У студзені—лютым гэтага года беларускі экспарт нафтапрадуктаў у вартасным выражэнні склаў 843,5 млн. долараў, сведчаць афіцыйныя статзвесткі.

У грашовым выражэнні экспарт беларускіх нафтапрадуктаў знізіўся на 31,3% у параўнанні са студзенем—лютым 2015 года.

Пры гэтым фізічныя аб'ёмы экспарту амаль не змяніліся. Так, за студзень—люты 2016 года Беларусь экспартавала 3,13 млн. тон нафтапрадуктаў, што на 1% больш у параўнанні з аналагічным перыядам 2015 года.

Варта таксама адзначыць, што на фоне захавання аб'ёмаў экспарту знізіўся ў студзені—лютым у вартасным выражэнні і экспарт беларускай нафты.

За першыя два месяцы 2016 года Беларусь экспартавала ў Германію 265,8 тыс. тон нафты, здабытай на ўнутраным рынку, на 53,7 млн. долараў. У фізічным выражэнні экспарт беларускай нафты павялічыўся на 1,1%, у вартасным выражэнні скараціўся на 43,7%.

Паводле слоў удзельнікаў рынку Беларусі, падзенне нафтавага экспарту ў вартасным выражэнні звязанае са зніжэннем сусветных цэн на нафту. У студзені—лютым сярэдняя цана нафты маркі Urals склала 29,7 долара за бараль і знізілася на 43% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.

Нагадаем, прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016 год прадугледжвае, што сярэдняя цана нафты на сусветным рынку складзе 50 долараў за бараль. Праект праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2016—2020 гады, з якім азнаёміўся БелаПАН, прадугледжвае, што цана нафты на сусветным рынку ў 2020 годзе павялічыцца да 65 долараў за бараль.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?