Адміністрацыйная справа ў дачыненні да старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча за ўдзел у акцыі 25 сакавіка з нагоды Дня Волі разгледзіць суд Савецкага раёна Мінска 28 красавіка.
У позве, якую атрымаў палітык, гаворыцца, што ён абвінавачваецца ў парушэнні парадку правядзення масавых мерапрыемстваў, учыненым паўторна на працягу года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання за такія ж парушэнні (ч. 3 арт. 23.34 КоАП), паведамляе прэс-служба партыі. Янукевічу ставяць у віну тое, што на пляцоўцы каля кінатэатра «Кастрычнік» ён «узяў актыўны ўдзел у мітынгу, што выявілася ў масавай прысутнасці грамадзян і выкрыкванні лозунгаў, чым парушыў заканадаўства».
«Зараз улады вымушаныя адмовіцца ад адміністрацыйных арыштаў, але пры гэтым яны ўсё шырэй выкарыстоўваюць штрафы, імкнучыся збіць грамадскія пратэсты. Пры гэтым я не выключаю, што неўзабаве можа вярнуцца і практыка адміністрацыйных арыштаў», — сказаў Янукевіч.
Пратаколы за ўдзел у акцыі 25 сакавіка былі складзеныя таксама ў дачыненні да Алеся Лагвінца, Віталя Рымашэўскага, Анатоля Шумчанкі, Мікалая Статкевіча, Паўла Севярынца, Анатоля Лябедзькі, Уладзіміра Някляева, Рыгора Кастусёва і іншых актывістаў дэмсілаў.
Намесніка старшыні руху «За Свабоду» Алеся Лагвінца будзе судзіць суд Цэнтральнага раёна Мінска таксама 28 красавіка. Лябедзька і Някляеў ужо аштрафаваныя судом Цэнтральнага раёна на 50 базавых велічынь кожны (па 10,5 млн рублёў).