Украіна часова, да 15 верасня, прыпыніла дзеянне рашэння Міжведамаснай камісіі па міжнародным гандлі (МКМГ) аб увядзенні спецыяльнай пошліны ў 39,2% на імпарт шэрагу беларускіх тавараў, якую планавалася ўвесці 1 мая. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні МКМГ, апублікаваным у нумары газеты «Урядовий кур`ер» ад 23 красавіка, паведамляе ukranews.com.

«13 красавіка 2016 года МКМГ разгледзела пададзеныя Міністэрствам эканамічнага развіцця і гандлю Украіны інфармацыйныя матэрыялы адносна доступу ўкраінскіх тавараў на рынак Рэспублікі Беларусь», — гаворыцца ў паведамленні. Паводле вынікаў разгляду камісія прыняла рашэнне прыпыніць да 15 верасня ўвядзенне спецпошліны на імпарт шэрагу тавараў з Беларусі.

Як паведамлялі «Украінські новини», 13 лістапада 2015 года МКМГ вырашыла ўвесці спецпошліну на малако і малочныя прадукты, сыры ўсіх відаў, кандытарскія і хлебабулачныя вырабы з утрыманнем цукру, соладавае піва, гарэлку, мыйныя і ачышчальныя сродкі, кухонную мэблю, шыны і пакрышкі, камбінаваныя халадзільнікі-маразільнікі ёмістасцю да 340 л і маразільныя шафы ёмістасцю да 250 л, розныя віды трактароў для сельгасработ паходжаннем з Беларусі.

Абмежаванні планавалася ўвесці з 20 студзеня (было прыпынена да 1 мая) у якасці кроку ў адказ на недружалюбныя дзеянні з боку Беларусі адносна ўкраінскіх прадпрыемстваў кандытарскай і піваварнай галін.

28 снежня ў Мінску адбылося другое пасяджэнне беларуска-ўкраінскай рабочай групы высокага ўзроўню па пытаннях ўзаемнага гандлю, падчас якога бакі выказалі жаданне зняць абмежавальныя меры ў гандлі з абодвух бакоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?