Фота Сяргея Гудзіліна.

Фота Сяргея Гудзіліна.

Гэта не ліст у рэдакцыю, не скарга, на якую чакаюць адказу ад кампетэнтных устаноў. Гэта апавяданне, ганарар за якое прашу пералічыць у прэміяльны фонд мытні на беларуска-­літоўскай мяжы «Каменны Лог».

Я абсалютна не ведаю, што робіцца цяпер на мытні ў Брэсце, на ўкраінска­-беларускай мяжы, але чула, што казалі людзі: беларускія мытнікі вычышчаюць усё так, што ўкраінцам ужо няма там чаго рабіць.

Вось маем славу дык маем! А хіба нашы мытні не ёсць тварам дзяржавы?! Таму я мяркую, калі пра тое, што робіцца на нашых мытнях, ведаюць нейкія тысячы беларусаў, то чаму б не ведаць астатнім мільёнам? І чаго мне так баяцца — жанчыне пенсійнага ўзросту з 32­-гадовым хірургічным стажам? Ці я не прывыкла за жыццё самастойна прымаць рашэнні? А калі ўлічыць, што самае страшнае перажыла, бацькоў пахавала, то і казаць няма чаго.

Мела я і належнае выхаванне: матчына маці, якая паходзіла са збяднелай шляхетнай сям’і, была двойчы ўдава і адна змагла даць чатыром дзецям вышэйшую адукацыю, даводзіла мне: «Ніколі нікога не бойся!»

У 1966 годзе бацька завёў мяне за ручку ў першы клас нямецкай спецшколы, і мову я вывучыла. А праз гэта ведаю яшчэ былую савецкую мытню ў Брэсце: нас, школьнікаў, пасылалі неаднаразова на практыку ў Патсдам. Тады на мытні было прыстойна, а цяпер? А цяпер самае цікавае…

Маёй свекрыві 92 гады, яна кепска ходзіць, разам з мужам мы даглядаем яе. А тут неспадзяванка — сапсавалася колавая гума на аўто: уся парэпалася, збоку вылез нейкі гуз, ездзіць стала небяспечна.

Я збіралася ў Вільню, адведаць сям’ю роднага матчынага брата і, карыстаючыся магчымасцю, прывезці патрэбную гуму. Муж застаўся у Мінску з маці. Паехала я са знаёмым на офісным аўтамабілі з усімі адпаведнымі паперамі.

У Вільні ўсё было цудоўна: хутка набылі тую гуму і рушылі назад. А 15 гадзіне 5 красавіка прыехалі ў «Каменны Лог», сталі ў «чырвоны калідор», запоўнілі дэкларацыю.

Перад намі было чатыры машыны. У чарзе злева, у «зялёным калідоры», і за намі — аўтамабілі з расійскімі, польскімі, літоўскімі нумарамі. Чарга не рухалася. Паміж гэтымі калідорамі сноўдалася шмат нейкіх каржакаватых не надта паглядных хлопцаў у амаль аднолькавых скураных куртках. Запусцілі першыя чатыры машыны за шлагбаўм, паміж імі пачаў скакаць адзіны мытнік. Потым проста на асфальце паслалі каравую капу, на якую пачалі вытрасаць усё змесціва аўтамабіля з нямецкімі транзітнымі нумарамі. Не грэбавалі нават рулонамі туалетнай паперы. Гаспадары іншамаркі па чарзе лёталі гэта ўсё ўзважваць.

Спектакль цягнуўся доўга, «чырвоная чарга» не рухалася, за намі вырас «хвост». Назіраў за спектаклем увесь калейдаскоп машын Еўрасаюза. Потым аўтамабіль адцягнулі ўбок, атачылі пярэдняе кола нечым накшталт бараны з вострымі зубамі, замкнулі на замок. А каб не змаглі збегчы з прапоратым колам — ззаду замкнулі яшчэ адно прыстасаванне. Такі самы лёс напаткаў дзяўчат з гродзенскімі нумарамі, у якіх мытнік выварочваў дамскія сумачкі і якія таксама бегалі нешта ўзважваць. Такім жа чынам запынілі мікрааўтобус. Дайшла чарга да нас…

Той самы ўзмакрэлы мытнік перш-­наперш узважыў кола, якое пацягнула на 10 кг. Склалася ўражанне, што калі б яно важыла болей (везці аднаму чалавеку дазволена 50 кг), то машына паедзе на трох колах. Потым аказалася, што нашы колы нельга рэгістраваць на аўтамабіль, на якім мы едзем, бо ён належыць установе, а не фізічнай асобе.

Я звязалася з мужам, каб ён прывёз дакументы на нашу машыну. Муж папрасіў добрага знаёмага, каб дапамог у гэтым пытанні, паехаў з ім сам, пакінуўшы старую маці. Аўтамабіль, на якім мы ехалі з Вільні, таксама адцягнулі ўбок і атачылі «бараною». За той час, што мы там стаялі, давялося пачуць проста неверагодныя рэчы, не буду іх пераказваць.

Надыходзіла так званая «перазменка», дакументы яшчэ не падвезлі. Нас адамкнулі і зноў накіравалі ў хвост чырвонага калідора, дзе было шмат аўтамабіляў. Чарга амаль не рухалася.

Тыя ў скуранках назіралі, зноў адзіны, ужо новы, мытнік кідаўся ў шахматным парадку ад аўто да аўто. Мы нанова прайшлі пашпартны кантроль і нарэшце трапілі паміж шлагбаўмамі. Муж прывёз усе паперы, у тым ліку генеральную даверанасць на маё імя.

Раздражнёны злы мытнік счапіўся з маім напарнікам, адмовіў у маім праве везці колы ў Мінск, бо машына зарэгістравана на імя мужа.

Мой суправаджаючы пайшоў шукаць начальніка змены. Знаёмы, што прывёз мужа, вярнуўся ў Мінск на працу. Муж, спадзеючыся, што зараз мы выедзем, чакаў за шлагбаумам на ўездзе ў «Каменны Лог». Ад начальніка суправаджаючы прыйшоў абсалютна разгублены і сказаў, што нам трэба вяртацца ў Літву і вярнуць гуму. Такая начальніцкая прапазіцыя ніяк не магла мяне задаволіць. Прыйшлося самой з паперамі, пашпартам і даверанасцю паўзці на трэці паверх у 18-­ы кабінет.

Там сядзела трое: начальнік, яшчэ не стары маёр вагою не менш як 150 кг, які нават не прапанаваў мне сесці; яшчэ адзін мытнік сталага веку і маладая прывабная жанчына ў такой самай скураной куртцы. Жанчына корпалася ў паперах.

З галаўным болем давялося слухаць спецыфічную трасянку наконт «незнаніе законов не спасает от ответственності», «генеральная доверенность вас не спасёт», «супруга не является владеліцей машіны». Дазвольце, а ў якім нашым тэхпашпарце вы бачылі, што набыты аўтамабіль рэгіструюць адначасова на прозвішчы мужа і жонкі?

Прывабная пачала пад’ялдыківаць: «Вы кем работаете?» Адказваю, што маю спецыяльнасць хірургічнага кірунку. Яна зноў: «Вы же операцію делаете по стандарту?» Дзе вы бачылі аднолькавы стандарт у чалавечым арганізме? Кожны раз уласная анатомія. Што гаварыць…

Начальнік вырашыць пытанне не хоча, спасылаючыся на нейкія дадатковыя інструкцыі. «Едзь у Літву!» — гучыць, як загад. А што мне там рабіць? На пытанне, хто ёсць над ім, не адказвае. Ну што ж. І ўсё­-такі даведваюся, што вышэй за яго стаіць таварыш Сафронаў. Начальнік, лічачы, што ён дасканала валодае рускай, на сваёй трасянцы прапануе растлумачыць мне тое, што ён гаворыць, па-­беларуску. Пераходжу на беларускую, ён дзіўна глядзіць на мяне і змаўкае.

Іду да аўтамабіля. Перада мною вырастае галоўны правяраючы ў скураной куртцы і звяртаецца па­-беларуску. Ужо патэлефанаваў начальнік. Правяраючага цікавіць, хто я ёсць насамрэч. Дапытвае прафесійна. Раптам ледзь не бяжыць таварыш Сафронаў.

Прашу яго па­добраму, тлумачу, што сітуацыя сапраўды нестандартная, але патрэбныя паперы на руках, а гаспадар чакае за шлагбаўмам. Спрабую давесці, што дырэктары, галоўныя дактары, начальнікі для таго, каб браць на сябе адказнасць у нестандартнай сітуацыі, з якой ёсць выйсце. Я магу напісаць заяву. У рэшце рэшт заплачу ў касу штраф за неналежнае выкананне нейкага пункта.

Каля нас круціцца малады мытнік, спрабуючы ўратаваць ад мяне таварыша Сафронава. Прашу яго нам не перашкаджаць, бо таварыш Сафронаў сапраўды можа рашыць. Ад маладога атрымліваю адказ, што ён таксама начальнік. Дзякуй Богу!

Прозвішчы гэтых дзейных асоб не магу паведаміць, бо ноччу складана было прачытаць. Ні адзін начальнік, ні другі, ні малады, баючыся правяраючага, не ўзялі адказнасць за вырашэнне пытання.

Таварыш Сафронаў прапануе ехаць у Літву. А трэцяй гадзіне ночы! Таварыш Сафронаў цешыць мяне тым, што толькі што адаслаў ці то ў Літву, ці то ў Польшчу старога дзеда, які на аўтамабілі, што зарэгістраваны на жонку, хацеў правезці два колы. Як вы лічыце, з чатырох колаў аўтамабіля колькі належыць мужу, а колькі жонцы?

У адну з паездак у Вільню ў памяшканні, дзе нас надглядалі на літоўскім баку, на падлозе ляжаў сабака з разумнымі вачыма. Аўчарка. Той сваю справу ведае: унюхае наркотык — перад табою вораг, а калі не — то вязі ты ўсё, што табе трэба. А замест гэтых начальнікаў прапаную пасадзіць аднаго робата і зарплату не плаціць. Запраграмаваць яго — і хай бубніць сабе параграфы. А дзяржава пабагацее.

Безумоўна, пэўная ступень віны за мною ёсць, але ж і мытнікі трымалі наш аўтамабіль 12 гадзін.

Чым скончылася?

Стомленасць страшэнная, з сямі раніцы на нагах. Шкада часу. Яшчэ раз тэлефаную мужу. Уся хеўра правяраючых услухоўваецца, з кім гэта я гавару. Недалёка стаіць кіеўскі аўтобус. Іду да кіроўцаў папрасіць, каб узялі да Мінска мужа. Яны стаяць, разгубленыя, баяцца, бо на сорак з нечым пасажыраў маюць чатыры лішнія бутэлькі віна. Эх, мытнікі, мытнікі! Хай бы адзін з вас зайшоў у аўтобус і прапанаваў: «У маёй прысутнасці выпіць гэта ўсім разам, ды і каціце далей». Не, дзе там! Увесь персанал мытні мае дакументальныя твары. Згадзіўся ўзяць майго мужа кіроўца невялікага аўто. Не паведамляю нумар, а то прычэпяцца да добрага чалавека.

Я і знаёмы, як кажуць на Наваградчыне, з усім чэкерам накіроўваемся ў Еўрасаюз. Зноў праходзім пашпартны кантроль на тым баку. Бачу здзіўленыя вочы літоўскай памежніцы.

З’яўляецца ветлівы, малады, выкшталцоны мытнік Еўрасаюза ў прыгожай форме. Калі чуе, што жанчына вязе немаведама куды чатыры гумавыя шыны, то непадробна здзіўляецца: «Как это? Глубокой ночью своіх отправілі в чужую страну?!» Ён раіць трохі ад’ехаць ад мяжы і схаваць гуму ў прыдарожных кустах.

Вы ўяўляеце карціну: поўзаць у цемры, як злодзей, і нешта хаваць. Ноччу нічога не відаць, а днём нехта ўбачыць. Вяртацца ў Вільню і падымаць вэрхал у родзічаў не выпадае.

Але ж і свет не без добрых людзей… Запынілі літоўскі аўтамабіль, які ехаў за намі, хацелі папытацца, куды нам падацца. Простыя людзі прапанавалі пакінуць гуму на некалькі дзён у іх, далі свой тэлефон, растлумачылі, дзе забраць.

Я ведаю, калі на «Каменным Лозе» гэта прачытаюць, то будуць смяяцца. Начальства будзе гладзіць сваіх службоўцаў па галоўцы за тое, што праявілі пільнасць.

А як жа быць з генеральнай даверанасцю, дзе па­руску напісана, што «я, жонка, маю права валодаць, карыстацца (кіраваць) аўтамабілем, даглядаць яго, рабіць неабходны рамонт (чытай: везці гуму), распісвацца за мужа» і здзяйсняць фармальнасці, з гэтым звязаныя. Так што трэба вашым юрыстам удакладніць патрэбныя пункты і дапрацаваць належным чынам гэтыя правілы. А на сёння: «Таможеннікі правы по умолчанію». Кропка.

Гэта апавяданне для ўсіх беларусаў. Вельмі ўважліва чытайце тое, што яны выклалі на сайт, асабліва сачыце за дадатковымі інструкцыямі.

Што ж тычыцца атмасферы мытні, то, па­першае, адзін­-адзіны мытнік таксама не можа ўважліва ацаніць нейкую канкрэтную сітуацыю, асабліва калі наляцела армія правяраючых. Усе трымаюцца за сваё месца. Таварыша Сафронава, напрыклад, вельмі цікавіла, адкуль я даведалася яго імя. Не сказала і не скажу. Прыкра ад знявагі і вельмі непрыемна, сорамна за іх паводзіны. Нехта ж зверху кіруе гэтым спектаклем, ствараючы жахлівае аблічча Беларусі. Толькі і чуем пра гасціннасць Беларусі — «страна гостепріімства». А дзе ж гасціннасць была ў ноч з 5 на 6 красавіка?

Па­-жаночаму хачу даць параду кабетам і дзяўчатам: калі ў вас праблемы з вагою, не дапамагаюць сучасныя дыеты, спа­-салоны, то купіце чатыры гумавыя шыны на свой аўтамабіль (павінен быць зарэгістраваны на мужа, якога пакіньце з хворай маці) — і за адну ноч станеце як таполя, знікнуць нават хрушчоўскія тлушчавыя назапашванні.

Мае перажыванні для мытнікаў як слёзы купрынаўскай Хіўры, «у которой выпустілі пух із подушек». Лічу, што ўсю іх змену трэба ўзнагародзіць медалём з грашовай дапамогай. Гэткая звышпільнасць усіх разам!

Той першы начальнік, што ўтаропіўся ў камп’ютар, не разумее, што жанчыне трэба прапанаваць прысесці, няважна дзе, а на дзяржаўнай мяжы трэба быць проста бездакорным. Мне, як спецыялісту, відаць, што ён мае ўжо прэдыябет з наступнымі вынікамі. Ва ўсіх дзейных асоб проста ваўчыныя вочы.

Хачу прапанаваць старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэта і тым, хто адказвае за выхаваўчую работу, абавязкова запланаваць для вывучэння ўспаміны Сяргея Грахоўскага і Яна Скрыгана, якія адседзелі ні за што з 1936 па 1953—1954 гг., раман «У падзямеллі» Міколы Аўрамчыка, які зноў надрукаваны ў серыі «Беларускі кнігазбор». Гэты раман аб тым, як аўтар у 22 гады трапіў у нямецкі палон, у шахты, і як просты немец­шахцёр, рызыкуючы жыццём, падкармліваў маладога беларускага хлопца з Бабруйшчыны. Мікола Якаўлевіч жывы і сёння. Яму споўнілася 96 гадоў.

Нялішнім будзе пачытаць творы Лукаша Калюгі, ураджэнца цяперашняй Дзяржыншчыны, адчуць мову, мараль, этыку, добры дух беларускай нацыі. Ва ўзросце 28 гадоў ён загінуў у НКВД і быў амаль адзіным, хто нічога не падпісаў і нікога не выдаў.

Яшчэ не позна. Тады не будзе гэтых брыдкіх брудных прасцірадлаў на асфальце, гэтага здзеку і адсутнасці культуры.

За савецкім часам, калі трэба было каго­-небудзь агледзець на мытні, існавала спецыяльнае памяшканне.

За жывыя душы начной змены ў ноч з 5 на 6 красавіка я пастаўлю свечкі ў царкве і закажу імшу ў касцёле. Павагі ва ўсёй гэтай сумнай гісторыі варты толькі той разумны сабака.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0