12:35

Выступ скончаны. Цяпер павінны быць пытанні ад дэпутатаў.

12:29

«Калі мы згубім з Захадам тэмпы нашым адносін, то мы перастанем быць цікавыя адзін аднаму», — кажа Лукашэнка. Ён ахарактаразаваў сённяшні стан як «гаварыльню». Беларусь жа найперш зацікаўленая ў эканамічных адносінах.

Лукашэнка занепакоены, каб у Еўропе не была праведзеная новая раздзяляльная лінія, бо яна пройдзе якраз па Беларусі.

12:23

«Беларусь – гэта апірышча беспекі ў рэгіёне», — кажа Лукашэнка, ён падкрэслівае

«Расія – наш саюзнік, партнёр. І ў Расіі некаторым трэба спыніцца казаць, што ў нас тут мяккая беларусізацыя, нейкі паварот. Мы былі і будзем братамі. Перад мной еўрапейцы і амерыканцы такога не ставілі: ці вы з Захадам, ці з Расіяй. А ў Расіі многія ставяць.

Я хачу сказаць расійскаму кіраўніцтву, што мы ніколі не будзем хлопчыкамі на пабягушках. Я не разумею, чаму многія ў Расіі на гэтым закліваюцца. Мы адзін народ. Мы не вернемся да тых нацменаўскіх часоў, калі глядзелі колькі ў беларусаў рускай крыві.

Мы ніколі не будзем жыць па-за славянскім светам, які стварылі рускі, беларус і ўкраінец.

Кажуць, калі не прадалі МЗКТ, то будзем на базе КамАЗа ствараць такую вытворчасць, а як жа дамова не ствараць альтэрнатыўную вытворчасць?»

12:17

«Беларусь павінна быць гатовая супрацьстаяць сусветнаму тэрарызму».

Лукашэнка як пра негатыўную з’яву кажа пра пачатак «новай халоднай вайны».

«Нас пятая калона, апазіцыянеры папракаюць, што ўлада пачала ездзіць на тым самым кані бяспекі. Дык няма нічога больш важнага за мір. Украіна і Сірыя – гэта даказалі. Усе астатняе мы знойдзем, купім. Ні ў якое параўнанні з мірам нічога суадносіцца не можа. Нам пакуль атрымліваецца захаваць спакой і бяспеку на нашай зямлі».

12:12

«У паліклініках не павінна быць чэргаў, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Трэба завяршыць інфарматызацыю працоўных месцаў практычных лекараў для ўкаранення тэхналогіі электроннага рэцэпту і пераходу на электронныя карты пацыента».

12:11

Лукашэнка кажа, што ў новым скліканні парламента павінна застацца каля 30% ад старога. «Вы ўсе мае дзеці, я вас усіх падтрымліваю», — кажа ён. Кіраўнік дзяржавы кажа, што быць дэпутатам нялёгкая праца. «Гэта не павінны быць кішэнныя губернатарскія дэпутаты – гэта павінны быць найлепшыя людзі краіны».

12:03

Будзе працягнуты шлях на амаладжэнне дзяржаўных кадраў. «І мне і вам трэба часцей быць у ВНУ, дзе рыхтуюць кадры. Прабачце, учорашні дзень! Як былі жоўтыя канспекты і закасцянелыя погляды – гэтак і застаюцца».

12:00

Гаворыць пра абарону інфармацыйнай прасторы. Кажа, што Беларусь «прастрэльваецца» з розных накірункаў. «Ці то штык затупіўся, ці то пяро прапала», — крытыкуе Лукашэнка дзяржаўных журналістаў за недастатковую вастрыню.

11:55

«Урад і Нацыянальны банк правядзеннем дэнамінацыі падкрэсліваюць сваю рашучасць і здольнасць забяспечыць макраэканамічную стабільнасць у краіне», — упэўнены Лукашэнка.

11:54

«Нашы дзеці 10-15 гадоў ужо пераўзыходзяць нас 20-25 гадовых», — кажа Лукашэнка. Ён пазітыўна выказваецца пра інтэрнэт.

Кіраўнік краіны ставіць задачу перарабіць старых настаўнікаў, «ускалыхнуць іх», прымусяць працаваць па-новаму.

«Задача №1 – гэта падрыхтоўка і выпуск для школаў, ВНУ новых падручнікаў», — кажа кіраўнік дзяржавы. Разам з тым, ён папярэджвае, каб беларуская сістэма адукацыі не капіявала слепа еўрапейскую.

11:47

«Курыць — гэта ўвогуле вар’яцтва»

«Курыць — гэта ўвогуле вар’яцтва», — гаворыць Лукашэнка пра стан здароўя людзей.

11:42

«Адзін з буйных прадпрымальнікаў паабяцаў арганізаваць сучасную сетку ў альтэрнатыву «Белспажыўсаюзу»

«Адзін з буйных прадпрымальнікаў паабяцаў арганізаваць сучасную сетку ў альтэрнатыву «Белспажыўсаюзу». Калі «Спажыўсаюз» не дакажа сваю трываласць, то рыхтуйцеся да рэформы».

Лукашэнка кажа, што людзі спакойна ўспрынялі пенсійную рэформу. «Мяне крытыкавалі, асабліва расіяне, што Лукашэнка спалохаўся і павялічыў пенсійны век не на 5, а на 3 гады. Гэта першы крок. А далей мы вернемся да гэтага пытання, калі будзе неабходнасць», — кажа лідар Беларусі пра неабходнасць далейшага павышэння пенсійнага ўзросту.

11:34

За сыход ад падаткаў будуць новыя арышты

«Кажуць, «кагосьці затрымалі, арыштавалі бізнэсмэна. Хутка прыйдуць іншых арыштоўваць». Канечне, прыйдуць! Калі вы будзеце абдзіраць дзяржаву і не плаціць падаткі. І скажыце дзякуй, што вы яшчэ не ў Амерыцы», — намякае кіраўнік дзяржавы на нядаўнія арышты сярод буйных бізнэсмэнаў.

11:28

«Давайце замяняць нафту, газ электрычнасцю, дзе толькі можна»

«Мазгі, навука, інавацыя — гэта галоўнае сёння, а не тое, што Госпад у зямлю паклаў», — кажа Лукашэнка. У прыклад ён ставіць Беларуска-кітайскі індустрыяльны парк. Хаця кажа, што работа пакуль вядзецца кепска і хутка будуць прынятыя «жастачайшыя меры, у тым ліку кадравыя».

Другім пунктам называе атамную станцыю. «У нас будзе лішак энэргіі? Калі граматна паставіцца ніякага лішку не будзе. Давайце замяняць нафту, газ электрычнасцю, дзе толькі можна. Чаму ў побыце не арыентаваць людзей на электрычнасць? Да гэтага трэба рыхтавацца цяпер».

11:22

Зніжэнне залежнасці ад Расіі

Лукашэнка кажа, што плацежны попыт з боку Расіі і Украіны скараціўся, таму стаіць задача «росту і дыверсіфікацыі экспарту». Кіраўнік кажа, што яшчэ колькі гадоў таму была пастаўлена задача знізіць залежнасць ад рынку адной краіны.

11:19

МВФ — важны прыярытэт

Важным фактарам для эканомікі ён бачыць інвестыцыі і новыя праекты. «Інвестыцыйная палітыка ў 2016 павінна быць накіраваная на прыцягненне максімальнай колькасці замежных інвестыцый». За год Лукашэнка хоча прыцягнуць у Беларусь 1,5 мільярда замежных інвестыцый, асаблівая надзея на крэдытныя лініі Кітая.

Разам з тым Лукашэнка крытыкуе ўрад, які не можа стварыць «нармальны праект прапановаў для інвестараў».

Кіраўнік дзяржавы спыняецца на пункце супрацоўніцтва з МВФ. Ён патрабуе прыбраць усе бюракратычныя бар’еры для супрацоўніцтва з крэдытнымі арганізацыямі.

Лукашэнка крытыкаваў, што няма праектаў пад крэдыты ад КНР, а таксама Сусветнага банка.

«Партфель праектаў Сусветнага банка для Беларусі — каля $ 1 мільярда. Гэта сродкі, якія ўжо можна выкарыстоўваць. Але з іх $ 600 мільёнаў да гэтага часу не задзейнічаны з-за непаваротлівасці дзяржаўных органаў — цуды!».

11:12

«Стаўку рабіць трэба на эфектыўныя меры кіравання. Уціснуцца трэба ўсім, як мы зрабілі ў сферы ЖКГ».

Лукашэнка кажа, што прадпрыемствам трэба адмовіцца ад недобрасумленных пасярэднікаў. «Не чакайце ў гэтых пытаннях законапраектаў, вы ведаеце, як пазбегнуць гэтых пасярэднікаў», — кажа Лукашэнка.

«Мільён працоўных месцаў» — папулізм

Таксама Лукашэнка кажа аб аптымізацыі работнікаў на прадпрыемствах. «Калі на МАЗе, ці БелАЗе, вызваляецца n-ная колькасць працоўных месцаў, то начальства павінна працаўладкаваць іх у іншых месцах».

Ставіцца задача стварэння штогод 50 тысяч рабочых месцаў. Крытыкуе праграму Аб'яднанай грамадзянскай партыі «Мільён працоўных месцаў». «Для гэтага патрэбныя мільёны», — кажа кіраўнік краіны.

11:05

Прагучаў нацыянальны гімн Беларусі. Фактычна ніхто ў зале не спяваў.

У самым пачатку Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што стратэгічныя пытанні сёння абмяркоўвацца не будуць, іх абмяркуюць на Пятым Усебеларускім сходзе.

Лукашэнка ад самага пачатку стаў гаварыць пра праблемы ў эканоміцы. «Тэмпы развіцця замарудзіліся».

* * *

Аляксандр Лукашэнка 21 красавіка звяртаецца са штогадовым Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу. 

Выступ транслюецца ў прамым эфіры па тэлеканале «Беларусь 1» і Першым нацыянальным канале Беларускага радыё.

На мерапрыемства запрошаны найвышэйшыя службовыя асобы краіны, члены ўрада, кіраўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, буйнейшых прадпрыемстваў, прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, сродкаў масавай інфармацыі.

Традыцыйна, з пасланнем Аляксандр Лукашэнка выступае ў красавіку, толькі ў 2006 і 2012 гадах мерапрыемства праходзіла ў траўні.

У мінулым годзе выступ прэзідэнта доўжыўся 2 гадзіны 40 хвілін. За гэты час ён распавёў пра галоўныя падзеі года, выказаўся з нагоды інфляцыі і цэн, працы чыноўнікаў, пра дэкрэт №3, будаўніцтве жылля. Распавёў, якія фільмы любіць паглядзець па тэлевізары і што ў нас не так з культурай, параіў беларусам быць смялейшымі, ісці насустрач праблемах і вучыцца ў старэйшага брата.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0