Учора брэсцкая арганізацыя БРСМ зладзіла ўрачысты прыём псеўдабайкераў з «Начных ваўкоў», які рыхтавалі правакацыйны мотапрабег у Еўропу.
У Брэст «Начныя ваўкі» прыехалі ўжо пасля заявы іх лідара Аляксандра Залдастанава, што «Беларусь і Украіна — гэта Расія». Можна было б чакаць, што пасля такіх неадназначных словаў ніякай сустрэчы на дзяржаўным узроўні не павінна было быць. Аднак сустракаць «Начных ваўкоў» выйшлі прадстаўнікі гарадской арганізацыі БРСМ.
Прадстаўнікі моладзевай арганізацыі сустракалі Залдастанава і кампанію з дзяржаўнымі сцягамі, а таксама рабілі сэлфі са скандальным персанажам.
Прысутнічаў на спатканні і выконваючы абавязкі першага сакратара брэсцкага БРСМ 25-гадовы Дзяніс Сілівонік. «НН» датэлефанавалася да спадара Сілівоніка з просьбай пракаментаваць гэтую сустрэчу. Аднак кіраўнік БРСМ кінуў слухаўку, пачуўшы пытанне.
Дзяніс Сілівонік. Фота з vk.com.
У суполцы «БРСМ Брэст» Укантакце строга выдаляюцца ўсе негатыўныя каментары адносна Залдастанава і «Начных ваўкоў».