«Мэта Рады Еўропы — убачыць Беларусь у сваім складзе», — заявіў журналістам 28 красавіка ў Мінску дырэктар генеральнага дырэктарата па правах чалавека і вяршэнстве права Рады Еўропы Філіп Буая.

Сёння ён удзельнічае ў рэгіянальнай канферэнцыі па тэме прафесійнай падрыхтоўкі суддзяў і пракурораў. Мерапрыемства арганізаванае Радай Еўропы і Генеральнай пракуратурай Беларусі.

Як адзначыў Буая, Беларусь з'яўляецца паўнапраўным удзельнікам дзесяці канвенцый Рады Еўропы і разглядае магчымасць далучэння да іншых дакументаў СЕ. Паводле яго слоў, падчас візіту ў прадстаўніка Рады Еўропы адбудзецца шэраг двухбаковых сустрэч, «каб паглядзець, як рухацца далей у гэтым кірунку».

Праца канферэнцыі скіраваная на выяўленне найбольш вострых пытанняў у межах падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне права, а таксама на інфармаванне ўдзельнікаў аб магчымасці выкарыстання судовай практыкі Еўрапейскага суда па правах чалавека ў навучальных праграмах для пракурораў і суддзяў. Канферэнцыя таксама дасць магчымасць для абмену вопытам у галіне праграм прафесійнай падрыхтоўкі. Будуць абмяркоўвацца роля і магчымы ўнёсак прафадукацыі у павышэнне эфектыўнасці выканання судовых рашэнняў на нацыянальным узроўні ў адпаведнасці з патрабаваннямі Еўрапейскай канвенцыі па правах чалавека і іншых прававых дакументаў Рады Еўропы. Асаблівая ўвага будзе нададзеная такім тэмам, як роля прафесійнай падрыхтоўкі ў пытаннях барацьбы з гвалтоўным экстрэмізмам і дапушчальнасць доказаў у крымінальным працэсе.

У канферэнцыі ўдзельнічаюць прадстаўнікі органаў дзяржаўнай улады і іх навучальных устаноў Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Грузіі, Казахстана, Кыргызстана, Малдовы, Расіі і Украіны.

Беларусь — адзіная краіна Еўропы, якая не з'яўляецца членам СЕ. У 1997 годзе яна пазбавілася статусу спецыяльна запрошанай у Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы пасля рэферэндуму, які пашырыў паўнамоцтвы Аляксандра Лукашэнкі.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?