На Зьмітра Паліенку быў складзены пратакол за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце супраць аб’яднаньня з Расеяй, які прайшоў 2 красавіка каля амбасады Расеі.

Зьміцер Паліенка на пікеце быў у масцы, але сьведкі-міліцыянты заявілі суду, што пазналі актывіста і ідэнтыфікавалі яго асобу паводле адмысловай базы фатаздымкаў. Судзьдзя Міхаіл Хома аштрафаваў Зьмітра Паліенку, які ў суд не зьявіўся, на 20 базавых велічынь (4 200 000 беларускіх рублёў).

Актывіста Вячаслава Касінерава судзілі за тое, што ён 8 красавіка каля будынку Сьледчага камітэту на вуліцы Сапёраў у Менску вывесіў банэр «Рукі прэч ад антыфашыстаў».

Фота Ірыны Арахоўскай

Фота Ірыны Арахоўскай

Вячаслаў Касінераў быў затрыманы міліцыянтам Уладзімірам Боханам, які, паводле ягоных слоў, «проста праяжджаў побач». Паводле сьведкі гэта было а 18.15 вечара. Але ў пратаколе, які склаў супрацоўнік Цэнтральнага РУУС Дзяніс Прэсьняк, пазначана, што правапарушэньне адбывалася а 18.50.

«Суд ня можа разглядаць справу, у якой ня высьветлены час правапарушэньня, і мусіць адправіць матэрыялы справы на дапрацоўку», — зазначыла судзьдзя Вікторыя Шабуня.

Вячаслаў Касінераў не хаваў у судзе, што правёў акцыю каля Сьледчага камітэту з мэтай салідарнасьці са сваімі сябрамі-антыфашыстамі.

«Сьледчы камітэт яўна перасьледуе антыфашыстаў Валавіка, Бойку і Цэхановіча паводле палітычных прычын. Іх ужо другі месяц трымаюць на Валадарцы, мы спрабуем ім дапамагаць, чым можам. У Вадзіма Бойкі бацькі інваліды, у Ільлі Валавіка за гэты час нарадзіўся сын. Справа іх двухгадовай даўніны, там страты былі на 280 тысяч, іх даўно кампэнсавалі, але прыйшоў загад перасьледаваць «левых», вось за іх і ўзяліся», — распавёў пасьля суду Вячаслаў Касінераў.

Сам Вячаслаў Касінераў вядомы як «графіціст», які быў аштрафаваны паводле крымінальнай справы аб намаляваньні лёзунгаў «Беларусь мусіць быць беларускай» і «Рэвалюцыя сьвядомасьці, яна ўжо ідзе».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?