Сустрэча з зоркаю беларускай журналістыкі прайшла ў межах цыклу публічных размоваў з вядоўцамі тэлеканалу.

Не ўсіх можна запрашаць на ТБ

«Аднойчы ў мяне была анекдатычная сітуацыя, падчас інтэрв'ю з Францам Міньком. Калі Лукашэнка стаў прэзідэнтам, Франца Мінька накіравалі ў Міністэрства сельскай гаспадаркі. Ён адказваў за механізацыю і ўзначальваў упраўленне тэхнічнага прагрэсу, быў намеснікам міністра. Цудоўны чалавек. Але на мае пытанні адказваў задам наперад. То нешта ўзгадае, пасля вяртаецца да папярэдняга пытання, карацей, чорт нагу зломіць. Але ў газетным інтэрв'ю журналіст можа нешта дадаць, адкарэктаваць, і ў выніку ў нас атрымалася даволі добрае інтэрв'ю.

Пасля апублікавання ён мне тэлефануе і кажа, маўляў, такое файнае інтэрв'ю ў нас атрымалася, усе мне ў міністэрстве руку паціскаюць і нават з тэлебачання патэлефанавалі ды запрасілі на размову. Я яму параіла не ісці. Ёсць людзі, з якімі зрабіць тэлевізійнае інтэрв'ю амаль немагчыма».

Самыя цяжкія суразмоўцы

«Цяжка рабіць інтэрв'ю з юрыстамі, дыпламатамі ды эканамістамі. Эканамісты закідваюць цябе лічбамі. Мая размова з Міхалам Залескім – гэта сапраўдны прыклад тролінгу журналіста».

«Калі здарылася трагедыя на Нямізе, мне патэлефанавалі з Масквы і папрасілі зрабіць сюжэт, бо ў гэтага выдання не было свайго карэспандэнта ў Менску.

І вось уявіце сітуацыю, што трэба нешта запытацца ў людзей, якія па моргах шукаюць сваіх дзяцей ды выходзяць адтуль збялелыя. А ты, як прафесіянал, мусіш з гэтым нешта зрабіць. Мне было цяжка пераступіць праз сябе, бо падыходзіць да людзей у гэты момант з нейкімі пытаннямі падавалася мне антыгуманным».

«У мяне ёсць адно інтэрв'ю, якое так і не было апублікаванае. Гэта размова з доктарам, які з групай энтузіястаў тэсціраваў у Менску нетрадыцыйныя метады лячэння раку.

Ён не верыў, што хіміятэрапія можа дапамагчы, таму спрабаваў іншыя метады. Цяпер ён жыве ў Ізраілі, дзе працуе ў эксперыментальных клініках. І ў мяне няма адназначнага адказу на пытанне, добра ці дрэнна, што гэтае інтэрв'ю не выйшла. У размове ён фактычна прызнаваўся ў здзяйсненні крымінальнага злачынства. Я давала пачытаць гэтую размову анколагам, і шмат хто пагаджаўся з аргументамі гэтага доктара. Але інтэрв'ю не выйшла, бо падумала: а што калі некаму хіміятэрапія патрэбная, але, прачытаўшы гэтую размову, чалавек ад яе адмовіцца?»

Прымітывізм, клішэ і пустаслоўе

«Размова з Дзмітрыевым — гэта прыклад, калі ты гутарыш з чалавекам, які абыходзіць твае пытанні то справа, то злева або адказвае пры дапамозе клішэ. З прафесійнымі дыпламатамі ды палітыкамі размаўляць вельмі цяжка».

Хачу зрабіць інтэрв’ю з Лукашэнкам пасля ягонай адстаўкі

«Цяпер мне не цікава рабіць інтэрв'ю з Лукашэнкам. Я хачу зрабіць з ім інтэрв'ю пасля ягонай адстаўкі. Хачу, каб ён сышоў на сваіх нагах, каб не было ў нас крыві ды гэтак далей, каб ён мог размаўляць і адказваць на пытанні. Мне падаецца, што пераасэнсаванне таго, што з ім адбылося і што перажыла краіна, было б цікавае. Памятаю, калі ў Менск прыехаў Савік Шустэр, тады ён яшчэ працаваў на НТВ, каб запісаць размову з Чубайсам і Лукашэнкам. Ад імя Анатоля Чубайса мяне запрасілі на запіс гэтай праграмы.

Пасля здымкаў Лукашэнка падышоў да мяне і кажа: «Што вы, Святлана, такая злая?» А я тады была галоўным рэдактарам «Беларускай дзелавой газеты», якую закрывалі, і адказваю яму, што не маю нагодаў вам усміхацца. І дадала, што «калі вы сыдзеце, Аляксандр Рыгоравіч, я прыйду да вас браць інтэрв'ю, а вось Павал Ізотавіч — не».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?