Кіраўніцтва МВФ адзначыла прагрэс у рэалізацыі ўрадам і Нацбанкам Беларусі мер эканамічнай палітыкі, бакі дамовіліся прадоўжыць узаемадзеянне па ацэнцы эканамічнай сітуацыі ў Беларусі і дапрацаваць ўмовы рэалізацыі новай праграмы МВФ. Пра гэта паведаміла прэс-служба МЗС па выніках удзелу беларускай дэлегацыі ў штогадовым пасяджэнні радаў кіраўнікоў Міжнароднага валютнага фонду і Сусветнага банка ў ЗША.

У склад дэлегацыі ўваходзілі намеснік старшыні праўлення Нацбанка Дзмітрый Калечыц, першы намеснік міністра фінансаў Максім Ермаловіч, першы намеснік міністра эканомікі Аляксандр Забароўскі, намеснік міністра замежных спраў Валянцін Рыбакоў, памочнік прэзідэнта па эканамічных пытаннях Кірыл Руды.

У ходзе серыі сустрэч з намеснікам дырэктара-распарадчыка МВФ Міцухіра Фурусава, дырэктарам Еўрапейскага дэпартамента МВФ Полам Томсэнам, кіраўніком місіі МВФ па Беларусі Пітэрам Долманам абмяркоўваліся ключавыя меры эканамічнай палітыкі, накіраваныя на забеспячэнне макрафінансавай збалансаванасці і структурных пераўтварэнняў эканомікі.

На сустрэчах з віцэ-прэзідэнтам Сусветнага банка Сірылам Мюлерам і экспертамі Банка бакі абмеркавалі рэалізуемыя і перспектыўныя праграмы падтрымкі, у тым ліку ў галіне павышэння канкурэнтаздольнасці беларускай эканомікі, кіравання дзяржаўнымі фінансамі, адукацыі і аховы здароўя. Бакі дамовіліся аб візіце кіраўніцтва Сусветнага банка ў Беларусь ў найбліжэйшы час.

На сустрэчы з віцэ-прэзідэнтам Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця Аланам Пію абмеркаваны магчымасці рэалізацыі новых праектаў з удзелам ЕБРР у Беларусі.

Адбылася сустрэча Забароўскага з кіраўніцтвам Міністэрства гандлю ЗША. У ходзе сустрэчы бакі абмяняліся планамі правядзення ў бліжэйшы час сумесных мерапрыемстваў з удзелам дзелавых колаў дзвюх краін, накіраваных на актывізацыю гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва.

Таксама прайшлі сустрэчы членаў беларускай дэлегацыі з інвестарамі — асноўнымі трымальнікамі беларускіх каштоўных папер, якім былі прадстаўлены ацэнка эканамічнай сітуацыі ў Беларусі і планы па інвестыцыйным супрацоўніцтве ў фінансавай сферы.

Крэдытная праграма з МВФ на 3 млрд даляраў актыўна абмяркоўвалася ўвесь мінулы год. У лістападзе 2015 года ў Беларусі працавала місія МВФ, кіраўнік якой, Пітэр Долман, адзначаў, што гаворка ідзе пра трохгадовую праграму з акцэнтам на глыбокія структурныя рэформы і ўзмацненне ролі прыватнага сектара. Аднак па выніках абмеркавання боку паведамілі, што для падрыхтоўкі праграмы патрабуецца больш часу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?