Грамадства136136

Велагоншчык Васіль Кірыенка: Беларуская мова — мёртвая, мне цікавей ведаць мову баскаў

«З колерам! З гонарам! З роварам!» — менскі велакарнавал «Viva, Ровар!» пройдзе 30 красавіка пад беларускамоўным слоганам. У той жа час «фронтмэнам» мерапрыемства стаў велагоншчык Васіль Кірыенка, які лічыць, што беларуская мова мёртвая і на ёй ніхто не размаўляе.

Васіль Кірыенка

Арганізатары велакарнавалу — Менскае роварнае таварыства і велаклюб «Менск» пры падтрымцы Менгарвыканкаму, а таксама Міністэрства спорту і турызму. Яны абяцаюць сабраць беспрэцэдэнтную колькасьць удзельнікаў — як мінімум удвая больш, чым леташні велапарад, на які выехалі блізу 3 тысяч аматараў двухколавага транспарту. Да 10 кілямэтраў супраць леташніх пяці павялічыцца дыстанцыя сьвяточнага велазаезду па праспэкце Пераможцаў.

«Беларускі стыль забрэндзіраваны ўжо ў самой назьве, што лішні раз падкрэсьлівае яго нацыянальную адметнасьць», — сказаў намесьнік міністра спорту і турызму Аляксандар Дубкоўскі, прэзэнтуючы праграму сьвята «Viva, Ровар!».

Часы, калі менскія раварысты ведалі адзін аднаго ў твар, прайшлі

Кіраўніца Менскага роварнага таварыства Анастасія Янчэўская дадае, што пра падобную імпрэзу велааматары марылі апошнія пяць гадоў, але толькі цяпер мары ўвасабляюцца ў рэальнасьць. Па яе словах, яшчэ ня так даўно менскія раварысты ведалі адзін аднаго ў твар і віталіся пры сустрэчы на ходніках ці ўзбочыне дарогі. Але езьдзіць па горадзе было нязручна. «Лічылі «пятымі кропкамі» ўсе бардзюры на сваім шляху», — кажа раварыстка. І вось нарэшце справа пачала зрушвацца.

Паводле зьвестак упраўленьня спорту і турызму Менгарвыканкаму, сёньня ў сталіцы 137 кілямэтраў пешаходна-роварных шляхоў, пракладзеныя 32 кілямэтры адасобленых веладарожак, пачалі паступова паніжаць бардзюры. І хоць паводле маштабаў гэта не параўнаць з традыцыйна гасьціннымі для раварыстаў эўрапейскімі краінамі, прагрэс ёсьць.

Адмысловым госьцем імпрэзы, якая мае паспрыяць папулярызацыі ровара ў штодзённым жыцьці, стаў адзін з самых славутых беларускіх прафэсійных велагоншчыкаў, чэмпіён сьвету па веласпорце, трыюмфатар першых Эўрапейскіх гульняў, пераможца леташняга этапу топавай «шматдзёнкі» «Джыра д’Італія» Васіль Кірыенка. На менскі велакарнавал спартовец паабяцаў прывезьці з роднай Рэчыцы трох дзетак, хоць малодшая, ягонымі словамі, яшчэ нават не дастае да пэдаляў:

«Я папярэдне пазнаёміўся са сцэнарам і бачу, што нарэшце і ў нас паступова набіраюцца замежнага досьведу — пачынаючы ад спрошчанай рэгістрацыі для звычайных людзей і заканчваючы канцэртнай праграмай. Асабіста мяне прываблівае, што імпрэза адпачатку заплянаваная не ў спартовым фармаце, а як культурніцкая, забаўляльная. Бо барацьба за сэкунды ўжо крыху надакучае. А калі выйдзе яскравае, запамінальнае сьвята, толку будзе куды больш. Шчыра запрашаю на карнавал прыйсьці разам зь дзецьмі».

«Беларуская мова — мёртвая, на ёй ніхто не размаўляе»

А вось нацыянальны кантэкст велапараду для беларускага гоншчыка брытанскай каманды Sky Procycling цікавасьці не ўяўляе. Адрозна ад шэрагу спартоўцаў, якія апошнім часам прыязна выказваліся на адрас і беларускай мовы, і гістарычнай сымболікі, Васіль Кірыенка не хавае, што ня бачыць у беларусізацыі аніякай карысьці. Сам ён валодае гішпанскай, італьянскай і на побытавым узроўні ангельскай. А вось беларуская ў сьпісе моўных прыярытэтаў ня значыцца.

Збольшага цяпер Васіль Кірыенка жыве ў Гішпаніі, дзе трэніруецца паміж адказнымі стартамі. Можа, таму, як сказаў ён у размове з карэспандэнтам Свабоды, для яго нашмат большую цікавасьць уяўляе фэномэн мовы Краіны Баскаў, што побач зь ягонай Памплонай:

«У мяне супярэчлівае стаўленьне да беларускай мовы… Справа ў тым, што большую частку часу я знаходжуся ў Гішпаніі, акурат на мяжы з Краінай Баскаў. Яна афіцыйна не існуе як адміністрацыйная адзінка, але жыхары лічаць інакш: усяляк адмяжоўваюцца ад гішпанскай апекі, гавораць на сваёй мове. Дык вось мне цікавей было б ведаць іхнюю мову эўскера, чым сваю, беларускую. Чаму? Таму што, прабачце, можа каго пакрыўджу, але беларуская мова — не жывая; гэта мёртвая мова, на якой практычна ніхто не размаўляе. Яе, як лічу, у прымусовым парадку навязваюць, прыкладам, прымушаюць вывучаць маю дачку. Я, па вялікім рахунку, супраць гэтага. І калі мяне запытаюць — ці трэба так рабіць — адкажу: канечне, не! Я некалі таксама вывучаў мову, нават пяцёркі меў, але пасьля школы яна мне нідзе не прыдалася! Хіба з палякамі кантактаваў, бо па-беларуску разумеюць, а больш гэтае веданьне ніякай практычнай карысьці не дало. Спрабаваць ажывіць нежывое — лішняе».

Праводжу паралель паміж статусамі краін-сатэлітаў: баскі жывуць у каляніяльным цені Мадрыду, беларусы нават пасьля абвяшчэньня незалежнасьці адчуваюць дыханьне Масквы. Паводле Васіля Кірыенкі, параўнаньне не зусім карэктнае, бо нават у складзе Гішпаніі баскі захоўваюць нашмат большую адметнасьць, чым сувэрэнныя беларусы:

«У баскаў з самавызначэньнем, ідэнтыфікацыяй усё нармальна нават з улікам цяперашняга статусу. Адрозна, скажам, ад беларусаў. У іх невялікая тэрыторыя пражываньня — гэта поўнач Гішпаніі і рэгіён на паўднёвым захадзе Францыі. Але больш за 2 мільёны чалавек хай не пастаянна, але размаўляюць на эўскера, прынамсі ведаюць сваю мову. Нават у маёй камандзе ёсьць прыклад такога чалавека — Мікель Ланда Міена. Ён усюды падкрэсьлівае, што баск па нацыянальнасьці. У кожнага з нас на форму, на ровар наносіцца апазнавальны знак, які сьведчыць пра нацыянальнасьць. Дык вось у Мікеля — сьцяжок Краіны Баскаў, ён прынцыпова ня ставіць гішпанскі. Пастаянна размаўляе на сваёй мове. Канечне, свабодна валодае гішпанскай — я зь ім гавару па-гішпанску — аднак па тэлефоне з жонкай, бацькамі, сябрамі кантактуе выключна на эўскера. Гэтыя людзі — патрыёты, для якіх родная мова, культура мае рэальную каштоўнасьць».

Ці сасьпеюць беларусы да ўласнай «эўскера»?

Такога шчырага і зацікаўленага стаўленьня да гісторыі, культуры, традыцыяў, як у баскаў, Васіль Кірыенка ў беларусах не адчувае. А таму, на яго погляд, і ня трэба нешта навязваць сілком — на яго думку, прымусіць быць кімсьці немагчыма:

«У тых мясьцінах абсалютна інакш разьвівалася культура, людзі паважаюць традыцыі, звычаі сваіх продкаў — не на публіку, а сэрцам, душой. Дарэчы, яны нават зьнешне адрозныя ад гішпанцаў — па колеры скуры, па анатамічных прыкметах. Прынамсі, калі нейкі час зь імі пакантактуеш, гэта адразу кідаецца ў вочы. У іх ёсьць свае прыклады для гонару ў спорце, нацыянальныя віды. Напрыклад, пелота — своеасаблівы правобраз сквошу, калі мяч па чарзе адбіваюць ад сьцяны. Гэтая гульня там вельмі разьвітая і папулярная, нават праходзіць усясьветнае першынства па басцкай пелоце. Вельмі шмат ладзіцца розных сьвятаў, шэсьцяў, не аднойчы быў таго сьведкам. З размахам праходзяць вясельлі: надзвычай цікава назіраць, як перад маладымі высьцілаюць асфальт скошанай травой, а потым гэтак жа дружна пасьля ўсё прыбіраюць да першаснага выгляду. Ня так, як у нас: калі пагулялі, то потым ужо ні прайсьці ні праехаць…»

* * *

Васіль Кірыенка нарадзіўся ў 1981 годзе ў Рэчыцы на Гомельшчыне, выхаванец мясцовага дзіцячага юнацкага клюбу фізычнай падрыхтоўкі. Адзін зь нямногіх веласіпэдыстаў, які спаборнічае і на шашы, і на трэку. У 2008-м стаў чэмпіёнам сьвету па велатрэку, затым адзначыўся на знакамітай супэршматдзёнцы «Джыра д’Італія», дзе выйграў адзін з этапаў і двойчы стаў другім. Па выніках спаборніцтваў заняў 2-е месца ў горным разьдзеле. У 2011-м і 2015-м італьянскія этапы скарыліся беларусу чарговым разам. Апроч таго, выйграваў этапы «Вуэльта Гішпаніі», «Туру Краіны Баскаў» ды шэраг іншых на самых прэстыжных шматдзёнках. Летась стаў чэмпіёнам сьвету ў індывідуальнай гонцы ў ЗША, а таксама выйграў першыя Эўрапейскія гульні ў Азэрбайджане.

Каментары136

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Амерыканцы дабіліся вызвалення Юрыя Зянковіча. Ён быў прысуджаны да 13,5 года зняволення18

Амерыканцы дабіліся вызвалення Юрыя Зянковіча. Ён быў прысуджаны да 13,5 года зняволення

Усе навіны →
Усе навіны

Зніклы на вайне серыйны рабаўнік з Беларусі знайшоўся ва ўкраінскім палоне

«Белпол» патлумачыў, з чым могуць быць звязаныя праверкі на мяжы Беларусі і Расіі3

Праз два тыдні ў Мінску пачнуць адключаць гарачую ваду. Глядзіце адрасы

У Польшчы затрымалі беларуса з пісталетам — ён сказаў, што едзе ваяваць у Беларусь2

Стала вядома асоба беларуса, якога падазраваюць у выбуху ў Ханты-Мансійску2

Эканаміст Дзмітрый Крук дае песімістычны прагноз для беларускага бізнэсу. У прадпрымальнікаў тры варыянты

Каго прымуць у ЕС у найбліжэйшыя гады?1

Аб'яднаны пераходны кабінет Беларусі хочуць прызнаць «тэрарыстычнай арганізацыяй»1

У кадр зноў трапіла, якім памерам шрыфта для Лукашэнкі друкуюць выступы, каб ён бачыў19

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Амерыканцы дабіліся вызвалення Юрыя Зянковіча. Ён быў прысуджаны да 13,5 года зняволення18

Амерыканцы дабіліся вызвалення Юрыя Зянковіча. Ён быў прысуджаны да 13,5 года зняволення

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць