Сёлетняе пасланне Аляксандра Лукашэнкі да народа і парламента было прэсным і стрыманым. Ды і нядоўгім, працягвалася яно ўсяго паўтары гадзіны. Не нарадзілася новых хохмаў, хіба што «курэнне – гэта безуміе». Асноўную частку прамовы Лукашэнка строга кіраваўся напісаным загадзя, рэдка сыходзячы ў экспромт.

«Наша Ніва» сабрала самыя істотныя, на наш погляд, пункты з выступлення кіраўніка дзяржавы.

Хлопчыкамі на пабягушках у Расіі не будзем

Расіі традыцыйна быў прысвечаны дастаткова вялікі адрэзак прамовы. Лукашэнка, як заўсёды, пераконваў, што гэта нашы браты і наша доля — жыць у славянскім свеце разам з рускімі і ўкраінцамі. Аднак разам з тым больш істотнай выглядае фраза: «Я хачу сказаць расійскаму кіраўніцтву, што мы ніколі не будзем хлопчыкамі на пабягушках». Лукашэнка падкрэсліваў, што Беларусь і надалей будзе весці шматвектарную палітыку, а не засяроджвацца на адной Расіі. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліваў нядобрасумленную пазіцыю расійскага боку, а таксама часам нават моманты шантажу, напрыклад, калі Расіі адмовіліся прадаваць Мінскі завод колавых цягачоў. Па ўсім відаць, што адносіны Беларусі і Расіі на сёння далёка не мядовыя.

Што тычыцца Еўропы, то сённяшні стан адносінаў ён ахарактарызаваў як «гаварыльню». Лукашэнка сказаў, што зацікаўлены чыста ў эканамічных адносінах з Еўропай, гандлем.

Замяняць нафту і газ электрычнасцю

Пра змяншэнне залежнасці ад Расіі Лукашэнка гаварыў і ў частцы, датычнай атамнай станцыі. «Мазгі, навука, інавацыя — гэта галоўнае сёння, а не тое, што Госпад у зямлю паклаў», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

«У нас будзе лішак энергіі? Калі граматна паставіцца, ніякага лішку не будзе. Давайце замяняць нафту, газ электрычнасцю, дзе толькі можна. Чаму ў побыце не арыентаваць людзей на электрычнасць? Да гэтага трэба рыхтавацца цяпер».

«Моцна залежаць ад аднаго рынку збыту — нельга, гэта прывядзе да бяды», — казаў прамоўца.

Шчодрая крытыка чыноўнікаў

Лукашэнка шмат, вельмі шмат крытыкаваў чыноўнікаў. За адсталасць, непаваротлівасць, безыніцыятыўнасць, нежаданне перабудоўвацца, жыць у новых рэаліях.

Вось прыклад: «Партфель праектаў Сусветнага банка для Беларусі — каля $1 мільярда. Гэта сродкі, якія ўжо можна выкарыстоўваць. Але з іх $600 мільёнаў да гэтага часу не задзейнічаны праз непаваротлівасць дзяржаўных органаў — цуды!».

Была крытыка Белспажыўсаюза. Калі яны не пачнуць варушыцца, Лукашэнка паабяцаў, што дазволіць канкурэнцыю з боку прыватнікаў. Калі казаў пра Беларуска-кітайскі індустрыяльны парк, абяцаў прыняць «жастачайшыя меры», у тым ліку кадравыя.

Не заплаціш падаткаў — будзеш сядзець

Ускосна Аляксандр Лукашэнка пракаментаваў гучныя крымінальныя справы супраць уплывовых у краіне бізнэсмэнаў, як Юрый Чыж і Яўген Баскін.

«Кажуць, «кагосьці затрымалі, арыштавалі бізнэсмэна. Хутка прыйдуць іншых арыштоўваць». Канечне, прыйдуць! Калі вы будзеце абдзіраць дзяржаву і не плаціць падаткі. І скажыце дзякуй, што вы яшчэ не ў Амерыцы. Галоўнае — выплата падаткаў. І можаш спакойна спаць, можаш не спаць — гэта тваё права. Але аддай тое, што ты павінен аддаць дзяржаве».

Жоўтыя канспекты

Лукашэнка ці не ўпершыню ў станоўчым ключы гаварыў пра інтэрнэт. Казаў, што развіццё ІТ — вельмі важнае для краіны.

Затое дасталося настаўнікам школ, а таксама выкладчыкам універсітэтаў.

«Трэба выхаваць, нарадзіць новага настаўніка. Нарадзіць новых — гэта доўга. Таму нараджаць будзем, перарабляючы старое настаўніцтва. Трэба ўскалыхнуць нашага настаўніка».

«І мне, і вам трэба часцей быць у ВНУ, дзе рыхтуюць кадры. Прабачце, цяпер там учорашні дзень! Як былі жоўтыя канспекты і закасцянелыя погляды — гэтак і застаюцца».

Аднак слепа капіяваць заходнюю адукацыйную мадэль Лукашэнка не збіраецца. Зноў будзе шукаць унікальны беларускі шлях, вось толькі ці можа такі быць?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?