Аргкамітэт па правядзенні 26 красавіка ў Мінску акцыі «Чарнобыльскі шлях» адмовіўся падпісаць з міліцыяй дамову на ахову правапарадку, паведамляе прэс-служба руху «За Свабоду».

25 красавіка сябра аргкамітэту, кіраўнік мінскай арганізацыі руху «За Свабоду» Юрась Меляшкевіч сустрэўся з начальнікам мінскай міліцыі Аляксандрам Барсуковым, каб абмеркаваць арганізацыйныя пытанні правядзення акцыі, якія тычацца руху калоны і працы міліцыі.

Меляшкевіч прадставіў у міліцыю рашэнне аргкамітэта, які не стаў падпісваць дамову на ахову правапарадку. «Міліцыя ўсё роўна не выконвае абавязкі па дамове, — растлумачыў ён. — Яна прыцягвае да адказнасці невінаватых, неабгрунтавана затрымлівае ўдзельнікаў акцыі. Таму я не бачу сэнсу падпісваць гэтую дамову».

«У адпаведнасці з заяўкай, якую мы падпісалі, мы ўсё роўна павінны несці адказнасць за забеспячэнне правапарадку падчас акцыі. Калі дамова не забяспечвае перадачу міліцыі функцый, то навошта яе падпісваць? Навошта плаціць за тое, што не палягчае нашу працу? Мы плацім падаткі, акцызы і зборы, і нічога дадатковага міліцыя ад нас, грамадзян, не павінна атрымліваць», — дадаў прадстаўнік аргкамітэта.

Па словах Меляшкевіча, міліцыя хацела атрымаць ад арганізатараў «Чарнобыльскага шляху» 35,55 млн рублёў. «У адказ мне сказалі, што калі мы не аплацім гэтую суму, то яны могуць спагнаць яе з нас іншымі спосабамі за невыкананне закона «Аб масавых мерапрыемствах». Я сказаў, што мы нясём адказнасць за арганізацыю акцыі, мы падпісалі заяўку ў выканкам», — адзначыў ён.

У астатнім, паведаміў Меляшкевіч, сустрэча прайшла канструктыўна. «Мы дасягнулі пагаднення, што на месцы правядзення мітынгу не будуць выстаўляцца турнікеты і рамкі. Толькі для мінакоў будзе невялікая агароджа, каб не ствараць ім перашкод», — сказаў палітык.

Сёлета Мінгарвыканкам дазволіў збор удзельнікаў акцыі з 18.00 да 18.30 каля кінатэатра «Кастрычнік». Затым адбудзецца дэманстрацыя па вуліцах Сурганава і Арлоўскай да царквы ў гонар абраза Божай Маці «Спагнанне загінулых», дзе з 20.00 да 21.00 запланаваны мітынг і цырымонія ўскладання кветак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?