Канадскі нападаючы мінскага «Юнацтва» Даніэль Корса, які мае беларускае грамадзянства, распавёў пра стаўленне да прэзідэнта Беларусі.

— На леташніх выбарах ты галасаваў за Лукашэнку?

— Вядома ж!

— Чым ён сімпатычны?

— Мне падабаецца дарога, па якой ідзе Беларусь. У прэзідэнта ёсць план. Кожны год тут становіцца ўсё лепш, і прэзідэнт стараецца для гэтага нешта зрабіць. Іншы кіраўнік дзяржавы, магчыма, нешта змяніў бы, і мне гэта не спадабалася б.

— А ты вывучаў праграмы астатніх кандыдатаў?

— Так. Можа, я ўжо стары, але думаю так: калі мне нешта падабаецца, хай так і застаецца. Аддаю перавагу стабільнасці. Гэта мой менталітэт. Прэзідэнт той жа, усе задаволеныя, мая сям'я шчаслівая — вось і выдатна. Калі б нешта памянялася — можа, з'ехаў бы з Беларусі.

— Як табе гулялася ў камандзе прэзідэнта?

— Спадабалася. Гэта гонар. Лукашэнку ўжо 61 год, так? І ў такім узросце ён выходзіць на лёд з прафесіяналамі. А напэўна ж, у яго шмат іншых спраў. У чалавека была аперацыя на калене, але ён трымае форму. Можа, гэта і не самы хуткі гулец, але ж стараецца, аддае перадачы.

Памятаю, я быў шакаваны, калі мы трэніраваліся перад Калядным турнірам. Лукашэнка здзейсніў адзін кідок проста ідэальна! Я падумаў: ого, як у беларускай экстралізе. Вау, нерэальна. Кіраўнік дзяржавы паказвае беларусам, што нават калі ў цябе баліць калена, ты робіш нешта не ідэальна, усё роўна павінен старацца. Гэта пасланне маладым людзям, якія стогнуць: о-о, мы так стаміліся… Уставайце і працуйце, рабіце што-небудзь!

Хтосьці кажа, што прэзідэнт выглядае недарэчна. А я пярэчу: а выйдзіце-ка на лёд з намі, прафесіяналамі! Абувайце канькі і пагуляйце! Там і паглядзім, на што вы здольныя. Думаеце, гэта так лёгка?

— Удалося ўсё-ткі пагутарыць з Лукашэнкам?

— Не надта шмат. Мая руская не такая добрая, баюся рабіць памылкі. Памятаю, у фінале Каляднага турніру я стаміўся, і прэзідэнт даў сваю бутэльку з вадой. Мне казалі, што ўсе беларусы для Лукашэнкі як дзеці — ён стараецца клапаціцца аб дзесяці мільёнах дзяцей.

У мяне ў той момант дакладна паўстала адчуванне, што гэта мой тата. І я адчуў яго клопат — і праз пару змен закінуў пераможную шайбу фінам. Выдатна было. Жонка ўсё жыццё жыве ў Беларусі і ні разу не сустракалася з першай асобай дзяржавы. А я з ім пагутарыў. Пашанцавала!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?