Пачытаў дыскусію вакол дапрацаванага Кодэксу «Аб культуры», які, як і ўсё найлепшае ў нашай краіне, не мае аналагаў у свеце, паглядзеў гэтае відэа, прымераў на сябе: «сертыфікат творчага работніка»«крытэрыі прафесіяналізму», якія ёсць «і ў выяўленчым», «і ў музычным», «і ў выканальніцкім мастацтве» (i, безумоўна, у прозе – куды ж без яе?). Спачатку, канечне, узнікла пытанне: і чаго, блін, яны ад нас хочуць? Акрамя грошай за нашае дармаедства? Якіх у нас няма, нездарма ж мы дармаеды. Дык чаго?

Чаго насамрэч? Вось калі шчыра?

Пачаў думаць. Пра апранутага Гуркова. Пра аголенага Айвана. Пра ваўкоў. Пра Дробыша, да якога пытанняў няма і не будзе. Пра Вайцюшкевіча і Хлястова, пра гурт «Дразды» і гурт Brutto, пра Святлану Алексіевіч і Ірыну Дарафееву. І раптам зразумеў.

Мы ўсе — не такія, як трэба. Праблема не толькі ў агульным узроўні культуры, якой нам катастрафічна бракуе. Мы не падыходзім пад крытэрыі нармальнасці. А крытэрыі тыя вельмі простыя. Іх можна нават сфармуляваць.

Такім чынам: якім жа мусіць быць сапраўдны творчы чалавек у Беларусі, каб да яго не ўзнікала пытанняў на розных узроўнях? Каб ён чытаў праект Кодэкса «Аб культуры» без унутраных дрыжыкаў?

1. Ён павінен валодаць нотнай граматай, бо інакш прафесіяналізм яго даволі цяжка пацвердзіцьНотную грамату можна вывучыць у інтэрнэце ці скачаць на сотавы тэлефон, дарагі Эрал. Калі ты танцор, то замест граматы мусіш ведаць, як выканаць «Танец маленькіх лебедзянятак» Чайкоўскага. Нават без музыкі. Вось пасярод ночы ў казарме цябе разбудзі – і станцуеш. Швэркаючы чэшкамі па падлозе. Тады пытанняў няма. Тады талент. Калі ты паэт, тады мусіш зарыфмаваць выразы: «Ілля Макаравіч», «65 гадоў», «працоўны стаж», «фрэзероўшчык-наладчык другога разраду», «служыў на Курылах», «выхад на пенсію» і «калектыў сардэчна віншуе з заслужаным адпачынкам» па секундамеры, за дзве хвіліны. Калі мастак – забацаць партрэт члена кваліфікацыйнай камісіі алоўкам ці акварэллю. І каб падобна! Тады пашана, салон і майстэрня праз 25 гадоў. Для празаікаў мусіць быць асобны комплексны экзамен, бо яны самыя паганыя. Бывае, і літары чэл ведае, і па клавіятуры ляпаць навучыўся, а ў вочы зазірнеш – вораг ворагам.

2. Дзеяч культуры ў сваёй дзейнасці не мусіць кранацца палітыкі. Сапраўдныя тэмы – адвечныя. Лебедзі. Жоўтае лісце пад кастрычніцкім дажджом. Месяц у чорным небе. Плача ноч сузор’ямі. Не, вось апошняга не трэба! Палітыкі варта пазбягаць і ў пазамастацкай дзейнасці. З тэм, звязаных з грамадскім жыццём, варта плаўна саскокваць падчас інтэрв’ю. Варыянты саскокаў: «Я бачыў тэлевізар, нічога там не зразумеў». Ці: «Я вольны ў любой краіне. Мы апалітычныя, бо палітыка антычалавечная і негуманная адпачатку». Народ наняў вас дзеля таго, каб вы яго весялілі. А як правільна жыць, народ і ўлада і самі разбяруцца.

3. Дзеяч культуры не мусіць атрымліваць Нобелеўскай прэміі як неадпаведнай духоўнасці Рэспублікі Беларусь. Швецыя захоўвала нейтралітэт падчас Другой Сусветнай вайны, і сапраўдны дзеяч культуры не можа ёй гэтага дараваць. Дзеяч культуры мусіць атрымліваць прэмію «За духоўнае адраджэнне» і Ордэн Францыска Скарыны імя Віктара Дробыша.

4. У творчасці варта пазбягаць тэм, звязаных з Другой сусветнай вайной, партызанскім рухам, бо тут лёгка памыліцца ў інтэрпрэтацыях. Гэта ж тычыцца ВКЛ, БНР ды іншых слаба даследаваных гістарычных утварэнняў. Асабліва на фоне змянення афіцыйнага стаўлення да пэўных архіўных нюансаў і асоб у залежнасці ад бягучага крэдытнага статусу адносін з Расіяй. У творчасці таксама варта пазбягаць саміх стасункаў з Расіяй. Жарты кшталту «А сапраўдны Дзень яднання рускіх і беларусаў варта адзначаць 8 верасня» катэгарычна непрымальныя. Таксама асцярожна трэба датыкацца тэм, набліжаных да Еўразвязу, бо тут бываюць хуткія змены курса, якія могуць прайсці, калі кніжка ўжо здадзеная ў друк, а песня ўжо ратуецца па 75-працэнтнай квоце на FM. Наогул, ведайце сваё месца: яно па-за геапалітыкай, бліжэйшае да сядзення тамады за сталом.

5. Работнік культуры не мусіць быць надзвычай папулярным. Бо яму будуць зайздросціць астатнія, нармальныя, калегі, а гэта прывядзе да валу ананімак, даносаў ды паклёпаў – кантралёры забадаюцца ўсё гэта правяраць.

6. Дзеяч культуры мусіць быць гатовы заўсёды з разуменнем паставіцца да прапановы вылучэння яго ў райаблсавет, а таксама ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, асабліва калі гэты дзеяч культуры – жанчына. Творчы работнік заўсёды рады агучыць віншаванне жыхарам Фрунзенскага раёна горада Мінска з 65-годдзем Фрунзенскага раёна. Голас мусіць быць урачыстым, інтанацыі – бадзёрымі. Вы несяце людзям радасць ды бесклапотнасць, парэпетуйце дома. Патрэбны тэмбр можа быць пазычаны на дзіцячым ранішніку. Гэтым жа тонам пажадана выступаць на тэлебачанні, калі вас туды запросяць. Свята. Вы павінныя яго выпраменьваць. Інакш які вы дзеяч культуры?

7. На банкетах пасля абрання дэпутатам аблсавета, на святкаванні «Дажынак» ці раённым Дні беларускага пісьменства паэт мусіць прамаўляць вершаваныя тосты, якія варта падрыхтаваць загадзя (раім спампаваць з інтэрнэту – там яны ўжо ёсць, на тым узроўні, які запатрабаваны мэтавай аўдыторыяй). Мастак мусіць маляваць іншых удзельнікаў банкету, танцор – танцаваць «Танец маленькіх лебедзянятак» Чайкоўскага ў чэшках ці без іх. Пад заканчэнне банкету пажадана выпіць прыкметна болей за іншых слуг народа, каб прадстаўнікам народнай гаспадаркі, вертыкалі і сілавых структур было прыемна, што не яны самыя п’яныя. Гэта дадасць вам апаратнай вагі і дазволіць рухацца па творчай лесвіцы выключна ўверх.

8. Пры гэтым адразу, на першых кроках, трэба вывучыцца жыць на тры з паловай мільёны і не жаліцца на тарыфную стаўку. Помні: усё вартае ў гэтай краіне ўсё роўна фінансуецца праз краўдфандынг, дзяржбюджэт патрэбны на сілавыя структуры і вертыкаль. Трэба насіць стракаты шалік дзіркамі ўнутр, выведаць, у якіх сэкандах прадаюцца найлепшыя велюравыя пінжакі ды ўмець не меней за дзесяць хвілін разважаць пра перавагу французскіх вустрыц над малюскамі з Мексіканскага заліва. Вы багема, галота! Памятайце пра гэта!

9. Пажадана, каб у момант уваходу ў зеніт тутэйшай славы зорка культуры і мастацтва была ўжо мёртвай. Бо інакш яна можа знянацку ўвайсці ў які-небудзь не той аргкамітэт ці, наадварот, выйсці з якой-небудзь той федэрацыі. Ды яшчэ і са скандалам. Ці проста даць вось такое інтэрв’ю. І што з ім пасля гэтага рабіць? А мёртвы ўжо не памыліцца! Мёртвыя значна лепшыя за жывых, іх і варта прасоўваць. Самы недаацэнены дзеяч беларускай культуры – Міхаіл Мікалаевіч Мураўёў (1796–1866).

10. Перачытаў прынцыпы і зразумеў, што іх варта распаўсюдзіць на ўсіх грамадзян Рэспублікі Беларусь, не толькі на культурных работнікаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?