Кампанія velcom запусціць найбуйнейшую ў Беларусі сонечную электрастанцыю. Новы праект рэалізуецца паблізу Брагіна і можа разглядацца як прыклад удзелу прыватнага бізнэсу ў развіцці тэрыторый, пацярпелых ад Чарнобыльскай катастрофы. Пра гэта распавёў генеральны дырэктар velcom Гельмут Дуз на прэс-канферэнцыі 28 красавіка ў Мінску.

Фота прадстаўлена кампаніяй velcom

Фота прадстаўлена кампаніяй velcom

Сонечная электрастанцыя пачне працаваць гэтым летам у Брагінскім раёне. Яна будзе ўключаць 85 тысяч сонечных панэляў, якія займаюць тэрыторыю ў 56 га, памерам з 80 футбольных палёў. Каб звязаць паміж сабой усе сонечныя модулі, velcom пракладзе каля 800 км кабельных ліній, што супастаўна з адлегласцю ад Мінска да Масквы.

Магутнасць электрастанцыі складзе рэкордныя для беларускіх геліяўстановак 22,3 МВт. Гэтага, напрыклад, больш чым дастаткова для забеспячэння працы ўсёй вечаровай падсветкі Мінска.

У будаўніцтва сонечнай электрастанцыі velcom укладзе больш за 23 млн еўра. Акрамя самога сонечнага парку, кампанія інвестуе ў будаўніцтва высакавольтнай лініі з 23 апорамі і трансфарматарам на 110 кВ. Кампанія разглядае «зялёную» энергетыку як доўгатэрміновы праект на перспектыўным рынку і ўнёсак у захаванне экалогіі рэспублікі.

Энергію ад станцыі кампанія плануе прадаваць, характарызуючы праект як «камерцыйны зялёны». Дзякуючы сонечнай энергіі velcom спадзяецца пакрыць таксама 50% уласных патрэбаў.

Канкураваць з дзяржавай у сферы энергетыкі кампанія не мае намеру. «Мы не бачым у дзяржаве канкурэнта ў вытворчасці электраэнергіі. Мы партнёры», — сказаў Гельмут Дуз. Пры гэтым ён не выключыў магчымасць з'яўлення новых падобных праектаў і адзначыў, што «ўсё залежыць ад сонца».

Запуск сонечнай электрастанцыі дасць магчымасць павысіць энергетычную бяспеку краіны — перш за ўсё, знізіць яе залежнасць ад паставак вуглевадароднай сыравіны. Усяго адна гадзіна работы комплексу можа зэканоміць каля 7 тысяч кубаметраў прыроднага газу, які цяпер Беларусь у асноўным імпартуе. Яшчэ адна перавага — высокая экалагічнасць: сонечная электрастанцыя дазваляе звесці да мінімуму страты, якія прыносіць навакольнаму асяроддзю.

Кампанія плануе, што сонечная станцыя акупіцца праз 4—5 гадоў. Брагінскі раён для будаўніцтва быў абраны па прычыне вялікай колькасці сонечных дзён у Гомельскай вобласці. Таксама на тэрыторыях, пацярпелых ад выбуху на Чарнобыльскай АЭС, зямлю атрымаць не так дорага, як у іншых раёнах краіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?