26 красавіка спаўняецца 30 гадоў аварыі на Чарнобыльскай АЭС — адной з найбуйнейшых экалагічных катастроф у гісторыі чалавецтва. Зямля, на якой стаяць рэшткі станцыі, закінуты горад Прыпяць, забруджаныя лясы і пустыя вёскі — усё гэта стала помнікам таму, якая небяспека ідзе побач з прагрэсам. Аднак, з часам Чарнобыльская зона стала таксама і своеасаблівым экстрэмальным атракцыёнам, які вабіць аматараў прыгодаў і вострых адчуванняў.

Турфірмы прапануюць экскурсіі ў Прыпяць — і кліентаў хапае.

Хапае і тых, хто наведвае Зону нелегальна. Прычым, як правіла, яны вяртаюцца туды зноў і зноў — Зона не адпускае. Адзін з такіх нелегалаў распавёў «Нашай Ніве» пра дэталі сваіх вандровак.

«Я быў там ужо сем разоў, — кажа наш суразмоўца Дзмітрый. — І, напэўна, вярнуся яшчэ».

31-гадовы Дзмітрый жанаты, мае дваіх дзяцей..

31-гадовы Дзмітрый жанаты, мае дваіх дзяцей..

31-гадовы Дзмітрый жыве ў Жодзіне, працуе прарабам. Жанаты, мае дваіх дзяцей. Жыве не горш за іншых — пабудаваў трохпакаёвую кватэру, паціху дабудоўвае лецішча. Здавалася б, ну што табе яшчэ трэба?

Аднак, у 2011 годзе Дзмітрый нечакана для самога сабе займеў новае незвычайнае хобі — стаў «сталкерам».

«Самаходамі» ці больш прыгожа — «сталкерамі» — звычайна называюць тых, хто наведвае Зону нелегальна. Назва «сталкер» паходзіць ад рамана Стругацкіх «Пікнік на ўзбочыне».

У кантэксце кнігі сталкер — гэта чалавек, які пранікае ў Зону і выносіць з яе розныя артэфакты, якія пасля звычайна прадае і тым зарабляе на жыццё. Але пасля фільма Таркоўскага гэты тэрмін пачаў абазначаць і бескарыслівага правадыра, што арыентуецца ў розных забароненых і малавядомых іншым месцах і тэрыторыях. Асаблівую ж папулярнасць і сам тэрмін і увогуле Чарнобыльская зона набылі пасля выхаду камп'ютарнай гульні S.T.A.L.K.E.R., дзеянне якой адбываецца менавіта ў населенай мутантамі Зоне і Прыпяці.

У Зону Дзмітрый паехаў не ў пошуках прыгод і мутантаў. Проста прыцягнула незвычайнае.

«Я і ў «Сталкер» гуляў, але так, без фанатызму. А потым дзесьці выпадкова пабачыў пару фотак з Зоны. Зацікавіўся. Пачаў шукаць інфармацыю, глядзець здымкі. І вось у 2011 годзе паехаў у Зону з экскурсіяй, — узгадвае Дзмітрый. — Але на экскурсіі тут павадзілі, там павадзілі і ўсё. Шмат куды нельга. Таму гэта толькі распаліла цікавасць».

Дзмітрый у Прыпяці.

Дзмітрый у Прыпяці.

Дзмітрый вярнуўся дамоў пасля экскурсіі, паглядзеў фоткі — і зразумеў, што ў Зоне засталося яшчэ шмат цікавых месцаў, якія ён не ўбачыў. Тады ён пачаў чытаць форумы «самаходаў». Праз год Дзмітрый вырашыў адправіцца ў Зону яшчэ раз — цяпер ужо самастойна. Адпрасіўся на два дні з працы і рвануў.

«Мяне жонка перавезла на машыне цераз беларуска-ўкраінскую мяжу і вярнулася ў Беларусь. Далей я пайшоў сам па закінутай чыгунцы», — кажа Дзмітрый.

Вольга, жонка смяецца: кажа, за мужа не хвалявалася. Больш баялася, што з зусім малым вадзіцельскім досведам трэба было вяртацца адной на машыне — а яшчэ і ноччу.

«Так атрымалася, што я выйшаў з машыны ўвечары, каля 11 гадзін. Вырашыў адразу ісці. Прайшоў каля 12 кіламетраў. Намёт не браў, заночыў у спальніку».

Бываюць у Зоне і вось такія знаходкі.

Бываюць у Зоне і вось такія знаходкі.

Усяго да Прыпяці Дзмітрыю трэба было прайсці каля 45 кіламетраў. Ён разлічваў, што гэта зойме ў яго 10 гадзін. Але без прывалаў ісці немагчыма. Да таго ж, то вады набраць, то проста трохі адпачыць… У выніку, ён ішоў паўтара сутак. Страшнавата было, прызнаецца Дзмітрый, але ў побытавым плане, без містыкі: каб шыю не звярнуць, бо мясціны ж зусім незнаёмыя. Асабліва перапужаўся, калі аднойчы ноччу напаткаў дзіка — але пранесла.

Пасля яшчэ адной начоўкі Дзмітрый каля 7-й раніцы ўвайшоў у Прыпяць.

«Аблазіў горад: пахадзіў па кватэрах, дзіцячых садках… Садкі вельмі ўразілі: там валяюцца гэтыя цацкі — савецкія, зусім простыя, такія ж, як у маім дзяцінстве.

Фота з дзіцячага садка ў Прыпяці

Фота з дзіцячага садка ў Прыпяці

Школы таксама — там і па сёння стаяць парты, ляжаць кнігі…

Пад вечар узгадаў, як чытаў недзе, што ў Прыпяці надта прыгожы захад сонца. Сеў павячэраць каля 7 гадзіны вечара. А ў мяне бутэлька гарэлкі была — ну, я выпіў грамаў 100-150 за ежай. А быў такі стомлены, што адразу і заснуў, не ўбачыўшы аніякага захаду, — пасміхаецца Дзмітрый. — Прачнуўся толькі а 4 раніцы. Ладна, думаю, сустрэну хоць світанак. Падняўся на дах 16-павярховіка. Пасядзеў… Ну, думаю, час вяртацца дамоў».

Але зноў, кажа Дзмітрый — шмат куды трапіць ён так і не паспеў. Таму, праз паўгода ён вырашыў зноў паехаць у Зону — на гэты раз не адзін. У інтэрнэце ён пазнаёміўся з аднадумцамі — і ў лістападзе 2012 года выправіўся ў наступную Чарнобыльскую вандроўку. Утрох яны правялі там 4 дні: ужо гэтым разам Дзмітрый паглядзеў усё, што хацеў.

«Усё ж такі кампаніяй і весялей і не так страшна. Прадуктаў з запасам ўзялі яшчэ і спіртнога трохі, — расказвае Дзмітрый. — Было крута».

Пасля той паездкі Дзмітрый штогод ездзіў у Зону нелегалам. Ці — «самаходам», «сталкерам».

Сталкеры маюць своеасаблівы негалосны кодэкс паводзінаў — з Зоны нельга нічога забіраць, нельга раскідваць там смецце.

Забаронена таксама «вандаліць» — біць шыбы, маляваць графіці. Нелегальныя турысты — публіка зусім розная. Аднойчы, узгадвае Дзмтрый, сустрэлі нават бацюшку з Расіі, які таксама быў у Зоне не першы раз. Увогуле, з іншымі «сталкерамі» канфліктаў не ўзнікае. Наадварот, калі трэба — адзін аднаму дапамагаюць. Напрыклад, калі застаецца вада ці прадукты, то, каб не цягнуць назад, іх хаваюць, а недзе на заўважным месцы пакідаюць ліст з указаннем месца — мо запасы спатрэбяцца камусьці яшчэ з «самаходаў».

Запіска ад украінскіх «сталкераў».

Запіска ад украінскіх «сталкераў».

На паездку, якая доўжыцца звычайна з тыдзень, сыходзіць 100—200 долараў. Часам, нават менш. Раней Дзмітрый з паплечнікамі ехалі машынай на Вільчу, адселены пасёлак за паўсотні кіламетраў ад Чарнобыля. Зараз часцей едуць цягніком ці аўтобусам на Кіеў, потым у Іванкаў, а адтуль ужо можна замовіць таксі ў Зону. Так і зручней, не трэба ісці пехатою, і прасцей, бо на машыне могуць і не пусціць, хоць апошнія разы «сталкеры» з Беларусі едуць у цывільнай вопратцы, бо сёння кампанія маладых здаровых мужыкоў у камуфляжы, якія едуць ва Украіну выклікае падазрэнні. Пераапранаюцца ў камуфляж, у якім звычайна наведваюць Зону, ужо ва Украіне.

«Але ў Кіеве аднойчы я ішоў у камуфляжы, а мне насустрач так жа апрануты мужык, напэўна з АТА. І ён ані слова не кажучы руку выставіў — маўляў, дай пяць. Я даў, не стаў ужо яму тлумачыць, што тут па іншых справах», — узгадвае Дзмітрый.

З Беларусі прадуктаў не бяруць, ва Украіне яны таннейшыя. Выключэнні — хіба толькі тушонка і сухі гарохавы суп у брыкетах.

Палявая сталкерская кухня.

Палявая сталкерская кухня.

Таксама бяруць спальнікі, бялізну, посуд. Абавязкова — некалькі параў шкарпэтак. Ліхтары, батарэйкі да іх, плітка, балон з газам, фільтры для вады. Ужо ва Украіне набываюць сім-карты з інтэрнэтам, каб мець сувязь, ну і ежу. Непасрэдна перад уваходам у Зону заплечнік важыць 20—30 кілаграмаў, кажа Дзітрый. Воду набіраюць у Зоне, затым яе фільтруюць. Раней бралі наўпрост на прыстані, потым «калегі» падказалі іншае месца, напаўзатопленую былую помпавую станцыю, дзе вада лепшая.

Начуюць «сталкеры» ў пустых кватэрах. Па словах Дзмітрыя, можна знайсці і такія, дзе нават шпалеры не адклеіліся.

Спальнае месца ў закінутай кватэры.

Спальнае месца ў закінутай кватэры.

Вопратку і абутак пасля вандровак правяраюць дазіметрам. Дзмітрый кажа, што радыяцыю яны не набіраюць.

«Праўда, аднойчы сябры зайшлі ў падвал бальніцы, куды скідвалі вопратку першых ратавальнікаў, якая дзіка фаніць і па сёння. І потым свае боты яны выкінулі, бо яны таксама пачалі фаніць», — расказвае ён.

Бывае, што ў Прыпяці сустракаюцца і сабакі. «Сталкеры» іх падкармліваюць. Дзмітрый кажа, што правяраў дазіметрам — сабакі не фаняць.

Бывае, што ў Прыпяці сустракаюцца і сабакі. «Сталкеры» іх падкармліваюць. Дзмітрый кажа, што правяраў дазіметрам — сабакі не фаняць.

Радыеактыўныя элементы назапашваецца ў арганізме. Але «сталкераў» гэта не надта палохае. Яны сцвярджаюць, што не ходзяць у небяспечныя месцы. У апошнія дзве паездкі, кажа Дзмітрый, ён і дазіметр не браў. Кажа, а што яго браць, калі ўсе мясціны ўжо добра ведаеш? Але, па словах Дзмітрыя, раней дазіметр быў заўсёды пры ім:

«Пастаянна правяралі фон. Аднойчы ішлі па дарозе — выставілі дазіметр так, каб ён падаваў сігнал пры небяспечным фоне. Пачулі, нібыта машына едзе, схаваліся ў кустах — а там паказвае амаль у два разы вышэй, чым мы спадзяваліся. Прайшлі далей — а там ён паказваў часам зусім дзікія лічбы. Такія месцы стараліся праходзіць хутка».

Кажуць, што ў Зоне нельга паліць вогнішча. Але, кажа Дзмітрый, ён з сябрамі часам палілі: «Калі паліш вогнішча, фон не надта павышаецца. Але попел фаніць ужо нармальна».

Большыя непрыемнасці, чым радыяцыя, могуць даставіць праваахоўнікі. Але зноў жа — заплаціш штраф і адпусцяць. Падчас адной з вандровак, як толькі Дзмітрый з сябрамі ўвайшлі ў Прыпяць, як трапілі міліцыі.

На даху дома побыту «Юбілейны»

На даху дома побыту «Юбілейны»

«Нас адвезлі ў Чарнобыль, у вайсковую частку, там мы пераначавалі. Не сказаць, што трымалі пад вартай, але выходзіць за межы размяшчэння часткі забаранілі. Пасадзілі нас у пакойчык, дзе быў яшчэ адзін украінскі «самаход» і адзін з Расіі. А ў нас былі і кілбасы, і мука для бліноў, і плітка… Ну і алкаголю трохі. Карацей, як развялі мы кулінарыю, дык праваахоўнікі пачалі заглядваць да нас у госці. Прыйшлося частаваць іх блінамі, — смяецца Дзмітрый. — На наступны дзень, нашу кампанію, як замежнікаў, адправілі на Славуціч. Заплацілі мы штраф — адносна невялікі — ды і ўсё».

Яшчэ адна небяспека Зоны – звяры. Дзмітрый кажа, што ваўкоў не бачыў. А лася, лісу сустракаў. Таксама частыя госці ў Прыпяці – дзікі.

«Вялікая небяспека — дзікі. Сустракаў іх часта. Аднойчы мы абжылі кватэру на другім ці трэцім паверсе. Увечары стамляешся, а інтэрнэт унізе ловіць дрэнна. Мы падняліся на 9 паверх, «патупіць» у тэлефоны трошкі. Сядзім — чую, шум на вуліцы. Блін, думаю, напэўна, міліцыя па нашы душы. Выглядваю — а там кабаны, цэлая вялікі статак, галоў 50. Я выкінуў бутэльку нейкую з вакна — яна разбілася аб асфальт, дзікі напужаліся, збеглі.

А яшчэ быў выпадак, калі вялікі статак сустрэлі на зямлі. Там былі маткі з малымі, а гэта ўжо вельмі небяспечна.

І дрэваў побач не было, каб залезці. Таму проста замерлі і стаялі, пакуль яны пройдуць, — узгадвае Дзмітрый. — А аднойчы, нечакана ўвечары спаткалі турыстаў. Яны звычайна прыязджаюць удзень, таму мы таксама нармальна так перапалохаліся. Але хуценька збеглі, яны нас нават не заўважылі».

Акрамя звяроў і міліцыі ў Зоне баяцца няма чаго. Сам Дзмітрый — чалавек без забабонаў. У містыку асабліва не верыць. Тым больш, што і баек ці легендаў пра Зону сярод «сталкераў» не ходзіць. Ва ўсякім выпадку, Дзмітрый не чуў. Затое ходзяць жарты.

Беларуская суполка «сталкераў», у якую ўваходзіць і наш суразмоўца, атрымала нават назву «Korogod Group» — у гонар невялікай вёскі Карагод, што за некалькі кіламетраў ад Чарнобыля. 

Дарога на Карагод.

Дарога на Карагод.

«Я разумею, што Зона — месца вялікай трагедыі. Але, раней гэта ніколі на мяне не ціснула. А вось у апошнія тры разы, калі ў цемры падымаліся ў шматпавярховіку — чамусьці было не па сабе. Я ішоў апошнім і часам ажно перадзёргвала. Азірнешся, ліхтаром пасвеціш — не, нікога там няма. Але зноў жа, гэта ў мяне так. Маім спадарожнікам было нармальна».

Шматпавярховікі ў Прыпяці.

Шматпавярховікі ў Прыпяці.

У Зоне хапае цікавых месцаў, кажа Дзмітрый. Ён нават склаў штосьці накшталт уласнага топ-5 адметных месцаў:

1. «Завод «Юпіцер», які працаваў на абаронку, — там агромністая тэрыторыя. Засталіся і станкі, і печы, і лабараторыі…

2. Вайсковы гарадок Чарнобыль-2, ці яго яшчэ называюць проста Ч-2. Там знаходзіцца «Дуга» — былы сакрэтны аб’ект, гіганцкая радыёлакацыйная станцыя, якая працавала на сістэму ранняга выяўлення пускаў міжкантынентальных балістычных ракет.

Дзмітрый з сябрамі каля «Дугі».

Дзмітрый з сябрамі каля «Дугі».

Гэта нібыта агромністыя краты — у 100 і 150 метраў вышынёй і амаль паўкіламетра ўдоўжкі. Наверх лезці займае каля 40 хвілін. Але калі залезеш… там ёсць на вялікай антэне маленькая пляцоўка, выходзіш — і пад табой нібыта нічога няма. Ты на вяршыні свету.

3. Дзіцячы садок №4 «Залаты пеўнік». Менавіта той, з дзіцячымі цацкамі.

Цацка з садка.

Цацка з садка.

4. Цэнтр горада. Гэта дом культуры «Энергетык» і гатэль «Палессе».

За спінай Дзмітрыя — ДК «Энергетык».

За спінай Дзмітрыя — ДК «Энергетык».

5. Школа №2. Там абвалілася палова будынка і нібыта ў разрэзе бачныя парты, мэбля…

У школе №2

У школе №2

Увогулё, там усё цікава. І закінуты басейн, і стадыён, на якім ужо вырас цэлы лес… Усё цікава».

У парку адпачынку.

У парку адпачынку.

Падчас сваіх вандровак Дзмітры з сябрамі не толькі абыходзяць звыклыя мясціны. Часам, надыходзіць і натхненне.

«У адну з вандровак набралі свечак. Увечары пайшлі да двух 16-павярховікаў. У адным быў фатограф, а ў іншым мы паразносілі гэтыя свечкі па кватэрах, пазапальвалі іх там — і нібыта жылы дом атрымаўся. Прыгожа. Мне даўно хацелася так зрабіць — і вось, удалося», — расказвае ён.

Той самы «жылы» шматпавярховік.

Той самы «жылы» шматпавярховік.

Акрамя Зоны, Дзмітрый з сябрамі паездзіў і па Беларусі — былі на закінутых складах зброі ў Рэчыцы, у ракетных шахтах у Смаргоні… Аднак, усё адно, неаднаразова вяртаўся ў Прыпяць.

«Там час спыніўся. Гэта экскурсія ў мінулае, ты нібыта трапляеш назад у Савецкі Саюз. Я ня ведаю, дзе яшчэ такое можна адчуць.

Я ўсё ўжо там бачыў… Але ўсё роўна хочацца ізноў паехаць. Цягне ў Прыпяць. Ці паеду яшчэ раз — не ведаю. Жонка супраць… У перадапошні раз, у лістападзе 2015-га ездзіў, дык перад паездкай прыйшлося дастаць грошы з заначкі і набыць жонцы залатыя завушніцы — каб адпусціла, — прызнаецца Дзмітрый. — А апошні раз быў зусім нядаўна — якраз вярнуўся з Прыпяці дамоў чатыры дні таму. Гэта і экстрым, і адпачынак… Бо тут працуеш-працуеш, працуеш-працуеш — пастаянна на тэлефоне, па 150 званкоў штодня. І так увесь час: праца-дом-лецішча, праца-дом-лецішча… А туды вырвешся на тыдзень — зусім іншы свет. І не тэлефануе ніхто».

Што цікава, у Дзмітрыя на працы ёсць некалькі былых ліквідатараў аварыі на Чарнобыльскай АЭС:

«Я не хаваю, куды езджу. Але яны мне нічога не кажуць — толькі круцяць пальцам ля скроні. Лічаць, напэўна, што я вар'ят».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?