Галоўнае святочнае мерапрыемства 9 Мая, у Дзень Перамогі, сёлета пройдзе ў Беларусі ў новым фармаце. Замест традыцыйнага шэсця ветэранаў ў Мінску да плошчы Перамогі (у апошнія гады ветэранаў везлі наперадзе калоны ў адкрытых машынах) будзе арганізаванае шэсце «Беларусь памятае» з удзелам гараджан, прадстаўнікоў грамадскіх і маладзёжных арганізацый, паведаміла на прэс-канферэнцыі 2 мая першы намеснік міністра культуры Ірына Дрыга.

Калоны раёнаў будуць рухацца да плошчы Перамогі, дзе ўжо будуць знаходзіцца ветэраны, па праспекце Незалежнасці і прылеглых да плошчы вуліцах. Удзельнікі шэсця будуць несці фатаграфіі сваякоў — удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, герояў Савецкага Саюза — ураджэнцаў Беларусі і герояў Савецкага Саюза, што вызвалялі рэспубліку ў 1944 годзе.

На плошчы адбудзецца ўскладанне вянкоў і кветак да манумента Перамогі.

Дрыга распавяла, што першым у вялікай чарадзе агульнарэспубліканскіх мерапрыемстваў будзе ўрачысты сход у Палацы Рэспублікі 6 мая. Ён упершыню завершыцца не проста канцэртам, а «канцэртам-спектаклем-успамінам». Фіналам спектакля стане выкананне новага твора беларускага кампазітара Васіля Раінчыка «Кветкі Вялікай Перамогі».

7 мая на галоўнай пляцоўцы святкавання ў Мінску — каля Палаца спорту — адбудзецца канцэрт у межах праекта народнага артыста СССР Іосіфа Кабзона «Хрустальныя зорачкі» з удзелам выканаўцаў з Расіі і Беларусі, у тым ліку Кабзона. Для ганаровых гасцей і ветэранаў будзе арганізаваны партэр перад сцэнічнай пляцоўкай.

8 мая тут жа пройдуць святочныя мерапрыемствы ў межах рэспубліканскай акцыі «Кветкі Вялікай Перамогі», будуць арганізаваныя, у прыватнасці, інтэрактыўныя экспазіцыі па тэматыцы свята, перасоўныя музейныя экспазіцыі. Гэтыя мерапрыемствы арыентаваныя на маладзёжную аўдыторыю, адзначыла першы намеснік міністра культуры.

Як паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Мінгарвыканкама Сяргей Мядзведзеў, у сталіцы ў рамках святкавання Дня Перамогі пройдзе больш за 70 мерапрыемстваў рознай скіраванасці, у тым ліку мастацкія, спартыўныя, мітынгі-рэквіемы, кірмашы рамеснікаў.

Паводле звестак начальніка ўпраўлення інфармацыі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы Міністэрства абароны палкоўніка Уладзіміра Макарава, у адпаведнасці з загадам кіраўніка ваеннага ведамства генерал-лейтэнанта Андрэя Раўкова, праект якога ўжо падрыхтаваны,

9 мая ў 22.00 будзе дадзены святочны салют 30 залпамі ў горадзе-героі Мінску, крэпасці-героі Брэсце і астатніх абласных цэнтрах.

Макараў паабяцаў маляўнічае шоу дзякуючы новым закупленых феерверкам тыпу «Чырвоны мак», «Герань», «Аксаміт».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?