17 і 18 траўня, падчас сьвяточных мерапрыемстваў, прымеркаваных да 1146‑годзьдзя Полацку, у старажытным горадзе над Дзьвіной пройдзе фэстываль сярэднявечнай культуры «Рубон».

Месцам для правядзеньня фэсту абранае поле ў мікрараёне «Запалоцьце» каля Палаты, насупраць Верхняга замку. Такое разьмяшчэньне дазваляе арганізаваць унікальнае тэатралізаванае прадстаўленьне — фарсіраваньне ракі з узяцьцем замку на гары. Ён цяпер узводзіцца навучэнцамі ГТТВ‑66 будаўнікоў прыкладна на тым самым месцы, дзе разьмяшчаўся больш за пяць стагодзьдзяў таму. Пры ўзяцьці замку плянуецца нават прымяніць асадную зброю.

«Рубон» — гэта старажытная назва Заходняй Дзьвіны, а таксама баявы кліч полацкіх ваяроў.

Адбудуцца як традыцыйныя рыцарскія турніры для цяжка ўзброеных латнікаў, так і «ратна кола» для лёгка ўзброеных ваяроў. Палачане змогуць пабачыць і найбольш цікавыя масавыя бітвы — бугурты. Будуць арганізаваны спаборніцтвы лучнікаў. Усяго ў фэсьце сярэднявечнай культуры «Рубон» прымуць удзел каля 150 рыцараў.

Гледачы таксама змогуць паспрабаваць свае сілы ў славянскіх ігрышчах — стральбе з лука, кіданьні суліцы (старажытнай дзіды), скоках ў сабатонах (вялікіх жалезных ботах), Будзе арганізаваны сьвяточны гандаль, чакаецца прыезд шматлікіх рамесьнікаў — ювэліраў, кавалёў, ганчароў,ткачоў, гарбароў.

На фэстываль запрошаны вядомыя гурты сярэднявечнай і архаічнай музыкі «Osimira», «Guda», «На скрыжаваньнях», «Перекресток», «Княжыч». Адбудуцца прадстаўленьні батлейкі ў выкананьні Ўзорнага юнацкага тэатру‑студыі «Гармонія» і тэатралізаваныя мініятуры тэатру гістарычнага касьцюму «Полацкі зьвяз». Спэцыяльным госьцем сьвята стане вядомы беларускі гурт «Стары Ольса».

Паводле: Мікіта Зьмітраў, Народныя навіны Віцебску

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0