Варфаламей
З ласкі Божай Архіепіскап Канстанцінопаля — Новага Рыму і Усясветны Патрыярх 
Усёй супольнасці Царквы 
Ласка, мір і міласць ад Хрыста, уваскрэслага ў славе

Фрэска сашэсця Ісуса Хрыста ў пекла і суўваскрашэння ўсяго чалавечага роду, увасобленага ў Адаме і Еве, манастыр Хора, Канстанцінопаль.

Фрэска сашэсця Ісуса Хрыста ў пекла і суўваскрашэння ўсяго чалавечага роду, увасобленага ў Адаме і Еве, манастыр Хора, Канстанцінопаль.

Любыя ў Госпадзе браты й сёстры,

Ад усяго сэрца вітаем Вас з Усясветнага Патрыярхату радасным воклічам: «Хрыстос уваскрос!» Уваскрасенне Хрыстова — гэта стрыжань праваслаўнай веры. Без Уваскрасення наша вера «марная» (1 Кар. 15, 14). Праз Сваё Уваскрасенне Бог Слова зрабіў нятленным і абожыў чалавека, створанага на вобраз Божы, але параненага і азмрочанага грахом, вяртаючы яму наноў здольнасць дасягнуць і падабенства Божага, страчанага ў выніку непаслухмянасці.

Што ж, аднак, значыць свята Пасхі, перамогі жыцця над смерцю, у свеце, дзе пануюць гвалт і войны, асабліва якія адбываюцца ў імя рэлігіі і Бога?

Многія мудрацы спрабавалі вырашыць праблему смерці ды пераадолець яе праз розныя тэорыі. Мы, праваслаўныя хрысціяне, святкуем уваскрасенне Хрыста з мёртвых і з адвагай абвяшчаем скасаванне смерці. Мы ведаем, што Падацель жыцця - гэта Слова Божае, у Якім «было жыццё» (Ян. 1, 4). У нас ёсць радасны досвед Царквы, што Уваскрасеннем Хрыстовым смерць пераможана. «Усё напоўнілася радасцю, пакаштаваўшы ўваскрасення». Гэтай верай прасякнуты ўсе праявы царкоўнага жыцця, найбольш жа засяроджана яна ў Боскай Еўхарыстыі. У хрысціянскім свеце менавіта Праваслаўная Царква захоўвае Боскую Еўхарыстыю сарцавінай свайго жыцця і духоўнасці, і гэта непарыўна звязана з тым, што Уваскрасенне - гэта стрыжань нашай веры, богаслужэння і царкоўнасці. Менавіта таму еўхарыстычная літургія заўжды святочная і радасная, і звязана, перш за ўсё, з днём Госпада — днём Уваскрасення.

Найбольш узрушальная выява, якая выдатна тлумачыць Уваскрасенне і яго сілу аднаўлення, — гэта ікона сыходжання Госпада нашага Ісуса Хрыста ў пекла, у манастыры Хора ў Канстанцінопалі. Госпад славы сыходзіць аж да глыбіняў пекла і, разбурыўшы пякельныя брамы, узыходзіць з перамогай, увакрашаючы с Сабой Адама і Еву, гэта значыць — увесь род чалавечы ад пачатку стварэння свету да яго канца. «Усё цяпер напоўнілася святлом — і неба, і зямля, і апраметная». Усё стварэнне пераходзіць ад змрочнага валадарства смерці - у незаходзячае святло Царства Божага. Кожны вернік, як удзельнік Уваскрасення, закліканы абвяшчаць Дабравесце свабоды ў Хрысце «аж да канцоў зямлі» (Дзеі 1, 8).

Маці Царква, адначасова перажываючы і таемства крыжа, і таемства ўваскрасення, сёння заклікае нас: «прыйдзіце з запаленымі свечкамі», «адсвяткуйма жа Пасху Божую збаўчую».

Бо праз уваскрасенне Збаўцы ўсё чалавецтва стала адным народам, з’яднаным у адзінае цела. Сваім Крыжам і Уваскрасеннем Хрыстос канчаткова знішчыў усякую варажнечу. Дык вось, Праваслаўная Царква, Адзіная, Святая, Саборная і Апостальская - гэта Царква ўсеагульнага прымірэння, Царква ўсеагульнай любові: і да сяброў, і да ворагаў. Прыміраныя, напоўненыя новым жыццём, жыццём ісціным, мы ўсе становімся суграмадзянамі святым і насельнікамі дому Божага (пар. Эф. 2, 15).

На жаль, у наш час працягваюцца тэрарызм, войны і забойствы людзей. Плач і галашэнні ахвяраў разносяцца па ўсім свеце, асабліва дзякуючы сучасным тэхналогіям. Яны напаўняюць наваколле болем, і болем адгукаюцца ў нашых сэрцах. Таму, на палітычных, духоўных і царкоўных лідарах чалавецтва ляжыць адказнасць і абавязак любові - зрабіць усё магчымае для прадухілення такіх разбуральных падзеяў.

У сучасным «свеце абсурду» мы, праваслаўныя хрысціяне, закліканы несці добрае сведчанне любові і ахвярнасці да іншага чалавека.

Для нас, праваслаўных вернікаў, Пасха — гэта не часовы сыход ад жорсткай рэчаіснасці зла ў свеце, а няўхільнае перакананне, што Хрыстос, Які смерцю смерць зваяваў і ўваскрос з мёртвых, - з намі «ва ўсе дні да сканчэння веку» (Мц. 28, 20).

Любыя браты і сёстры, такое сёлетняе велікоднае пасланне Свяцейшага Апостальскага і Патрыяршага Усясветнага трону, святарнага цэнтру Праваслаўя, да ўсіх людзей: уваскрос Хрыстос і скасавана дзяржава смерці, дзяржава ўлады моцнага над слабым, і толькі «жыццё царуе», і клапатлівая любоў, і бездань міласэрнасці, і невычарпальная ласка Уваскрэслага Хрыста, якая ахінае ўвесь сусвет ад канца да краю. Досыць нам, людзям, разумення, што Ісус Хрыстос - святло ісцінае, што з Ім было жыццё, і жыццё было святлом для людзей (гл. Ян. 1, 3-4). І з гэтым пасланнем мы звяртаемся да ўсіх палітычных і духоўных лідараў гэтага свету.

Дык прыйдзіце ж, прыміце святло ад незаходзячага святла Фанару, якое, падобна святлу Хрыстоваму — святлу любові, свеціць усім, і ў ім «няма ніякай цемры» (1 Ян. 1, 5)! Паслухаем жа, браты і сёстры, вернікі праваслаўныя, гэтае дабравесце радасці і любові, і загоім сваёй любоўю і ахвярнасцю балючыя раны сучаснага чалавецтва!

Няхай будзе слава Падацелю жыцця, Які з’явіў свету і кожнаму чалавеку асабіста святло, любоў і мір! Слава, Табе, Цару славы, Ісусе Хрысце, слава Табе, Пераможца смерці й Пачатак жыцця!

Фанар, Святая Пасха 2016
+Варфаламей Канстанцінопальскі
Ваш гарачы хадайнік перад Богам

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?