Суд Цэнтральнага раёна Мінска 19 красавіка вярнуў на дапрацоўку пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні, складзеныя ў дачыненні да актывіста апазіцыі і лідара руху салідарнасці «Разам» Вячаслава Сіўчыка. Сваё рашэнне суд абгрунтаваў тым, што час і месца правапарушэння не адпавядаюць пратаколу затрымання, паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.

Палітык быў затрыманы міліцыяй у тры гадзіны ночы 19 красавіка. Яго абвінавачваюць у дробным хуліганстве і непадпарадкаванні патрабаванням міліцыі (арт. 17.1 і 23.4 КоАП).

Перад пачаткам суда Сіўчык паведаміў, што ўначы вяртаўся дадому, аднак супрацоўнікі міліцыі сілай выцягнулі яго ўжо з пад'езда і адвезлі ў Цэнтральнае РУУС. «Я быў без акуляраў, а таму не меў нават тэарэтычных магчымасцяў падпісаць пратаколы. Ніхто мяне не апытваў, нічога не казаў. Адзінае, чамусьці афіцэры казалі, што «ўладу мне не аддадуць», — зазначыў ён.

Сіўчык прасядзеў у камеры да 14 гадзін, пасля чаго яго павезлі ў суд. «Зразумець, навошта я там знаходзіўся столькі часу, не магу», — сказаў ён.

Праваабаронцы ўжо выказалі занепакоенасць працэдурай затрымання Сіўчыка. «Апошнім часам супрацоўнікі міліцыі актывістаў не затрымлівалі: пратаколы складаліся на месцы, у міліцыі затрымлівалі максімум на гадзіну, — адзначыла праваабаронца Анастасія Лойка. — Сіўчык жа ў РУУС знаходзіўся працяглы час, затрымалі яго ноччу, для Мінска за апошнія паўгода гэта неардынарны выпадак».

Нагадаем, у верасні 2015 года Сіўчык вярнуўся ў Беларусь пасля некалькіх гадоў эміграцыі. Ён вымушаны быў з'ехаць з краіны пасля падзеяў 19 снежня 2010 года, баючыся пераследу. Знаходзячыся ў эміграцыі, у 2012 годзе ён зарэгістраваў у Чэхіі міжнароднае грамадскае аб'яднанне «Рух салідарнасці «Разам». Дзейнасць аб'яднання была накіраваная на падтрымку дэмакратыі ў Беларусі і Украіне. Цяпер рух у Беларусі дзейнічае ў статусе аргкамітэта.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?