46-гадовы канадзец Крэйг Вудкрафт прызначаны новым галоўным трэнерам хакейнага клуба «Дынама» (Мінск).

pressball.by

pressball.by

Трэнерскую кар'еру пачаў у сезоне-2014/2015 у ролі памочніка ў клубе нямецкай лігі «Адлер» (Мангейм). Каманда выйграла рэгулярнае першынство і перамагла ў плэй-оф. Акрамя таго, Вудкрафт быў асістэнтам галоўнага трэнера беларускай зборнай Дэйва Льюіса ў нацыянальнай зборнай Беларусі, якая выйшла ў чвэрцьфінал сусветнага першынства, адзначаецца ў паведамленні прэс-службы «Дынама».

Цяперашні сезон «Адлер» пачаў няўдала. Пасля звальнення галоўнага трэнера каманда была даверана Вудкрафту, аднак вывесці яе з крызісу настаўнік не здолеў: фінішаваўшы на 10-м месцы ў рэгулярным чэмпіянаце, «Адлер» саступіў у стыкавых матчах за выхад у накаўт-раўнд.

Зараз Вудкрафт знаходзіцца ў размяшчэнні зборнай Беларусі, з якой неўзабаве адправіцца на чэмпіянат свету ў Маскву і Санкт-Пецярбург.

Канадзец паведаміў, што першыя прадметныя перамовы паміж ім і клубам пачаліся «дзён дзесяць таму». «Перш за ўсё я пагадзіўся на гэту прапанову таму, што вельмі ўпадабаў Беларусь і Мінск падчас працы з нацыянальнай зборнай. Акрамя таго, я даволі шмат ведаю пра гісторыю вашай каманды і КХЛ у цэлым. Гэта адна з вядучых хакейных ліг свету, «Дынама» ж — адна з лепшых каманд у яе межах. Так што для мяне гэта выдатная магчымасць, і я з радасцю паспрабую тут свае сілы», — сказаў Вудкрафт.

«Запрашэнне Крэйга Вудкрафта — чарговы крок у працэсе кансалідацыі намаганняў нашага клуба і зборнай Беларусі па развіцці беларускага хакея, — заявіў старшыня назіральнага савета «Дынама», міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч. — Гэты трэнер выдатна знаёмы з беларускімі хакеістамі, вялікая колькасць якіх прайшла на працягу апошніх двух сезонаў праз нацыянальную каманду. Яго праца ў трэнерскім штабе зборнай дапаможа нам рухацца сінхронна з камандай Дэйва Льюіса, здабываючы карысць з супрацоўніцтва і пазбягаючы супярэчнасцяў».

«Моцны бок Крэйга — навыкі па развіцці маладых гульцоў, многім з якіх ён дапамог дасягнуць больш высокага ўзроўню. Акрамя таго, Вудкрафт выдатна ведае паўночнаамерыканскі і еўрапейскі рынкі гульцоў, што дапаможа нам зрабіць правільны выбар пры запрашэнні легіянераў. Перад нашым клубам пастаўлены сур'ёзныя задачы, і мы перакананыя, што Крэйг Вудкрафт — менавіта той спецыяліст, які здольны іх вырашыць», — сказаў Шуневіч.

У мінулым сезоне «Дынама» не змагло выйсці ў плэй-оф КХЛ. Камандай кіравалі славак Любамір Покавіч і Андрэй Кавалёў. Перад пачаткам сезона былі арыштаваныя топ-менеджары клуба Максім Суботкін і Уладзімір Беражкоў.

Сітуацыя ў «Дынама» абмяркоўвалася 25 красавіка на сустрэчы Шуневіча і Аляксандра Лукашэнкі. «Я абсалютна не збіраюся ўмешвацца ў расстаноўку кадраў. Гэта ваша прэрагатыва. З кім хочаце, райцеся, але ў наступным годзе трэба паказваць вынік. Мы плацім немалыя грошы. Дарэчы, таксама трэба эканомна да гэтага ставіцца. І аддача павінна быць. Вы самі гэта разумееце не горш за мяне», — заявіў беларускі кіраўнік.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?