Мінскі гурт HURMA прэзентуе новы кліп «Упасці» – гісторыю пра тое, што кожны павінен знайсці сваю другую палову і літаральна «ўпасці ў каханне».

Рэжысёрам новага кліпа стаў Арцём Лобач, які паспеў папрацаваць з гуртамі The Toobes, J:mors, Akute. У новым кліпе HURMA людзі не проста падаюць, а сыплюцца з неба. Здымкі новага кліпа адбываліся ў Вязынцы, недалёка ля музея Янкі Купалы, а таксама ў Мінску на батутнай арэне «Джой Джамп».

Спонсарамі новага відэа сталі прыхільнікі гурту. Яны пералічылі неабходную суму на краўдфандынгавую платформу Ulej.by. «Гэта была своеасаблівая праверка, ці падабаецца нашым слухачам тое, што мы робім, і ці гатовыя яны нас падтрымаць не толькі лайкамі ў інтэрнэце, але і рублём. І, па-мойму, мы яе прайшлі», — кажа фронтмэн гурту Мікіта Найдзёнаў.

HURMA грае рамантычны беларускамоўны поп-рок. Гурт атрымаў званне «Дэбют года» ад музычнага партала Tuzin.fm, а таксама беларускамоўны хіт года ад тэлеканала АНТ. Летась гурт прэзентаваў дэбютны альбом Repeat.

Цяпер HURMA едзе ў свой першы тур пад назвай «Упасці ў каханне». 30 красавіка музыканты дадуць канцэрт у Віцебску, 8 мая — у Гродна, 21 — у Маладзечне, 22 — у Магілёве і 25 — у Мінску.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?