Як паведаміла БелаПАН оперупаўнаважаны па асабліва важных справах галоўнага ўпраўлення па барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі МУС Беларусі Вераніка Пасмецьева, у студзені 2007 года супрацоўнікамі службы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі ГУУС Мінгарвыканкама былі затрыманы службовыя асобы РУП «Белмедпрэпараты»: намеснік генеральнага дырэктара, галоўны бухгалтар, кіраўнік па налічэнні зарплаты, два бухгалтары‑касіры і былы індывідуальны прадпрымальнік.
Апошнія з 2002 па 2006 год, злоўжываючы службовымі паўнамоцтвамі, учынілі крадзеж грашовых сродкаў у асабліва буйным памеры. Яны заключалі фіктыўныя дагаворы з фізічнымі асобамі на правядзенне рэкламы лекавых прэпаратаў у краінах СНД (Украіна, Расія і інш.), спісвалі на гэта наяўныя грашовыя сродкі праз касу, фактычна ж рэклама не праводзілася. Такім чынам, службовыя асобы ўчынілі крадзеж грашовых сродкаў амаль на 700 мільёнаў рублёў.
За крадзеж у асабліва буйным памеры (ч. 4 арт. 210 Крымінальнага кодэкса) у дачыненні да гэтых грамадзян была распачата і расследавана справа.
Судом Маскоўскага раёна Мінска былы намеснік гендырэктара і галоўны бухгалтар РУП «Белмедпрэпараты» асуджаны да дзевяці з паловай гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці, яшчэ тры бухгалтары асуджаны да пазбаўлення волі тэрмінамі ад пяці да шасці гадоў.