Згодна з абноўленым макраэканамічным прагнозам Сусветнага банка, ВУП Беларусі можа знізіцца ў 2016 годзе на 3%. Прэзентацыя эканамічнага прагнозу адбылася 28 красавіка ў Мінску.

Восенню 2015 года Сусветны банк прагназаваў, што беларускі ВУП скароціцца ў гэтым годзе на 0,5%. Пагаршэнне макраэканамічнага прагнозу банк тлумачыць нізкім узроўнем цэн на нафту, слабымі перспектывамі росту расійскай эканомікі, якая спажывае асноўны аб'ём экспартаваных Беларуссю тавараў.

«Уздзеянне знешніх фактараў на беларускую эканоміку працягнецца, з прычыны чаго прагназуецца зніжэнне рэальнага ВУП на 3% у 2016 годзе і на 1% у 2017 годзе. Прагназуецца, што сярэднесусветны ўзровень цэн на нафту можа скласці 41 долар за барэль у 2016 і 50 долараў за барэль у 2017 годзе, а аднаўленне расійскай эканомікі будзе павольным», — гаворыцца ў макраэканамічным прагнозе Сусветнага банка.

На думку эканамістаў банка, прагрэс у галіне структурных рэформаў можа палепшыць перспектывы Беларусі ў сярэднетэрміновым перыядзе, «аднак неадкладнае аднаўленне тэмпаў росту малаверагодна з прычыны слабай дыверсіфікацыі прадукцыі і рынкаў збыту, асабліва ў выпадку дзяржаўных прадпрыемстваў».

На думку экспертаў Сусветнага банка, эканамічны рост у краіне можна стымуляваць за кошт рэформаў. Рэструктурызацыя сектара дзяржпрадпрыемстваў, лічаць яны, «вельмі важная для скарачэння ўмяшання дзяржавы, якое выклікае перакосы, і павышэння эфектыўнасці працы прадпрыемстваў».

«Прадпрыемствам дзяржаўнага сектара варта перайсці ад даведзеных да іх колькасных мэтавых паказчыкаў і паказчыкаў занятасці да паказчыкаў прадукцыйнасці і рэнтабельнасці, што павінна суправаджацца узмацненнем самастойнасці іх менеджменту за кошт фарміравання належных механізмаў карпаратыўнага кіравання», — гаворыцца ў аглядзе Сусветнага банка.

Пры гэтым эксперты не выключаюць, што ў выпадку адсутнасці рэформаў у Беларусі магчымы і больш глыбокі эканамічны спад у параўнанні з тым, які прагназуецца.

«Захоўваюцца значныя рызыкі. Больш рэзкае запаволенне эканамічнай актыўнасці на знешніх рынках можа прывесці да паглыблення спаду, асабліва з улікам таго, што на долю прадуктаў мінеральнага паходжання і угнаенняў прыпадае больш за трэць сукупнага экспарту», — канстатуюць эканамісты Сусветнага банка.

Міжнародны валютны фонд у красавіку таксама перагледзеў у бок пагаршэння дынаміку прагназаваных эканамічных паказчыкаў Беларусі. Паводле ацэнкі фонду, ВУП Беларусі можа знізіцца на 2,7% (раней фонд прагназаваў, што эканамічны спад складзе 2,2%).

Між тым афіцыйны прагноз беларускіх уладаў на гэты год пакуль не карэктаваўся і прадугледжвае, што ВУП вырасце на 0,3%. У першым квартале ВУП знізіўся на 3,6% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?