Суд Быхаўскага раёна прыгаварыў мясцовага жыхара Віталя Лашкова да 11 гадоў пазбаўлення волі паводле абвінавачання ў забойстве грамадскага актывіста і праваабаронцы Аляксандра Шачанка.

Нагадаем, Шачанок знік без вестак. Апошні раз яго бачылі 27 жніўня 2014 года ў Быхаўскім раённым судзе, дзе праходзіў разгляд іску актывіста ў дачыненні да яго суседа, які абвінавачваўся ў нанясенні цяжкіх цялесных пашкоджанняў — чэрапна-мазгавой траўмы. На апошнім пасяджэнні, што мела адбыцца, меркавалася, што Шачанок выступіць з хадайніцтвам аб змене меры стрымання адказчыку, бо той нібыта выказваў пагрозы на яго адрас.

Труп Шачанка быў знойдзены амаль праз год — 27 чэрвеня 2015 года, у лясным масіве каля вёскі Вароніна Быхаўскага раёна. У забойстве быў абвінавачаны сын вышэйзгаданага суседа Шачанка 37-гадовы жыхар Быхава, які прызнаўся ў злачынстве.

Прысуд Лашкову быў вынесены быхаўскім судом 27 красавіка, паведаміў БелаПАН магілёўскі праваабаронца Барыс Бухель. Паводле яго слоў, падсудны быў прызнаны вінаватым па ўсіх выстаўленых абвінавачаннях: у забойстве, знішчэнні афіцыйных дакументаў Шачанка, незаконным захоўванні боепрыпасаў, крадзяжы колавых каўпакоў з мікрааўтобуса. Суд прыгаварыў Лашкова да 11 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Асуджаны таксама павінен кампенсаваць маральную шкоду сужыцельцы забітага ў 300 млн. рублёў.

«Прэтэнзій да суда ў мяне, як у праваабаронцы, няма. Праўда, я прасіў вынесці прыватнае вызначэнне на адрас Быхаўскага РАУС, але мне сказалі, што я не бок па справе. Аднак жа я, як сведка, падаў усе дакументы, што забойства магло б не быць, калі б міліцыя прыняла своечасова меры да бацькі асуджанага», — заявіў БелаПАН Бухель.

Адзначым, што Аляксандр Шачанок вёў актыўную грамадскую дзейнасць. Неаднаразова звяртаўся са скаргамі ў праваахоўныя органы адносна неправамерных, на яго думку, дзеянняў асобных супрацоўнікаў Быхаўскага РАУС, якія пасля атрымлівалі дысцыплінарныя спагнанні ад свайго кіраўніцтва.

Падчас выбараў у мясцовыя органы ўлады ў сакавіку 2014 года Шачанок уваходзіў у ініцыятыўную групу кандыдата ў дэпутаты ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Леаніда Падбярэцкага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?