагера пайшлі на велізарныя ахвяры. Ён сказаў, што хацеў бы прыцягнуць увагу ўсяго свету да гэтага сур'ёзнага гуманітарнага крызісу.

Звяртаючыся да бежанцаў, кіраўнік Рымска-каталіцкай царквы сказаў: «Не губляйце надзеі. Самы вялікі дар, які мы можам прапанаваць адно адному — гэта любоў».

Раней, на борце самалёта, які накіроўваўся на Лесбас, Папа сказаў журналістам: «Гэтая паездка адзначана асаблівым смуткам … Мы станем сведкамі самай жудаснай гуманітарнай катастрофы з часоў Другой сусветнай войны».

«Мы ўбачым многіх людзей, якія пераносячы пакуты, вымушаныя бегчы і якія не ведаюць, куды накіраваць свае ступні. Мы таксама накіроўваемся да мора, што ператварылася ў могілкі. Так шмат людзей не дабраліся да берага», - сказаў ён.

Папу сустрэлі на Лесбасе прэм'ер-міністр Грэцыі Алексіс Цыпрас, патрыярх Канстанцінопальскі Варфаламей і архіепіскап Афінскі і ўсяе Грэцыі Еранім II.

У сваім выступе ў лагеры Морыя Папа сказаў бежанцам: «Свет не забыўся пра вас. Аб свеце будуць судзіць па тым, як ён паставіцца да вас».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?