Мінчук выставіў на продаж машыну, упрыгожаную нацыянальным арнаментам. Аб’ява выклікала вялікую цікавасць, праўда, не столькі аўтааматараў, колькі «мастацкіх крытыкаў».

«Калгас!», «Яшчэ б бюст бацькі на дах прыляпіў», «з-за аграўзору ніхто не купіць», «калі ехаць на такой машыне і чытаць у дарозе ўслых вершы Багдановіча, то яна паедзе на 10 км / г хутчэй» – каментатары здзекуюцца на ўсе лады. Але, што цікава, абсалютная большасць падтрымала ўласніка машыны.

«За арнамент залік! Поспехаў у продажы», «Вышыванка – супер!», «Налепка вельмі прыгожа глядзіцца», «Цудоўны! Была б ў мяне жонка — набыў бы ёй гэты аўтосік!» – тых, каму машына спадабалася значна больш. І каменты ў асноўным абадзёрваюць прадаўца. Часам – нават вось так, па-пацанску: «Пацанская тачыла, я б купіў толькі з-за арнаменту, Кенту поспеху ў продажы!».

«Я нанёс арнамент, бо гэта і прыгожа, і патрыятычна, - кажа ўладальнік аўто Хведар. – Я ўвогуле люблю нашы нацыянальныя ўзоры, і сам працую, вырабляючы рэчы з арнаментам. Можа, бачылі вокладкі «пашпарт беларуса» ці «пашпарт беларусачкі»? Дык вось, гэта маё, мой праект vokladki.by.

Насамрэч, калі я клеіў той арнамент – а гэта было больш за год таму, – думаў, што падобных машынаў будзе шмат, бо быў такі ўздым гэтай тэмы, усе цікавіліся арнаментам, вышымайкамі. Аднак за гэты час я бачыў толькі 4-5 аўто з падобнымі налепкамі».

Але, кажа Хведар, на дарозе яго ўпрыгожаны «Опель» выклікае выключна рэспекты.

«За ўвесь час мне ніхто не сказаў аніводнага дурнога слова, «фак» з вакна не паказвалі, - смяецца Хведар. – А вось сігналілі, ці казалі што крута – такое бывала».

Праўда, на сваю новую машыну ён арнамент наносіць не будзе. Прычына простая – колер не той, не глядзіцца.

«Я браў аўто з салону, а там былі ці карычневыя ці цёмна-шэрыя, і ўсё. Я набыў цёмна-шэрую, а на ёй ані белы, ані чырвоны ўзор добра не выглядаюць. Таму гэтае аўто будзе без арнаменту. Але спадзяюся, што гэта не апошняя мая машына – можа наступную вазьму белую і тады ўжо упрыгожу яе нацыянальным узорам», - кажа Хведар.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?