2 мая ў Берліне былі абвешчаныя лаўрэаты міжнароднага конкурсу The Bobs — Best of Online Activism ( «За грамадзянскую актыўнасць у Сеціве»), які вось ужо ў 12-ы раз праводзіць медыякампанія Deutsche Welle.
У рамках конкурсу карыстальнікі і журы ў складзе журналістаў і медыяэкспертаў з 14 краін вызначылі самыя значныя онлайн-ініцыятывы 2016 года.
Лепшым рэсурсам на рускай мове прызнаны праект беларускага журналіста Віктара Малішэўскага «Антыжурналіст», дзе аўтар сухой мовай лічбаў, наглядна і з іроніяй каментуе, а нярэдка абвяргае афіцыёз дзяржаўных СМІ.
Другое месца заняў расійскі сайт «Такіе дела». Гэта адзін з першых у Расіі анлайн-праектаў, які з поспехам спалучае магчымасці дабрачыннай арганізацыі і навінавага выдання.
У міжнародных намінацыях перамаглі праекты з Бангладэш, Ірана, Германіі і Індыі.