Дэпартамент па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС МНС Беларусі ініцыяваў разбор пасля публікацыі матэрыялу агенцтва Асашыэйтэд Прэс аб шматразовым перавышэнні нормаў радыенуклідаў у малацэ з фермы, размешчанай недалёка ад чарнобыльскай зоны. Пра гэта паведаміў першы намеснік начальніка дэпартамента Анатоль Загорскі.

Нагадаем, матэрыял Асашыэйтэд Прэс быў апублікаваны 25 красавіка. У ім паведамлялася, што малако з фермы ў Хойніцкім раёне (Гомельская вобласць), якое паступае на гомельскае прадпрыемства «Мілкавіта», было праверанае на радыенукліды ў Мінскім цэнтры гігіены і эпідэміялогіі, і ў ім выяўленае ўтрыманне стронцыю-90, якое ў дзесяць разоў перавышае норму.

У Мінскім цэнтры гігіены і эпідэміялогіі гэтыя звесткі абверглі. Там заявілі, што па ўтрыманні цэзію-137 малако адпавядала норме, а вымярэнне на стронцый-90 не праводзілася з прычыны надастатковасці дастаўленага аб'ёму малака. Недакладнай назвалі публікацыю і ў кампаніі «Мілкавіта».

Між тым аўтар артыкула Юрась Карманаў сцвярджае, што ў яго ёсць заключэнне Мінскага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Увечары 26 красавіка здымак адпаведнага пратакола вымярэнняў з'явіўся ў СМІ.

Дэпартамент па ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС запытаў звесткі аб ферме ў Гомельскім аблвыканкаме, а таксама звярнуўся па тлумачэнні на прадпрыемства «Мілкавіта» і ў лабараторыю, дзе даследавалася малако.

Адказ, паводле слоў Анатоля Загорскага, прыйшоў толькі з «Мілкавіты». Кампанія паведаміла пра тое, што ў іх арганізаваны жорсткі кантроль утрымання радыенуклідаў у малацэ і малочных прадуктах і перавышэння ўтрымання радыенуклідаў у прадукцыі няма.

Загорскі, у сваю чаргу, сцвярджае, што на прадпрыемствах Беларусі ажыццяўляецца ўваходны і выходны кантроль малочнай прадукцыі, кампаніі маюць магчымасць рабіць аналізы на радыенукліды. «Кожная партыя прадукцыі, якая паступае на прадпрыемства, павінна правярацца на радыенукліды — і цэзію-137, і стронцыю-90. На амерыцый прадукты масава не правяраюцца, бо сельскагаспадарчая прадукцыя на тэрыторыях, дзе ён распаўсюджаны, не вырабляецца», — растлумачыў намеснік начальніка дэпартамента. Ён падкрэсліў, што выпуск прадукцыі з перавышэннем радыенуклідаў прыводзіць да адказнасці аж да крымінальнай.

Кажучы пра даследаванне малака ў Мінскім цэнтры гігіены і эпідэміялогіі, Загорскі зазначыў, што дэпартамент не можа судзіць, як яно праводзілася. Пры гэтым ён пацвердзіў словы прадстаўніка цэнтра аб тым, што пры праверцы на стронцый-90 прадукт павінен быць спалены, бо па методыцы даследаванне павінна рабіцца ў сухім астатку. Для такога даследавання неабходна як мінімум тры літры малака, у той час як журналіст падаў на аналіз 1.100 г малака.

Загорскі таксама зазначыў, што ў выпадку выяўлення значнага перавышэння норм утрымання радыенуклідаў лабараторыя абавязаная паведамляць пра гэта свайму кіраўніцтву, а тое, у сваю чаргу, — вышэйшай інстанцыі і так па вертыкалі аж да Міністэрства аховы здароўя, дадаў Загорскі.

Намеснік галоўнага ўрача Мінскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Іна Кандрэскул, у сваю чаргу, заявіла БелаПАН, што малако, прывезенае з фермы ў Хойніцкім раёне, даследавалася толькі на ўтрыманне цэзію-137 — аналіз на стронцый-90 не праводзіўся з прычыны недастатковай колькасці прадукту. «Каб вызначыць утрыманне стронцыю-90, неабходна спаліць малако, на правядзенне аналізу неабходна сем дзён», — патлумачыла яна.

Кандрэскул сцвярджае, што здымак, які апублікаваны ў СМІ як заключэнне Мінскага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, не з'яўляецца пратаколам вымярэнняў, бо «на ім адлюстраваны не вынік, а працэс ідэнтыфікацыі радыеактыўных элементаў». «Гэта тэхнічная папера, якая не мае юрыдычнай сілы, свайго роду лакмусавая паперка, якая паказвае наяўнасць, але не колькасць», — падкрэсліла намеснік галоўнага ўрача.

У якасці прыкладу яна прывяла апублікаваны на сайце цэнтра ўзор даследавання малака на ўтрыманне стронцыю-90, які правяраўся ў лютым гэтага года для юрыдычнай асобы (http://minsksanepid.by/taxonomy/term/3). Пры гэтым Іна Кандрэскул дадала, што прыватным асобам пратаколы даследаванняў цэнтр не выдае.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?