Паводле сцэнара вайскоўцы-разведчыкі Беларусі, Казахстана, Кыргыстана, РФ і Таджыкістана шукалі і знішчалі «незаконныя ўзброеныя фарміраванні» ва ўмовах горнай мясцовасці.
Агулам у вучэннях бралі ўдзел каля 1500 вайскоўцаў, але невялікі беларускі атрад здолеў годна сябе паказаць, піша vsr.mil.by.
Беларускія спецыялісты па радыёэлектроннай разведцы першымі заўважылі актывізацыю радыёабмену праціўніка і знайшлі месца выхаду ворага на сувязь.
Палкоўнік Алег Тупік, прадстаўнік Генштаба беларускай арміі на вучэннях, адзначыў высокую якасць уніформы і берцаў, якія выкарыстоўваліся беларускімі жаўнерамі.
«Гэтыя ўзоры формы маюць цудоўныя маскіравальныя якасці… Новыя берцы і форма, якія вырабляліся на беларускіх прадпрыемствах, цудоўна паказалі сябе», — адначыў ён.
На фота відаць новы крой, які амаль цалкам паўтарае амерыканскую армейскую баявую ўніформу — ACU.
«Скапіравалі нават «ліпучку» на грудзях для пазначэння рангаў, як у амерыканскай арміі, хоць нашы яе не выкарыстоўваюць, бо пакінулі пагоны», — адзначыў беларускі рэканструктар і спецыяліст па гісторыі ўніформы Антон Чулкоў.
Падчас вучэнняў беларускія разведчыкі захоплівалі мінамётныя пазіцыі «баевікоў», вялі агонь з мінамётаў, паказвалі майстар-клас па тактычнай хуткаснай стральбе.