Сяргей С. і Ларыса С. у калідоры суда Фота: Ігар Мацвееў

Сяргей С. і Ларыса С. у калідоры суда Фота: Ігар Мацвееў

Суд Чыгуначнага раёна Віцебска сёння разгледзеў адміністрацыйную справу па арт. 24.4 КаАП (заведама лжывыя тлумачэнні або заявы) у дачыненні да Ларысы С., маці начальніка аднаго з РАУС абласнога цэнтра, палкоўніка міліцыі Сяргея С. Жанчына прызнана вінаватай у дачы лжывых паказанняў і аштрафаваная на 10 базавых — 2,1 млн рублёў.

З іскавай заявай у суд звярнулася ДАІ УУС Віцебскага аблвыканкама. Бок істца ў працэсе прадстаўляюць начальнік МРА ДАІ УУС Віцаблвыканкама Аляксандр Сцяпанаў і інспектар па вышуку батальёна ДПС Сяргей Пракудзенка. Адказчыцай выступае Ларыса С., якая, на думку супрацоўнікаў ДАІ, ілжэсведчыла падчас разгляду адміністрацыйнай справы за п'янае кіраванне і стварэнне аварыйнай абстаноўкі ў дачыненні да яе сына, начальніка РАУС, палкоўніка міліцыі Сяргея С.

Артур Я., які спыніў аўтамабіль з нецвярозым палкоўнікам міліцыі за рулём

Артур Я., які спыніў аўтамабіль з нецвярозым палкоўнікам міліцыі за рулём

У суд у якасці сведкаў былі выкліканы Артур і Аліна, а таксама адна са сведкаў з боку сям'і С. — Л. Ю., якая займае пасаду галоўнага бухгалтара на буйным віцебскім прадпрыемстве.

— Сяргей і Ларыса С., а таксама Людміла Ю. падчас разгляду справы давалі заведама лжывыя паказанні. Гэта пацверджана запісамі відэакамер, усталяваных на месцы інцыдэнту, а таксама супярэчнасцямі ў паказаннях сына і маці, — распавядаў суду прадстаўнік ДАІ Аляксандр Сцяпанаў.

Усе ўдзельнікі адміністрацыйнага працэсу, паведаміў прадстаўнік ДАІ, давалі такія супярэчлівыя паказанні, таму было прапанавана прайсці праверку паліграфам — так званым «дэтэктарам хлусні»: «Артур і Аліна ўдзельнічалі ў апытанні з выкарыстаннем паліграфа — прыкмет хлусні ў іх словах не выяўлена, сям'я С. адмовілася ад праверкі».

Палкоўнік не адмаўляе таго, што ў момант інцыдэнту ён быў п'яны — агляд паказаў больш за 2 праміле. Паводле яго слоў, выпіў ён таму, што «ў той дзень у сям'і адбылася важная падзея — з радзільні забралі яго пляменніка». Але Сяргей С. настойвае, што ён знаходзіўся на пасажырскім сядзенні, а за рулём была яго маці.

У ДАІ ўпэўнены: палкоўнік і яго маці давалі заведама лжывыя тлумачэнні.

— Стаўкі высокія, — казаў суду Сцяпанаў. — Маці і не на такое пойдзе дзеля сына. Бо, калі пацвердзіцца, што С. кіраваў аўтамабілем, будучы нецвярозым, у яго выпадку гэта пацягне не толькі адміністрацыйную адказнасць, але і звальненне з органаў унутраных спраў.

Пенсіянерка Ларыса С. у судзе пацвердзіла свае папярэднія паказанні — цалкам. У момант інцыдэнту вадзіцельскае пасведчанне ў пенсіянеркі з сабой адсутнічала, хоць увогуле правы ў яе ёсць, стаж кіравання — каля 30 гадоў.

Сведка Людміла Ю. паведаміла, што «яна да машын падыходзіла, але цяпер разумее, што нічога не памятае і не бачыла, хто выходзіў з-за руля». Заўтра, дарэчы, сведку чакае суд у іншым раёне Віцебска: ДАІ звярнулася з пазовам аб ілжэсведчанні і да яе.

40-гадовы Сяргей С. і на судзе прытрымліваўся паказанняў, дадзеных раней: «Я ўпэўнена заяўляю, што менавіта мая маці ў той дзень кіравала машынай».

Палкоўнік міліцыі ў судзе паспрабаваў абвінаваціць маладых людзей — Артура і Аліну — у змове з супрацоўнікамі ДАІ. Суддзя была здзіўленая.

На запісе відэакамеры, канфіскаванай у ДАІ, відаць, што ўвечары 20 лютага і С., і інспектары называюць адзін аднаго на «ты».

— Мне здаецца, праверка па маёй справе вядзецца неаб'ектыўна. Пасля інцыдэнту мяне папрасілі напісаць рапарт аб звальненні. Я не стаў гэтага рабіць — і пачаўся прэсінг, — скардзіўся Сяргей С., мабыць, на службовых асоб УУС.

— Сведчанні сям'і С. мяняліся на працягу ўсяго адміністрацыйнага працэсу ў залежнасці ад зменлівых акалічнасцяў. Гэта рабілася для таго, каб Сяргей Аляксандравіч мог сысці ад адказнасці, — упэўнены прадстаўнік ДАІ Сцяпанаў.

Маці Сяргея С., пенсіянерка Ларыса, перад пасяджэннем паведаміла журналістам, што, на яе думку, «працэс у дачыненні да яе сына вядзецца неаб'ектыўна, на яго аказваецца ціск з боку УУС». У размове з журналістамі жанчына чамусьці называе 19-гадовага Артура Я. «непаўналетнім школьнікам» і скардзіцца, што «яе здзіўляе, чаму Артур і Аліна вырашылі такім чынам зарабіць грошай, выбіваючы ў іх 300 даляраў».

Жанчына прызнаная судом вінаватай у дачы лжывых паказанняў і аштрафаваная на 10 базавых — 2,1 млн рублёў. Яна збіраецца абскардзіць рашэнне суда.

Нагадаем, вечарам 20 лютага на Маскоўскім праспекце ў Віцебску Артур Я. і яго дзяўчына Аліна Б. затрымалі за рулём Hyundai Sonata п'янага, па іх словах, начальніка РАУС, забралі ў яго ключы ад аўто і выклікалі ДАІ.

Гэтую сітуацыю палкоўнік Сяргей С. і яго маці-пенсіянерка Ларыса С. трактуюць па-свойму: нібыта за рулём быў не палкоўнік, а яго мама, а Артур адабраў ключы ад іх аўто, каб заняцца дарожным вымагальніцтвам.

Агляд у ДАІ паказаў, што палкоўнік быў моцна п'яны — у яго крыві было больш за 2 праміле алкаголю. Ён часова адхілены ад выканання абавязкаў.

Маці палкоўніка звярнулася ў СК з просьбай правесці праверку і завесці ў дачыненні да Артура крымінальную справу за вымагальніцтва. Следчы не знайшоў у ягоных дзеяннях складу злачынства і праверку спыніў — аднак нядаўна яе аднавілі. У сваю чаргу супрацоўнікі міліцыі шукалі ў дзеяннях Артура склад правапарушэння «самаўпраўства» — і, як стала вядома праз дзень пасля публікацыі артыкула на TUT.BY, не знайшлі яго.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?