У мінскай Гістарычнай майстэрні імя Леаніда Левіна адбылася лекцыя «Аб’яднанне Германіі — глабальная бітва за Еўропу». Яе чытаў сусветна вядомы нямецкі гісторык і філосаф Аляксандр фон Плата.

Ён пагутарыў з больш як сотняй палітыкаў, дыпламатаў найвышэйшага рангу — людзей, ад якіх, як адзначыла арганізатар сустрэчы, гісторык Ірына Кашталян, пачуць праўду складаней за ўсё. Па выніках гэтых інтэрв’ю была створаная серыя дакументальных фільмаў «Адзін год: 1989».

«Бацькі адзінства»: помнік Бушу, Гарбачову і Колю ў цэнтры Берліна.

«Бацькі адзінства»: помнік Бушу, Гарбачову і Колю ў цэнтры Берліна.

Кожны — галоўны

Большасць тых, хто карыстаецца метадамі вуснай гісторыі, фіксуе сведчанні «маленькіх людзей», вывучаючы так уздзеянне вялікіх падзей на жыццё грамадства. Аднак спадара фон Плата цікавяць вялікія падзеі і іх удзельнікі.

Адзіная пісьмовая крыніца па працэсах уз’яднання Германіі — дыпламатычныя пратаколы. Яны і блізка не даюць гісторыку той карціны, якую дае інтэрв’ю. Тут можна даведацца пра нефармальныя рэчы, якія часам ігралі ключавую ролю, пра тое, як палітыкі ацэньвалі адно аднаго.

Многае могуць сказаць манера і спосаб падаць сябе, расказвае фон Плата: «Калі мы прыехалі ў Тэхас здымаць інтэрв’ю з экс-дзяржсакратаром ЗША Джэймсам Бэйкерам, ён запрасіў нас у інстытут свайго імя, дзе на ўваходзе нас сустрэлі бюсты яго і яго жонкі. У яго кабінеце пісьмовы стол знаходзіўся на ўзвышэнні, і мне давялося б гутарыць з Бэйкерам, гледзячы на яго знізу ўверх. Я прапанаваў перайсці ў іншае памяшканне. Там стол ужо стаяў звычайны, а ўсе сцены былі абвешаныя карыкатурамі на Бэйкера».

Кожны з палітыкаў імкнуўся паказаць сябе рухавіком палітычных працэсаў.

Напрыклад, з інтэрв’ю дарадцы Тэтчар вынікала, нібы менавіта «жалезная лэдзі» кіравала ў сусветнай палітыцы, Рэйган ваду падносіў, а іншыя ўвогуле былі ўпрыгожваннем на сценах, з усмешкай кажа прафесар.

 

Цяжкі шлях

Уз’яднанне Германіі, на думку фон Плата, было гвалтоўным канфліктам.

Сведчаннем глыбокага крызісу ГДР у канцы 1980-х сталі масавыя ўцёкі грамадзян з краіны.

Усходнія немцы абклалі пасольствы ФРГ ва Усходнім Берліне, Празе і Варшаве. Да верасня 1989 прыём бежанцаў з ГДР спыніўся — такі быў іх наплыў. Суседнія краіны, праз тэрыторыю якіх немцы спрабавалі трапіць у ФРГ, цягнікамі вывозілі іх на радзіму, у ГДР. Па дарозе здараліся канфлікты, напрыклад, крывавая сутычка ў Дрэздэне.

Эмігранты з ГДР перад пасольствам ФРГ у Празе.

Эмігранты з ГДР перад пасольствам ФРГ у Празе.

Камуністычнае кіраўніцтва ГДР, баючыся страціць кантроль над сітуацыяй, вымушанае было легалізаваць апазіцыю.

І ўжо ў канцы 1989-га апазіцыйныя групоўкі маглі сабраць мільён подпісаў з патрабаваннем палітычнага прызнання.

 

«Міхаіл Сяргеевіч, ГДР — Ваша дзіця»

Гарбачоў і Хонэкер.

Гарбачоў і Хонэкер.

6 кастрычніка 1989 Гарбачоў прыехаў на святкаванне 40-годдзя ГДР.

Ужо тады паміж Гарбачовым і Хонэкерам была нацягнутасць. Калі савецкая дэлегацыя прызямлілася ва Усходнім Берліне, то пабачыла дэманстрантаў з прагарбачоўскімі лозунгамі,

тое ж было і на шляху дэлегацыі. Сярод усіх дэманстрантаў толькі адзін стаяў з плакатам у падтрымку Хонэкера. Можа, гэта і легенда, адзначыў лектар, але яна паказвае настроі ў ГДР. На вечаровай імпрэзе калона нямецкага камсамолу, якая праходзіла перад Габачовым, раптам пачала скандаваць: «Горбі, выратуй нас!»

Па ад’ездзе савецкай дэлегацыі ў ГДР пачаліся сур’ёзныя зрухі. Па-першае, улады ўпершыню разагналі апазіцыйную дэманстрацыю. Па-другое, апазіцыйная частка палітбюро змясціла з пасады старшыню Эрыха Хонэкера. На яго месца ставяць Эгана Крэнца.

Ужо ў першы візіт да Гарбачова Крэнц намаляваў рэалістычную карціну становішча ў ГДР.

Эган Крэнц.

Эган Крэнц.

Раней Гарбачова запэўнівалі, што ў ГДР палітычная і эканамічная стабільнасць — а ён рады быў верыць, асабліва на фоне падзей у СССР. Крэнц тады сказаў: «Міхаіл Сяргеевіч, ГДР — Ваша дзіця. Вы ўсё яшчэ прызнаеце бацькоўства?» Гарбачоў адказаў: «Зразумела, прызнаём. Ніводзін палітык ад Буша да Андрэоці не падтрымае ўз’яднанне Германіі».

Але адначасова Гарбачоў раіў Крэнцу наладжваць сувязі з ФРГ — эканоміка СССР не магла больш даціраваць Усходнюю Германію.

Улады Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі ўспрынялі збліжэнне Германій з трывогай: асцерагаліся парушэння балансу сілаў у свеце.

 

Кур’ёз, які запусціў уз’яднанне

Калі ў Бон на сустрэчу з дарадцам кіраўніка ФРГ Гельмута Коля прыехаў дарадца Гарбачова Мікалай Партугалаў, ён прывёз дзве паперы: афіцыйную — пра разрадку ды падтрыманне добрых стасункаў з Захадам і паўафіцыйную, званую ў дыпламатыі non-paper.

У ёй было сфармулявана пытанне: калі аб’яднанне Германіі адбудзецца, дык на якіх умовах і які ўдзел у гэтым працэсе возьмуць НАТА і ЗША?

У Боне былі ў шоку: яны не чакалі, што ў СССР думка пра ўз’яднанне Германіі зайшла настолькі далёка!

Гельмут Коль.

Гельмут Коль.

Падчас інтэрв’ю гісторык выявіў, што той паўафіцыйны дакумент склаў сам Партугалаў з уласнай ініцыятывы, у нумары бонскага гатэлю напярэдадні сустрэчы.

Вынікам кур’ёзу стала абвяшчэнне канцлерам ФРГ Гельмутам Колем праграмы «10 пунктаў», у якой гаварылася пра неабходнасць пераадолець падзел Германіі і падзел Еўропы.

 

«Таўстун захоча і гэта вярнуць!»

Праграма «10 пунктаў», з сённяшняга гледзішча не такая і радыкальная, прагучала як выбух бомбы для сусветных лідараў.

«Так бы з намі не паводзіў сябе нават Гітлер!» — зазначыў міністр замежных спраў СССР Эдуард Шэварнадзэ.

Маргарэт Тэтчар.

Маргарэт Тэтчар.

Прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Маргарэт Тэтчар была раз’юшаная.

Падчас нефармальнай сустрэчы з прэзідэнтам Францыі Франсуа Мітэранам яна дастала мапы Еўропы 1937 і 1989 гадоў і, стукнуўшы кулаком па тэрыторыі, якая пасля Другой сусветнай адышла ад Германіі да Польшчы, сказала: «Вось пабачыце, таўстун [Гельмут Коль – Рэд.] захоча і гэта ўсё вярнуць!»

Франсуа Мітэран.

Франсуа Мітэран.

Мітэран падтакваў, але насамрэч яго аб’яднанне Германіі не палохала. Ён асцерагаўся толькі, што яно пойдзе занадта хутка і зашкодзіць працэсу інтэграцыі Еўропы.

Затое прэзідэнт ЗША Джордж Буш-старэйшы ўзрадаваўся. Ён імкнуўся выцесніць СССР з палітычнай сцэны і збіць папулярнасць Гарбачова.

Праз тры дні пасля абвяшчэння «10 пунктаў» Буш адзначыў, што аб’яднанне Германіі адбудзецца дэмакратычным і мірным шляхам і пройдзе пад дахам НАТА. СССР абурыўся, аднак быў бяссільны.

Прафесар фон Плата паказаў вымушаную эвалюцыю стаўлення СССР да аб’яднання Германіі: за суіснаванне сацыялістычнай і капіталістычнай Германій — да 24 студзеня 1990; за аб’яднанне Германіі пры ўмове вываду амерыканскіх войскаў з Еўропы — пасля 24 студзеня. У канцы студзеня Гарбачоў быў згодны на ўз’яднанне пры ўмове стварэння нейтральнай «новай Германіі». А ў сакавіку 1990 СССР прапанаваў ліквідаваць Варшаўскі блок і НАТА і стварыць новую сусветную арганізацыю, у якую аб’яднаюцца ЗША, СССР і Еўропа. Калі б гэта прапанова была выказаная раней, адзначае фон Плата, гісторыя магла б пайсці зусім іншым шляхам.

 

Дзіўная наіўнасць Гарбачова

Доктар фон Плата, які гутарыў з Гарбачовым, адзначае дзіўную наіўнасць былога прэзідэнта СССР.

Ён марыў пра адкрытую дыпламатыю, калі б кожны палітык адкрыта казаў, што думае, абмяркоўваў бы гэта з усімі як з роўнымі партнёрамі.

Гэта сімпатычна, адзначыў лектар, але дзіўна, што Гарбачоў мог у такое верыць.

Цікава, што як свайго выхаванца Габачова разглядала Тэтчар. Яны стэлефаноўваліся, кансультаваліся. Іх адносіны апынуліся пад пагрозай, калі ў краінах Балтыі пачаліся выступленні.

Для Захаду савецкая ўлада ў Балтыі заўжды выглядала як часовая з’ява, прыкрае наступства пакту Молатава-Рыбентропа.

У лютым 90-га Тэтчар тэлефанавала Гарбачову і пераконвала не ўводзіць войскі ў краіны Балтыі — гэта б узмацніла так званых «ястрабаў» у савецкім кіраўніцтве, прыхільнікаў гвалтоўных дзеянняў.

Дыпламатыя ў піжамах

11 лютага 1990 падчас канферэнцыі ў Атаве было вырашана стварыць групу для падрыхтоўкі аб’яднання Германіі ў фармаце «2+4»: ГДР, ФРГ + Вялікабрытанія, ЗША, СССР, Францыя. Для падпісання дамовы ўсе бакі сабраліся ў Маскве.

У ноч напярэдадні прадстаўнік Вялікабрытаніі Вестэрн звярнуўся да дзяржсакратара ЗША Бэйкера з прапановай дамагчыся дыслакацыі 70-тысячнага войска НАТА на тэрыторыі ГДР.

Калі ідэю агучылі ў шырокім коле, Шэварнадзэ папярэдзіў: «Паставіце пытанне на парадак дня — мы адмаўляемся ад усяго, пра што было раней дамоўлена».

Па начной Маскве нямецкая дэлегацыя на чале з Дзітрыхам Геншарам ішла ў гатэль, дзе спыніліся амерыканцы.

Начны парцье не змог іх стрымаць. Хутка ўся амерыканская дэлегацыя ў піжамах і халатах спусцілася ў хол. Знерваваны Геншар кінуў Бэйкеру: «Калі ты будзеш падтрымліваць брытанцаў, перамовам канец!» У тую ж ноч Бэйкер скантактаваўся з брытанцамі і дамовіўся не настойваць на размяшчэнні войскаў.

Назаўтра дамова пра «канчатковае ўрэгуляванне адносна Германіі» была падпісаная.

Падпісаўшы дамову, старшыня савета міністраў ГДР Лотар дэ Мезьер паклаў асадку ў кішэню. Усе іншыя дыпламаты, паглядзеўшы на яго, зрабілі тое самае. 3 кастрычніка Германія афіцыйна аб’ядналася, цяпер гэта свята — Дзень нямецкага адзінства.

Вяртанне эмігрантаў з ГДР пасля ўз'яднання Германіі.

Вяртанне эмігрантаў з ГДР пасля ўз'яднання Германіі.

Што калі б?..

Калі б брытанцы і амерыканцы настойвалі на ўвядзенні войск НАТА ў ГДР, ці пайшла б гісторыя іншым шляхам? «Перамовы працягваліся б, — адказвае фон Плата — бо ніводны з бакоў не быў зацікаўлены ў іх спыненні».

Нават Тэтчар была задаволеная: аб’яднаная Нямеччына ж будзе ў складзе НАТА!

А кантынгент натаўскіх войск на адной тэрыторыі з савецкімі стварыў бы неспакойную абстаноўку ў свеце. ФРГ гэта разумела і выступала за нейтралітэт. Яе падтрымліваў Мітэран, які імкнуўся больш супрацоўнічаць з СССР і Гарбачовым.

Цікаўныя немцы з ФРГ зазіраюць на тэрыторыю ГДР праз дзірку ў муры.

Цікаўныя немцы з ФРГ зазіраюць на тэрыторыю ГДР праз дзірку ў муры.

Пуцінская Расія — вынік пагарды Захаду

Стаўленне Захаду да СССР і Расіі ў 1990-я прафесар фон Плата лічыць несправядлівым.

«Яны былі выцесненыя з сусветнай палітычнай сцэны, і як вынік — Пуцін з яго недэмакратычнай палітыкай цяпер мае такую падтрымку.

Для расейцаў 1980-90-я і дэмакратыя асацыююцца з эканамічным крызісам, стратай моцнай пазіцыі ў свеце. Таму Гарбачоў, такі папулярны на Захадзе, такі непапулярны на радзіме. А тое, што цяпер адбываецца ў адносінах Захаду і Расіі — не класічная халодная вайна, але гэта можна лічыць нечым падобным».

 

Беларусь чакаюць гістарычныя змены

Аляксандр фон Плата пэўны, што гісторыя паўтараецца, што магчымасці і альтэрнатывы, некалі закладзеныя, але нерэалізаваныя, могуць адбіцца на падзеях праз пяць-дзесяць-дваццаць-сорак гадоў.

А гістарычныя працэсы і канфлікты, не былі вырашаныя, а толькі прыхаваныя, — вяртаюцца, але ва ўскладненым выглядзе.

«Мяне ўсё жыццё цікавілі буйныя падзеі ХХ стагоддзя, што закраналі адносіны паміж Захадам і Усходам. А цяпер мяне цікавіць Беларусь у бліжэйшай перспектыве, — кажа фон Плата. — Захад доўгі час не звяртаў увагі на Беларусь. Але вага Беларусі ў свеце расце. І мне цікава, што будзе, калі Захад пачне глядзець на Беларусь не толькі як на эканамічнага партнёра, але і ў геапалітычным кантэксце».

* * *

Аляксандр фон Плата

гісторык, доктар габілітаваны, заснавальнік і дырэктар «Інстытута гісторыі і біяграфіі» ў Адкрытым універсітэце Хагена, Германія (да 2007), сузаснавальнік і сувыдавец часопіса па біяграфічных даследаваннях і вуснай гісторыі BIOS, сузаснавальнік «Міжнароднай вуснагістарычнай асацыяцыі». Мае шматлікія публікацыі, фільмы і інсталяцыі па тэмах: сучаснасць, ментальнасць і вуснагістарычны метад, апошняя дэкада аб’яднання Германіі, дысідэнцтва ва Усходняй і Цэнтральнай Еўропе, прымусовая праца падчас Другой сусветнай вайны.

* * *

Гэта толькі першая лекцыя ў межах сумеснага праекта Гістарычнай і майстэрні і Беларускага архіва вуснай гісторыі. Сачыць за аб’явамі можна на сайце Беларускага архіва вуснай гісторыі і Гістарычнай майстэрні імя Леаніда Левіна.

20 красавіка а 16-й нямецкі гісторык Томас Бон прадставіць у мінскай Гістарычнай майстэрні (Сухая, 25) беларускае выданне кнігі «Мінскі феномен. Гарадское планаванне і ўрбанізацыя ў Савецкім Саюзе пасля 1945 г».

У межах прэзентацыі прафесар раскажа пра сваё бачанне беларускай сталіцы як сацыялістычнагагорада, створанага пасля Другой сусветнай вайны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?