Будынак першай мінскай электрастанцыі, які разабралі з-за будаўніцтва гасцініцы каля парку Горкага, ужо не аднавіць.

Замест гэтага чыноўнікі прапануюць увекавечыць імя графа Чапскага (ён стаў мэрам Мінска ў 1890 годзе), стварыўшы макеты будынкаў, якія былі пабудаваныя пры яго жыцці. Такую ідэю выказаў начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі.

Паводле яго слоў, канкрэтных тэрмінаў па аднаўленні электрастанцыі няма. Згодна з указам прэзідэнта, Міністэрства культуры сумесна з Мінгарвыканкамам і кампаніяй «Трайпл» (менавіта яна будавала гасцініцу) павінны прыняць узгодненае рашэнне па гэтым пытанні. Ігар Чарняўскі запэўніў, што варыянты рашэнняў прапрацоўваюцца, але тыя прапановы, што ўжо разглядаліся, не задавальняюць Міністэрства культуры.

— Выкажу асабіста маё меркаванне. Аднавіць будынак ужо немагчыма, але можна паглядзець на гэтую тэму больш шырока. Мы ўсе чуем, бачым па тэлевізары імя графа Чапскага. А што мы пра яго ведаем? Што мы бачым? Акрамя завода «Аліварыя», у Менску магла б быць створана пляцоўка, дзе было б ўвекавечана яго імя. Водаправод, электрычнасць у Менску ў тыя часы былі зробленыя ў тым ліку за яго асабістыя сродкі. Напэўна, варта было б ўсталяваць яму помнік, аднавіць там элементы электрастанцыі, паставіць макеты знакавых будынкаў, якія былі створаныя ў перыяд яго дзейнасці ў Мінску. Поле творчасці ёсць для архітэктараў, хацелася б, каб яны больш актыўна і ўедліва ўрэзаліся ў гэтую тэму, — сказаў Ігар Чарняўскі.

Нагадаем, будынак першай гарадской электрастанцыі пабудавалі пры Каралі Чапскім. Пабудова канца XIX — пачатку XX стагоддзя ўяўляла ўзор неагатычнай індустрыяльнай архітэктуры. Пасля вайны ад яе першапачатковага выгляду захавалася толькі два фрагменты, астатнюю частку будынка аднавілі ўжо ў іншым стылі. Тым не менш збудаванне значылася ў пераліку гісторыка-культурных каштоўнасцяў.

Калі ўчастак, на якім размешчана электрастанцыя, аддалі інвестару пад будаўніцтва гасцініцы каля парку Горкага, фрагменты электрастанцыі вырашылі дэмантаваць і перанесці іх на новае месца. Гасцініца да гэтага часу не дабудаваная.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?