Пасля гібелі двух мужчын у храме Светлагорска святара Уладзіміра Сямёнава вызвалілі ад пасады.

Нагадаем, раніцай 20 красавіка ў адным з памяшканняў храма ў Светлагорску былі знойдзены целы двух рабочых, якія займаліся рамонтам у царкве. Прыкмет гвалтоўнай смерці у мужчын, адзін з якіх 1985 года нараджэння, а другі 1982-га, следчыя не знайшлі.

Устаноўлена, што мужчыны памерлі ў выніку атручвання прадуктамі гарэння прыроднага газа.

Па выніках пасяджэння епархіяльнай рады Гомельскай епархіі быў прыняты шэраг адміністрацыйных і кадравых рашэнняў. Рада пастанавіла прыходу храма Святых апосталаў Пятра і Паўла ў Светлагорску ў поўным аб'ёме ўзяць на сябе ўсе матэрыяльныя выдаткі, звязаныя з пахаваннем загінулых. Імёны памерлых будуць унесены ў сінодзік прыходаў Гомельскай епархіі для пастаяннага згадвання падчас літургіі.

У сувязі з трагічным здарэннем адмененыя мерапрыемствы Велікоднага фестывалю ў Светлагорску, запланаваныя на 14 мая.

Епархіяльная рада пастанавіла вызваліць протаіерэя Уладзіміра Сямёнава ад пасады благачыннага цэркваў Светлагорскай акругі. На гэтую пасаду прызначаны Аляксандр Кісель, настаяцель прыхода храма Прэабражэння Гасподняга ў Светлагорску.

На пасяджэнні нагадалі, што епархіяльныя рады Гомельскай епархіі неаднаразова прымалі пастановы аб прывядзенні ў адпаведнасць з заканадаўствам і тэхнічнымі рэгламентамі і рэкамендацыямі сістэм супрацьпажарнай бяспекі, захаванні тэхнічных нормаў эксплуатацыі будынкаў, правядзенні ўсіх будаўнічых, рамонтных і іншых работ у строгай адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам. Было вырашана стварыць епархіяльным камісію па ахове працы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?