Юры Захаранка |
«Маладыя дэмакраты» — за вуліцу Захаранкі
Дзьве тысячы ўлётак з прапановай перайменаваць вуліцу Жукоўскага ў Менску ў вуліцу Юрыя Захаранкі распаўсюдзілі сёньня актывісты моладзевай арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі.
Намесьнік старшыні арганізацыі Аляксандар Сяргеенка расказаў:
«Мы раздавалі ўлёткі і кідалі іх у паштовыя скрыні на вуліцы Жукоўскага, дзе ў доме № 9 жыў былы міністар унутраных справаў Беларусі, сябра нашай партыі Юры Захаранка.
Давялося размаўляць з жыхарамі гэтага дома. І было прыемна пачуць, што яны дагэтуль памятаюць генэрала. Але людзі кажуць, што пры гэтай уладзе таямніца зьнікненьня экс‑міністра ня будзе раскрытая. Разам з тым яны перакананыя: гэтую таямніцу назусім не схаваеш — пройдзе час, і заказчыкі гэтага выкраданьня стануць вядомыя».
Аляксандар Сяргеенка сказаў, што акцыя прайшла без эксцэсаў. «Маладыя дэмакраты» прысьвяцілі яе 9‑й гадавіне зьнікненьня Юрыя Захаранкі.