Урад Нямеччыны праз стымуляванне куплі «экалагічных» аўто хоча давесці іх парк у краіне да 500 000 штук.

Купцы электрамабіляў у Германіі ў будучыні будуць атрымліваць прэмію ў 4000 еўра, гібрыдных аўто — 3000. Пра гэта ў сераду, 27 красавіка, на прэс-канферэнцыі ў Берліне паведаміў міністр фінансаў краіны Вольфганг Шойбле, агучыўшы дасягнутыя напярэдадні дамоўленасці падчас сустрэчы ўрада з прадстаўнікамі аўтавытворцаў.

Выдаткі на стымуляванне куплі аўтамабіляў у аб'ёме 1,2 мільярда еўра падзеляць папалам паміж федэральным бюджэтам і аўтавытворцамі. Па словах Шойбле, выплачваць прэмію пачнуць ужо ў траўні — пасля адпаведнага рашэння ўрада. Праграма стымулявання разлічана да 2019 года, аднак ва ўрадзе спадзяюцца, што пакупнікі раней «асвояць» выдзеленыя сродкі. «Хто прыйдзе першым, той і атрымае прэмію», — адзначыў Шойбле, якога цытуе агенцтва dpa.

Не даражэй за 60 000 еўра

Прэмія будзе выплачвацца толькі пры куплі аўтамабіляў, заяўлены кошт якіх не перавышае 60 000 еўра, і толькі тых вытворцаў, якія ўдзельнічаюць у праграме і плацяць палову прэміі. Найбуйнейшыя нямецкія вытворцы — VW, Daimler і BMW — ужо заявілі аб падтрымцы такога кроку ўрада і пра свой удзел у праграме.

Як дадаў міністр транспарту ФРГ Аляксандр Добрынт, выдзеленых сродкаў хопіць, каб прэміраваць куплю да 400 тыс. аўтамабіляў. Урад, паводле яго слоў, таксама выдзеліць 300 млн еўра на стварэнне 15 000 пунктаў падзарадкі электрамабіляў.

У 2015 годзе ў Германіі налічвалася каля 25 000 электрамабіляў і 130 000 аўто з гібрыднымі рухавікамі. Па словах міністра эканомікі Германіі Зігмара Габрыэля, з дапамогай гэтага кроку ўрад мае намер пераадолець парог у 500 000 зарэгістраваных «экалагічных» аўто. Агульны парк легкавых аўтамабіляў у Германіі — каля 45 млн.

* * *

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?