У Мінску працягваецца працэс па «справе сямнаццаці». У судзе дапытваюць сведак. Тым часам у Галоўным упраўленні па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС карэспандэнту Naviny.by распавялі пра раней невядомыя дэталі гэтай гучнай крымінальнай справы.

Мікалай Карпянкоў — кіраўнік ГУБАЗіК МУС.

Мікалай Карпянкоў — кіраўнік ГУБАЗіК МУС.

Начальнік 3-га ўпраўлення па процідзеянні экстрэмізму ГУБАЗіК Міхаіл Бедункевіч.

Начальнік 3-га ўпраўлення па процідзеянні экстрэмізму ГУБАЗіК Міхаіл Бедункевіч.

Начальнік 3-га ўпраўлення па процідзеянні экстрэмізму ГУБАЗіК МУС Міхаіл Бедункевіч кажа, што Канстанцін Вілюга, які, як адзначана ў абвінавачванні, быў стваральнікам інтэрнэт-крамы LegalMinsk, упершыню трапіў у поле зроку праваахоўнікаў яшчэ ў 2008 годзе. Былі падазрэнні, што ён датычны да распаўсюджвання амфетаміну, але тады забароненае рэчыва пры ім не выявілі і адпусцілі. На след яго злачыннай групы выйшлі толькі ў 2014-м. LegalMinsk на той момант працаваў ужо тры гады.

Канстанцін Вілюга.

Канстанцін Вілюга.

ГУБАЗ: Да «бізнэсу» Вілюгі спрычыніўся толькі адзін супрацоўнік упраўлення

«У той час я ўзначальваў міжнароднае ўпраўленне па наркотыках. Мы вылічылі свайго супрацоўніка, які займаўся не тым, чым трэба, — кажа Бедункевіч. Гаворка ідзе пра Канстанціна Дзенісевіча, былога аператыўніка ГУБАЗ, які цяпер праходзіць абвінавачаным па «справе сямнаццаці». — Зразумела, што гэта была не яго ініцыятыва, ён рабіў экспертызы, хоць па працы з наркотыкамі наогул не быў звязаны. Пачалі высвятляць, што прывяло яго ў злачынны бізнэс і на каго ён працуе. Высветлілі кола зносін і чалавека, на якога ён працаваў. Ім аказаўся Канстанцін Вілюга».

Фотаздымкі першых хвілін затрымання Вілюгі можна ўбачыць на сцяне рабочага кабінета начальніка ГУБАЗіК Мікалая Карпянкова.

«Першыя хвіліны, як яго толькі затрымалі, — паказвае на здымкі палкоўнік міліцыі. — Нахабны, важны: «Што тут такое? У вас ва ўсіх будуць непрыемнасці». Вось на гэтым «Мерсэдэсе» яго прыхапілі. А вось на фота кішэнныя грошы, якія былі выяўленыя ў яго ў кватэры».

Усе гэтыя гады, пакуль працавала інтэрнэт-крама LegalMinsk, Канстанцін Вілюга быў навідавоку. Жыў у Мінску, адпачываў у начных клубах, перыядычна заходзіў ва ўпраўленне ГУБАЗ па Мінску і ў КДБ. Ён там, вядома, не працаваў, але, здаецца, яго прысутнасць у праваахоўных установах нікога не бянтэжыла. Чаму не затрымалі раней?

У Галоўным упраўленні па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй тлумачаць, што аператыўнікі адначасова працавалі адразу па некалькіх буйных распаўсюдніках — Кот (Вілюга), Віця Сваяк і Жора (Юрый Зайцаў). Акрамя таго, наркадылеры спрытна выкарыстоўвалі прабелы ў заканадаўстве — гэта быў бум так званых легальных курыльных сумесяў. Тады яшчэ не быў папоўнены пералік забароненых рэчываў і не былі распрацаваны формы і метады затрымання распаўсюднікаў спайсаў.

«Вілюга завозіў наркатычныя рэчывы, рабіў экспэртызу, гандляваў так званым «легалам», а калі гэтыя рэчывы станавіліся забароненымі, адразу скідаў тавар оптам іншым распаўсюднікам, каб ужо яны, атрымліваецца, гандлявалі забароненым, — распавядае Мікалай Карпянкоў. — Вілюга меў сваіх людзей і свае месцы. Ён падставіў некалькі супрацоўнікаў міліцыі, якія селі ў турму. Было ў яго і некалькі супрацоўнікаў КДБ, якія на яго працавалі. Быў, на жаль, і наш чалавек [Канстанцін Дзенісевіч. — Рэд.]. Я тады працаваў у міністэрстве. Нам стала вядома, што ў наркабізнэсе замяшаныя супрацоўнікі дзяржбяспекі. Мы тут жа напісалі ў камітэт, упраўленне ўласнай бяспекі пачало па ім працаваць. Акрамя таго, мы правялі сустрэчу з ГУБАЗ, каб заняліся Дзенісевічам».

Канстанцін Дзенісевіч.

Канстанцін Дзенісевіч.

З супрацоўнікаў ГУБАЗ на лаве падсудных адзін чалавек. Пры гэтым ў абвінавачванні адзначана, што незаконная дзейнасць прынесла Вілюгу і яго змоўшчыкам амаль $1,5 мільёна. Напрошваецца пытанне, ці мог адзін аператыўнік некалькі гадоў прыкрываць настолькі прыбытковы бізнэс? Тым больш у ходзе допыту гучалі і іншыя прозвішчы супрацоўнікаў упраўлення — Сілін, Макурын, Сярбенка. Апошні, як адзначана ў паказаннях сведкаў, звёў Вілюгу з Дзенісевічам.

«Сілін і Макурын не з ГУБАЗ. Сярбенка — супрацоўнік ГУБАЗ, — адзначыў начальнік 3-га ўпраўлення Міхаіл Бедункевіч. — Названыя супрацоўнікі мелі дачыненне да затрымання Вілюгі ў той час, калі ён быў «пусты» [у 2008 годзе. — Рэд.]. Тады яго адпусцілі, за што ён абяцаў садзейнічанне нібыта ў перадачы інфармацыі [на распаўсюднікаў наркотыкаў. — Рэд.]. І калі ў яго пачаліся праблемы [кур'еры скардзіліся, што т.зв. барацьбіты з наркотыкамі забіраюць у іх тавар. — Рэд.], ён стаў звяртацца да знаёмых аператыўнікаў. Сярбенка працаваў у сферы процідзеяння наркотыкам, вымагальніцтва было не яго профілем, таму ён аддаў яго Дзенісевічу».

Па словах Міхаіла Бедункевіча, унутраная праверка не выявіла фактаў, што іншыя супрацоўнікі ГУБАЗ былі датычныя да бізнэсу Канстанціна Вілюгі.

«Калі б было найменшае падазрэнне, такія людзі былі б прыцягнуты да адказнасці, звольненыя», — падкрэсліў суразмоўца. І адзначыў, што сілавікі, у тым ліку былыя супрацоўнікі КДБ, дапамагалі Вілюгу ліквідаваць канкурэнтаў. З'явілася група «Мінск без наркотыкаў». Па сутнасці, яе ўдзельнікі займаліся злачыннай дзейнасцю — забіралі тавар і грошы ў кур'ераў.

«Вілюга пад'ехаў да Дзенісевіча, яны гэтую групу спынілі, — кажа Бедункевіч. — З'явіліся патрульныя міліцыянты, якія ганялі распаўсюднікаў і дзесьці перавышалі свае паўнамоцтвы».

На судзе высветлілася, што пасля звальнення з міліцыі Дзенісевіч некаторы час працаваў у будаўнічай фірме, потым Вілюга ўзяў яго сваім намеснікам у кампанію «ВКМ-груп». З ГУБАЗ былы аператыўнік сышоў па ўласным жаданні вясной 2014-га.

«Нельга было яго ў гэты момант прыцягнуць, таму што маглі згубіць Вілюгу, ён ужо збіраўся з'ехаць у Расею», — растлумачыў Карпянкоў.

Усіх — пад кантроль

У Галоўным упраўленні па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй перакананыя: Вілюга хацеў падмяць пад сябе ўвесь рынак псіхатропаў у Беларусі.

«Мэта ў яго была адна: усіх буйных распаўсюднікаў прыбіць пад сябе, пасадзіць і забраць іх імя, — лічыць Карпянкоў. — Потым на гэтае «імя» пасадзіць свайго чалавека гандляваць наркотыкамі. Самае галоўнае, што ён фармальна займаецца толькі «легальнымі курыльнымі сумесямі».

«Як толькі Вілюга бачыў змены на рынку, ён збіраў анлайн-канферэнцыю, каб усталяваць свае цэны, — адзначае начальнік 3-га ўпраўлення. — А калі быў супраціў, яму на дапамогу прыходзілі знаёмыя камітэтчыкі. Вілюга дэманстратыўна паказваў, што ўваходны і ў міліцыю, і ў КДБ. Часам спецыяльна накідваў праваахоўнікам інфармацыю на іншых распаўсюднікаў».

Праваахоўнікі настойваюць, што Канстанцін Вілюга — ашчадны чалавек, які стараўся ўсіх падпарадкаваць сабе.

«Калі ён бачыў, што чалавек становіцца яму нявыгадны, але ён ужывае наркотыкі, даваў яму такія рэчывы, пасля якіх спажывец ці вар'яцеў, ці рэзаў каго-небудзь, — кажа начальнік ГУБАЗіК. — Семяняка [былая дзяўчына Вілюгі, цяпер таксама абвінавачваная. — Рэд.] жыла з жулікам, з гандляром наркотыкамі, які пад уздзеяннем псіхатропаў зарэзаў чалавека. Пасля гэтага Вілюга забраў яе да сябе, каб жыць сумесна».

Ірына Семяняка.

Ірына Семяняка.

Таблеткі, пад уздзеяннем якіх былы хлопец Семяняка схапіўся за нож, як адзначаюць праваахоўнікі, яму прывезлі Канстанцін Вілюга і Дзмітрый Гаўрыкаў, яшчэ адзін фігурант «справы сямнаццаці».

Яшчэ адзін прыклад таго, як Вілюга падпарадкоўваў сабе людзей — гісторыя з Алінай Церагерай, якая кіравала наркабізнэсам у Мінску і цяпер таксама знаходзіцца на лаве падсудных.

«Церагера вырашыла працаваць самастойна, стварыла свой магазін Hellcat. Але аднойчы яе з вакзала забралі дужыя хлопцы, пасадзілі ў машыну і павезлі ў лес, дзе прымусілі капаць яму, — кажа Міхаіл Бедункевіч. — Яна ноччу пешшу вярнулася ў Мінск. Пасля таго з'явіўся Вілюга, які прапанаваў ёй зноў працаваць на яго, каб не было праблем. Адысці ад яго было немагчыма».

Дарэчы, Аліну Церагеру затрымалі за некалькі месяцаў да таго, як у СІЗА прывезлі Вілюгу.

«Вельмі ушлая і мацёрая дзяўчына, — характарызуе абвінавачваную Мікалай Карпянкоў. — Нават яе хлопец, Яўген Цімахоўцаў, баяўся рабіць закладкі, але яна яму загадвала: «Давай, фасуем, раскладваем», — і кожны дзень яны гэтым займаліся. Намі было зафіксавана, як яна сустрэлася з Вілюгам, узяла ў яго новую вагу, каб перапрадаць знаёмым аптавікам. Але мы паспелі яе затрымаць. Дарэчы, яна адразу ж здала свайго Цімахоўцава».

Пасведчанне змагара з наркотыкамі Вілюга выкарыстаў для паказухі

У Вілюгі было выяўлена міжнароднае пасведчанне «змагара з наркотыкамі». Ці даваў гэты дакумент яму якую-небудзь перавагу?

«Гэта пасведчанне расійскай асацыяцыі, — кажа Бедункевіч. — Рэальнай вагі яно не мела, ён яго выкарыстаў для паказухі. Вілюга клапаціўся, каб аб ім было станоўчае меркаванне, каб той, хто на яго працаваў, аўтарытэтна яго ўспрымаў, таму ён і расказваў ім, што рэгулярна ездзіў у ГУБАЗ і КДБ. Ён ствараў імідж, што ў яго ўсё падвязана. Паказваючы гэта пасведчанне, ён заручаецца, што займаецца легальным бізнэсам».

Яшчэ адзін факт з жыцця галоўнага фігуранта, які актыўна абмяркоўваўся ў інтэрнэце, — яго «Мерседэс» S-класа з элітным нумарам 0101, нанесеным чырвоным колерам на белым фоне і з выявай герба.

Па-першае, як стала вядома ў судзе, машына была зарэгістраваная на маці Вілюгі. Па-другое, ва ўпраўленні ДАІ БелаПАН растлумачылі, што ніякіх так званых «урадавых» рэгістрацыйных знакаў Дзяржаўтаінспекцыя не выдае з прычыны адсутнасці такіх.

«Выдача рэгістрацыйных знакаў з выявай герба не прадугледжаная, і, адпаведна, у падраздзяленнях ДАІ такія знакі не выдаюцца і не выдаваліся раней, — адзначана ў афіцыйным адказе інспекцыі. — Супрацоўнікі ДПС пры нясенні службы выяўляюць транспартныя сродкі з рэгістрацыйнымі знакамі, на якіх самавольна размешчана выява герба, што ў сваю чаргу вядзе да адміністрацыйнай адказнасці».

Вакол LegalMinsk было шмат смерцяў

У адрозненне ад банды Зайцава, абвінавачаным па «справе сямнаццаці» не выстаўленыя абвінавачванні ў тым, што з-за наркотыкаў, якія яны распаўсюджвалі, загінулі людзі. Аднак супрацоўнікі ГУБАЗ настойваюць, што на самай справе вакол LegalMinsk было шмат смерцяў.

«За імі ёсць загубленае здароўе і нават загубленыя жыцці, — кажа Мікалай Карпянкоў. — Бо яны выпрабоўвалі наркатычныя рэчывы на людзях, пры гэтым называлі іх паддоследнымі трусамі. Запрашалі дзяўчат на дзень нараджэння, прывозілі туды наркотыкі. Казалі: «Давай паспрабуй гэта, а яшчэ гэта». Раз, у адной дзяўчыны перадазіроўка і смерць. Потым прывозяць таблеткі. Накшталт селі-выпілі».

«Гэтыя эпізоды мы і не змаглі даказаць, — дапаўняе Міхаіл Бедункевіч. — Але вельмі шмат смерцяў было вакол. Той жа Зінкевіч, былы хлопец Семяняка. Ён на фоне прынятых псіхатропаў зарэзаў знаёмага, а той у барацьбе сур'ёзна пашкодзіў яму руку».

Яшчэ адзін важны момант. Па словах праваахоўнікаў, Вілюга праз Дзенісевіча спрабаваў нацкаваць аператыўнікаў на сваіх канкурэнтаў, каб заадно даведацца, што ў іх ёсць на LegalMinsk.

Чалавек, знаёмы з дзейнасцю Ката, распавёў Naviny.by, што Вілюга размяшчаў на форумах аб'явы, што можа правесці экспертызу рэчыва. Калі наркотык у выніку аказваўся нелегальным, ён усё роўна паведамляў заказчыку, што тавар нармальны, а ў гэты час зліваў знаёмым праваахоўнікам інфармацыю на гэтага распаўсюдніка, маўляў, у яго ёсць забаронка.

«Вілюга спецыяльна накіроўваў праваахоўнікаў на Зайцава, каб ад яго адышлі, — кажа начальнік 3-га ўпраўлення. — І калі людзі Вілюгі будуць побач з супрацоўнікамі, яны будуць ведаць, якая інфармацыя ў аператыўнікаў ёсць на LegalMinsk».

Карпянкоў звяртае ўвагу, што Вілюга даволі ушлы і пісьменны чалавек, дасведчаны ў метадах аператыўна-вышуковай дзейнасці. Акрамя таго, мае велізарныя сувязі:

«Па тэлефоне практычна нічога не кажа. Мае зносіны па скайпе, што вельмі складана адсачыць. Многія пытанні ён вырашаў пры асабістай сустрэчы».

Падсудныя працуюць на публіку

Некаторыя абвінавачаныя па «справе сямнаццаці» сцвярджаюць, што і падчас следства, і цяпер, калі ідзе суд, на іх аказваецца ціск з боку праваахоўных органаў.

Дзмітрый Гаўрыкаў заявіў, што яго перавялі ў т.зв. «прэс-хату», дзе перадавалі прывітанне з ГУБАЗ і загадалі сядзець цішэй вады. Малады чалавек нават ускрыў сабе вены. Канстанцін Вілюга з гэтай нагоды звярнуўся ў КДБ і асабіста да прэзідэнта. Галоўны па справе суддзя Сяргей Хрыпач заявіў, што пракуратура праводзіць праверку па агучаных фактах.

У ГУБАЗ, тым часам, лічаць, што абвінавачваныя такім чынам спрабуюць прыцягнуць да сябе ўвагу. Перш за ўсё прэсы.

«Цяпер Вілюга даў усім каманду маўчаць да таго, як ён выступіць. Гэта тактыка абароны», — кажа Бедункевіч.

«Паняцце «прэс-хата» — гэта паняцце з вобласці фантастыкі, — лічыць Мікалай Карпянкоў. — Як цяпер працуюць следчыя падраздзяленні, упраўленне ўласнай бяспекі, пракуратура, КДБ — мы знаходзімся пад поўным кантролем, наша праца празрыстая. І займацца такімі глупствам, як ціснуць на каго-небудзь, ніхто не стане. Сэнсу ў гэтым няма ніякага. У нас жа ёсць іх яўкі з пакаяннем».

На рэпліку аб тым, што, па словах абвінавачаных, яўку з пакаяннем яны падпісалі пад ціскам, начальнік ГУБАЗіК пярэчыць: «У нас ёсць некалькі явак з пакаяннем Вілюгі, дзе ён распісвае ад пачатку да канца ўсё, што ён рабіў. Як мы маглі прымусіць яго гэта напісаць? Гэта немагчыма зрабіць. Усё знаходзіцца пад кантролем. Абвінавачаных наведваюць сваякі, адвакаты. Усе гэтыя заявы аб ціску — з вобласці фантастыкі. Яны, ратуючы сваю шкуру, усе далі адзін на аднаго паказанні. У іх няма паняцця гонару і сумлення. Але калі яны сабраліся ўсе ў клетцы, пачалася гульня. Маўляў, гэта не яны дрэнныя, а міліцыя без межаў. А ў пацвярджэнне гэтага: глядзіце, я вось руку парэзаў, даканалі мяне. Сінякоў няма, рукі-ногі не паламаныя. Сядзіць, усміхаецца. Парэзанай рукой закрываецца, нічога яму не баліць».

Мікалай Карпянкоў і Міхаіл Бедункевіч праходзілі сведкамі па справе, давалі паказанні ў судзе. Начальнік ГУБАЗіК настаяў на тым, каб допыт праходзіў у закрытым рэжыме, хоць абвінавачаны і іх абаронцы адзіным фронтам выступалі супраць.

«На мой погляд, гэтае судовае пасяджэнне наогул павінна было быць закрытае. Але было прынята іншае рашэнне, — адзначыў Карпянкоў. — Я прыйшоў у суд, каб адказаць на пытанні. Тое, што я там убачыў, выклікала ў мяне такое абурэнне. Сядзіць 17 адвакатаў, а ў некаторых і па два. Шэсць мільёнаў за дзень атрымліваюць. І яны пачынаюць расхістваць: а вось там літара, а вось там нумар дакумента, а што вы мелі на ўвазе. Якое гэта мае значэнне? Вось сядзяць людзі, якія затрыманыя на месцы злачынства. Яны азнаёміліся з матэрыяламі справы».

Адзін з момантаў, на якія звярталі ўвагу адвакаты — у ключавога сведкі Юрыя Пагальнікава яўка з пакаяннем стаіць на дзень раней, чым ён быў затрыманы.

«Гэта такая лухта, паверце, — працягвае начальнік ГУБАЗіК. — Калі затрыманы чалавек, пакуль яго прывязуць, адправяць на агляд, у афармлення праходзіць час… Можа быць, ёсць нейкія несастыкоўкі. Самае галоўнае — затрыманы чалавек, наркаман. У яго была пры сабе вага. Ніхто нікому наркотыкі не падкідваў. Пытанне стаіць больш глабальна — судзяць наркамафію, якая паўплывала на тое, што ў нас у некалькі разоў стала больш залежнай моладзі».

Вілюга сваім «бізнэсам», па сутнасці, напісаў антынаркатычны дэкрэт

У прэсе гэты працэс атрымаў назву «справа сямнаццаці» — па колькасці абвінавачаных. Аднак у ГУБАЗ кажуць, што ў рэчаіснасці гэта «справа трыццаці чатырох»: многія з тых, хто супрацоўнічаў з LegalMinsk, ужо асуджаныя і адбываюць пакаранне.

«Калі я быў начальнікам наркакантролю, у мяне было адчуванне, што пад «Легалам» каля 10 інтэрнэт-крам. Таму што было такое, што аднаго хлопнуць, другі з'яўляецца. Яго прыкрыем, яшчэ адзін узнікае», — успамінае Мікалай Карпянкоў.

Паводле яго слоў, у 2012 годзе ў Мінску была затрыманая тысяча чалавек, у якіх былі легальныя наркатычныя рэчывы.

«Трапляецца адзін з дзесяці. Груба кажучы, 10 тысяч чалавек набылі легальныя курыльныя рэчывы ў Вілюгі. Толькі ўявіце, які ў яго быў абарот. І гэта без уліку аптовых продажаў», — адзначае начальнік ГУБАЗіК.

«Па нашых падліках, 15 збытчыкаў LegalMinsk ужо прыцягнутыя да адказнасці, — дапаўняе Міхаіл Бедункевіч. — А таксама сямёра вымагальнікаў».

Праваахоўнікі звяртаюць увагу, што адразу пасля затрымання Вілюга спрабаваў паўплываць на ход расследавання.

Аператыўная здымка. Грошы, канфіскаваныя ў Вілюгі

Аператыўная здымка. Грошы, канфіскаваныя ў Вілюгі

«У яго і мільёны даляраў былі, і сувязі, — кажа Карпянкоў. — Мы не можам сказаць, як ён аказваў уплыў, але гэта быў такі вялікі ціск, што сітуацыя дайшла да кіраўніка дзяржавы. Было прынята рашэнне аб правядзенні нарады, якая адбылася ў пачатку снежня 2014 года. Тады ўдзельнікі сустрэчы прыйшлі да высновы, што праблема мае такі маштаб, што былі дадзены дадатковыя распараджэнні, каб падрыхтаваць закон. Вілюга сваімі злачыннымі дзеяннямі, па сутнасці, напісаў антынаркатычны дэкрэт. Задача дакумента — спыніць і не дапусціць з'яўлення такіх арганізацый».

Узмацнення жорсткасці пакарання, па меркаванні суразмоўцаў, — верны шлях у барацьбе з наркотыкамі.

«Я б хацеў, каб усе яны атрымалі максімальныя тэрміны, — заявіў Карпенкаў аб Вілюгу і ягоных паплечніках. — Гэтая банда вельмі моцна паўплывала на наркатызацыю нашай моладзі. Калі б вы ведалі, якое гора перажываюць бацькі, дзіця якіх стала наркаманам. Некаторыя кажуць, лепш бы яго збіла машына. Пахавалі — і ўсё. А залежнасць — гэта вечная бяда: крадзяжы, хваробы, нервы, незразумела, што з ім здарыцца і што ён зробіць. У сям'і бурацца ўсе надзеі. Я ведаю выпадак, калі малады чалавек на Дзень закаханых зрабіў пару зацяжак, а на 8 сакавіка ён ужо быў сістэмным наркаманам».

Яшчэ ў пачатку судовага працэсу дзяржабвінаваўцы звярталі ўвагу, што на лаве падсудных бракуе аднаго важнага фігуранта — Сяргея Рыбко. Зыходзячы з матэрыялаў справы, ён быў ледзь не правай рукой Вілюгі. У апошні час курыраваў філіялы ў Расіі. Там малады чалавек і быў затрыманы.

Кажуць, за сваё вызваленне ён прапаноўваў праваахоўнікам 3,5 мільёна расійскіх рублёў і аўтамабіль. Аднак вытаргаваць свабоду ў яго не выйшла. У дачыненні да яго ў Расіі распачата крымінальная справа. За распаўсюд наркотыкаў яму пагражае вялікі тэрмін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?