Сталічная міліцыя абнародавала сваю версію здарэння, якое адбылося 28 красавіка на станцыі метро «Пятроўшчына». Відэа здарэння выклікала шырокі розгалас у сацыяльных сетках. Мінакі абураліся паводзінамі міліцыянта, які з ужываннем сілы выганяў з падземнага пераходу пажылога жабрака з сабакам.

У адказ ГУУС Мінгарвыканкама апублікавала відэа з камеры назірання і сваю версію падзеяў. Паведамляецца, што ў 11.26 да сержанта міліцыі, які дзяжурыў у метро, звярнуліся грамадзяне. Яны нібыта папрасілі выправадзіць з падземнага пераходу «неахайнага грамадзяніна, які займаецца жабраваннем».

Міліцыянт правёў яго ў пакой міліцыі для праверкі па базах уліку. Высветлілася, што мужчына зарэгістраваны ў Гродзенскай вобласці, аднак даўно займаецца бадзяжніцтвам у сталіцы. Па звестках міліцыі, мужчына шэсць разоў асуджаны па крымінальных артыкулах (пераважна за крадзяжы), а таксама 18 разоў прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці (за п'янства, хуліганства, курэнне ў забароненых месцах, абразу грамадзян). Міліцыянт правёў з ім прафілактычную гутарку і праз 20 хвілінаў адпусціў.

Праз тры гадзіны таму ж міліцыянту паведамілі, што ў падземным пераходзе спіць п'яны мужчына, якім аказаўся той самы жабрак. «Падышоўшы да яго, ён разбудзіў яго і папрасіў пакінуць падземны пераход. Нягледзячы на працяглыя ўгаворы, мужчына просьбу праваахоўнікі праігнараваў. Больш за тое — пачаў абурацца, лаяцца ў адрас міліцыянта, правакуючы канфліктную сітуацыю і прыцягваючы ўвагу навакольных. Бачачы агрэсіўныя паводзіны мужчыны, сяржант прыняў рашэнне паўторна даставіць яго ў пакой міліцыі, аднак сустрэў супраціў з боку правапарушальніка. Перарываючы супрацьпраўныя дзеянні, міліцыянт быў вымушаны прымяніць сілавы прыём, пры гэтым прытрымваючы мужчыну за плячо, каб пазбегнуць атрымання ім траўмаў», — паведамляецца ў прэс-рэлізе міліцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0