МГА «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» працягвае ладзіць святочныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да 90‑годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

3 траўня ў Нясвіжы ў актавай залі Педагагічнага каледжа перад студэнтамі і ўсімі зацікаўленымі выступяць бард Зміцер Бартосік з новым альбомам «Дарога на Вільню» і пісьменніца Вольга Іпатава, якая падчас сустрэчы прэзентуе кнігу, укладальніцай якой з’яўляецца, — «Мы стваралі сваю Беларусь» Вольгі Грыцук. Гэта кніга распавядае пра лёс аднаго з лідэраў паваеннай эміграцыі ў Канадзе Аляксея Грыцука.

Пачатак сустрэчы а 15 гадзіне.

4 траўня ў Слоніме адбудзецца вечарына памяці Васіля Супруна, ініцыятара заснавання і кіраўніка беларускага патрыятычнага маладзёвага антысавецкага падполля ў 1946—1947 гг. на тэрыторыі Заходняй Беларусі, паэта, краязнаўца, археолага.

Васіль Супрун быў сябрам Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1995 г. На гадавіну памяці прыедуць краязнаўцы, археолагі, сябры і паплечнікі. З Гародні запрошаны Аляксей Пяткевіч і Аляксандр Талерчык, краязнаўцы, якія супрацоўнічалі шмат год з В. Супруном. Таксама адбудзецца прэзентацыя кнігі, якая днямі выдадзена ў Гародні, пра жыццё і дзейнасць гэтага мужнага чалавека.

Вечарына памяці адбудзецца ў Слонімскай бібліятэцы а 14 гадзіне.

Інфармацыйны цэнтр МГА «ЗБС «Бацькаўшчына»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0