Здарэнне адбылося на рагу вуліцы Машэрава і праспекта Незалежнасці. Пакуль невядома, як менавіта разгортваліся падзеі. Меркаванні відавочцаў і папярэдняя версія следства адрозніваюцца.

 

Дакладна вядома, што матацыклам кіраваў 31-гадовы жыхар Жлобіна. Раней ён неаднаразова прыцягваўся да адказнасці за парушэнні ПДР (міліцыя паведамляе пра 52 парушэнні, але не ўказвае, за які перыяд), а таксама неаднаразова пазбаўляўся пасведчання кіроўцы за перавышэнне хуткасці.

Матацыкліст рухаўся па праспекце Машэрава ў бок праспекта Незалежнасці. Перад скрыжаваннем ён выехаў на трамвайныя шляхі і там чакаў зялёнага святла.

Экіпаж ДПС, які стаяў перад светлафорам, заўважыў, што на матацыкле няма рэгістрацыйных знакаў, таму інспектар падышоў да матацыкліста і запатрабаваў прад'явіць дакументы.

Што адбылося далей, дакладна невядома. Відавочцы казалі, што матацыкліст рэзка стартануў з месца, а інспектар схапіўся за стырно. Міліцыя сцвярджае, што матацыкліст зачапіў інспектара і пацягнуў за сабой.

Тым часам загарэлася зялёнае святло для аўтамабіляў, якія ехалі па праспекце Незалежнасці. Аўтамабіль з інкасатарамі не бачыў матацыкліста з інспектарам. Адбылося сутыкненне.

Па словах відавочцаў, другі інспектар з экіпажа аператыўна перакрыў рух на праспекце і спыніў хуткую. Медыкі і відавочцы аказвалі пацярпеламу інспектару дапамогу на месцы, але ў прытомнасць ён так і не прыйшоў.

ДАІшніка шпіталізавалі з цяжкай чэрапна-мазгавой траўмай і пераломам нагі. Матацыкліста таксама павезлі ў бальніцу. Пра яго стан пакуль не паведамляецца.

* * *

Чытайце таксама:

Міліцыя расказала сваю праўду пра жорстую аварыю матакцыліста і ДАІшніка

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?