«На жаль, тыя знешнія фактары, якія закладвалі ў прагноз-2016, апынуліся нашмат горшыя, чым мы маглі меркаваць. Хоць мы не на пустым месцы прагназавалі — мы грунтаваліся на лічбах міжнародных фінансавых арганізацый», прызнаў прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў у інтэрв'ю праграме «Галоўны эфір тэлеканала «Беларусь 1».

Прэзідэнт нядаўна наракаў, што матрыца прагнозных паказчыкаў па выніках першага квартала апынулася ў асноўным у чырвоным колеры. Галоўны «чырвоны» індыкатар, патлумачыў Кабякоў, — эканамічны рост. ВУП па выніках квартала ўпаў на 3,6%.

У выніку ўрад быў вымушаны прымаць меры па бюджэтнай кансалідацыі. «На 16 трлн рублёў мы зарэзервавалі выдаткі бюджэту. А гэта вельмі адчувальна — мы не маглі сабе дазволіць зачапіць сацыяльныя абавязацельствы, зарплаты, пенсіі», — адзначыў Кабякоў, дадаўшы, што паралельна ішоў пошук новых крыніц даходаў. Гэта было павышэнне ставак акцызаў на паліва («без павелічэння рознічных цэнаў», — падкрэсліў прэм'ер) і тытунёвыя вырабы, адмова ад льгот па ПДВ на грамадскім транспарце («не павялічваючы тарыфы»).

«Вядома, урад прапаноўваў больш глыбокія меры, адчувальныя для насельніцтва. Кіраўнік дзяржавы з імі не пагадзіўся», — адзначыў Кабякоў.

Пры гэтым прэм'ер-міністр пагадзіўся з тэзісам прэзідэнта аб наяўнасці ў беларускай эканомікі фактараў росту: «Прэзідэнт абсалютна выразна сказаў, хоць камусьці можа здацца, што ў гэтым няма асаблівай навізны, — зніжайце выдаткі. Не прасіце грошы на падтрыманне стратнай і неэфектыўнай дзейнасці, а прыводзьце яе ў адпаведнасць з новымі ўмовамі».

Ён запэўніў, што ўрад паспрабуе змякчыць сітуацыю, «але калі прадпрыемства не ў стане забяспечыць баланс паміж даходамі і расходамі, то ўвогуле няма пра што размаўляць».

Гаворка ідзе пра тое, растлумачыў Кабякоў, што прадпрыемствы стратныя, неэфектыўныя, тыя, хто просіць пастаянна дапамогу, павінны заняцца зніжэннем выдаткаў у першую чаргу, і такіх магчымасцяў там больш чым дастаткова. «Многія думаюць, што пагавораць-пагавораць, і на гэтым усё скончыцца. А потым дадуць грошай, і ўсе пачнуць жыць, прыпяваючы, праядаючы і спадзеючыся, што дадуць яшчэ. Гэтага не будзе», — запэўніў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?