Віцебскі абласны суд абвясціў прысуд па крымінальнай справе пра забойства мужчыны і жанчыны. Адзін з абвінавачаных прыгавораны да пажыццёвага зняволення, другі атрымаў 16 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Пра гэта паведамляе прэс-служба Вярхоўнага суда.

Нагадаем, 5 сакавіка 2015 года ў Віцебску ў кватэры аднаго з фігурантаў крымінальнай справы сабралася кампанія маладых людзей. Яны выпівалі, ужывалі наркотыкі, палілі кальян. Затым «на глебе асабістых непрыязных адносін, дзейнічаючы з асаблівай жорсткасцю», маладыя людзі (на момант здзяйснення злачынства ім было 22 і 23 гады) накінуліся з бітай на 25-гадовую дзяўчыну і 26-гадовага хлопца. Затым на лесвічнай клетцы яны пачалі збіваць яшчэ аднаго члена кампаніі — 37-гадовага мужчыну, але той змог аказаць актыўны супраціў.

У выніку трое пацярпелых былі дастаўленыя ў цяжкім стане ў рэанімацыю. 25-гадовая дзяўчына і яе 26-гадовы сябар памерлі, 37-гадовы мужчына выжыў.

21 красавіка Віцебскі абласны суд абвясціў прысуд двум фігурантам справы аб забойстве бейсбольнай бітай. Адзін з маладых людзей за забойства двух чалавек, здзейсненае з асаблівай жорсткасцю, і замах на забойства групай асоб з асаблівай жорсткасцю прысуджаны да пажыццёвага зняволення з адбываннем у папраўчай калоніі асаблівага рэжыму.

Другі прызнаны вінаватым толькі ў замаху на забойства, здзейсненае з асаблівай жорсткасцю групай асоб, за што асудзілі на 16 гадоў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Прысуд суда не набыў законную моц і можа быць абскарджаны і апратэставаны ва ўстаноўленым законным парадку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?