Экс-сенатарка Ганна Шарэйка, якая знаходзіцца на лаве падсудных, і абвінавачаны па гэтай жа справе літоўскі бізнэсмэн Вальдэмарас Норкус спрабуюць афіцыйна аформіць свае адносіны. Аднак, як паведамляе «Радыё Свабода», пары ўжо неаднаразова адмаўляюць у гэтым.

Ганна Шарэйка, лявей на фота — бізнэсмэн Норкус. Фота: Вадзім Заміроўскі, TUT.BY

Ганна Шарэйка, лявей на фота — бізнэсмэн Норкус. Фота: Вадзім Заміроўскі, TUT.BY

У пачатку судовага працэсу стала ясна, што ўжо працяглы час Ганну Шарэйка звязваюць блізкія адносіны з партнёрам па бізнэсе, літоўцам Вальдэмарасам Норкусам. Мужчына цяпер таксама на судовай лаве. Аказалася, што яшчэ ў сакавіку пара падала заяву ў загс, нядаўна яны заявілі ў судзе хадайніцтва аб правядзенні роспісу ў следчым ізалятары.

Чакалася, што пасля перапынку ў судовым працэсе гэтая просьба будзе выкананая — але не.

Абаронца аднаго з падсудных патлумачыў «Радыё Свабода», што гэта не першая спроба Шарэйкі і Норкуса ажаніцца.

«Ім зноў адмовілі ў шлюбе. Гэта ўжо не першы раз. Яны ўпарта спрабуюць атрымаць такі дазвол, бо гэта іх права, але дазволу так жа ўпарта не даюць. Хоць закон не забараняе шлюбы не толькі ў турме, але і ў следчым ізалятары, яшчэ да заканчэння працэсу. Чаму так робяць? Магчыма, гэта звязана з лініяй абвінавачвання, якое лічыць, што паміж імі ўтварыліся блізкія адносіны і яны нібыта з-за гэтага дзейнічалі ў вызначаным кірунку. Але я лічу такое стаўленне недакладным. Гэта ж шлюб, блізкасць, як гэта можна не дазваляць…».

Дарэчы, сёння суд адмовіў пракурору Мяцельскаму ў агалошванні тэлефоннай размовы з удзелам Ганны Шарэйка. «Гэта асабістае», — растлумачыў суддзя Уладзімір Давыдаў і забараніў агучваць запіс. На думку боку сенатара, гэты запіс наогул не павінен была трапіць у справу, бо тычыцца асабістага жыцця падсуднай.

«На жаль, такая лінія следства. Добра, што суд гэта абмяжоўвае», — сказаў адвакат Ганны Шарэйка.

***

У Вярхоўным судзе працягваецца слуханне крымінальнай справы ў дачыненні да сенатара Ганны Шарэйка і яшчэ шасці супрацоўнікаў фабрыкі і прадстаўнікоў кампаній-пастаўшчыкоў, ім выстаўленае абвінавачванне ў злоўжыванні ўладай або службовымі паўнамоцтвамі, учыненым арганізаванай групай (арт. 18, ч. 3 арт. 424 КК). Па версіі следства, Шарэйка, будучы гендырэктарам Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі, уступіла ў карупцыйную змову са сваім сужыцелем Вальдэмарасам Норкусам, дырэктарам літоўскай фірмы «Даймас» і заснавальнікам кампаніі «Рускам-Р», праз якую ішлі пастаўкі ў Віцебск камбікармоў і кармавых дабавак.

Па словах пракурора, фірма Норкуса для заяўкі на конкурсе выстаўляла заведама заніжаную цану, але потым кошт павялічваўся за кошт транспартных выдаткаў і мытных плацяжоў. У выніку канчатковая цана замежнага камбікорму была значна вышэйшая за айчынную. Дзяржабвінавачанне ацэньвае шкоду ў 4 млрд рублёў.

Сваю віну не прызнала як Шарэйка, так і яе былыя намеснікі Надзея Семчанкова, Яўген Канавальчанка і Мікалай Камароў, і партнёры Вальдэмарас Норкус і Міхаіл Разжывін.

Шарэйка знаходзіцца пад вартай са жніўня 2014 года. Пры гэтым у 2011-2013 гадах, калі, па ацэнцы следства, дзеянні абвінавачаных наносілі фабрыцы шкоду, Віцебская бройлерная птушкафабрыка была прыбытковай, а 2014 год скончыла ў першай дваццатцы самых прыбытковых ААТ краіны (150 млрд рублёў чысты прыбытак). Па выніках трох кварталаў 2015 года, паводле дадзеных Мінфіна, яе чыстыя страты склалі 30 млрд рублёў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?