Наталля Арсеннева, здымак Янкі Сурвілы

Наталля Арсеннева, здымак Янкі Сурвілы

у пятыя ўгодкі

Весні ранак. Ужо на парозе
я спыняю знянацку хаду:
надта хораша зноўку бярозы
карагоды на ўзгорках вядуць!

Іх імклівыя рукі на сіні
далячынь ткуць празрысты вузор.
Курапаты, Чарнобыль, Катыні
ім не засцяць ні вёснаў, ні зор.

Мне ж… мне мроіцца іншае ранне:
Хлопчык з пужкаю… статак… раса…
Ўпершыню ў поле выгнаў ён сёння,
красавік… Люба ў сонцы гайсаць!

Сонца ж — скрозь! Уваччу, у лазовым
жоўтым пухам прыбраным галлі,
нат у шчаснасці той без назову,
ад якое аж сэрца баліць!

І няўпрыцям нікому з худобы
чалавечай, што стоены сцень,
чорны сцень, найчарнейшы — Чарнобыль —
ужо крые, пакрыў іхны дзень.

Што з худой пастушковае жменькі
хутка выпадзе пужка, што ён,
як і безлічы меншых маленькіх,
моўчкі прымуць пакутлівы скон,

што узноў над маёй Беларусяй
прарасце, забуяе бяда,
што… ды лепей вазьму памалюся,
да людскога і свой боль дадам.

Божа, Божа! Адзіны ў сусвеце,
хто ўсё знае, усё можа, — зрабі ж,
каб за нас не пакутвалі дзеці,
не яны каб, а мы неслі Крыж!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?