Амаль 15 тысяч чалавек сталіся ахвярамі цыклёну «Наргіс», які абрынуўся ў суботу на Бірму з хуткасьцю, якая дасягала 190 км/г.

Як перадаюць дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі, зь якіх пераважная большасьць — жыхары найбуйнейшага гораду краіны Рангуну і рэгіёну Ірравадзьдзі.

Пры гэтым назіральнікі падкрэсьліваюць: колькасьць ахвяр стыхіі можа расьці й далей — з прасоўваньнем ратавальнікаў па раёнах, якія аказаліся адрэзанымі ад сьвету.

Зонай стыхійнага бедзтва аб’яўлены пяць раёнаў Бірмы.

Паводле слоў прадстаўніка ўпраўленьня ААН па надзвычайных сытуацыях Рычарда Хорсі, у даху над галавой і пітной вадзе тэрмінова маюць патрэбу некалькі сотняў тысяч бірманцаў. Аднак, дадаў ён, дакладна ацаніць колькасьць пацярпелых немагчыма, бо ў выніку ўдару стыхіі значныя пашкоджаньні зазнала дарожная сетка й тэлефонная сыстэма.

ААН і міжнародныя арганізацыі ўжо накіравалі ў найбольш пацярпелыя раёны свае каманды экспэртаў, хоць і не атрымлівалі афіцыйнай просьбы пра дапамогу з боку вайсковай хунты, якая ўладарыць у Бірме.

Паводле Расейскай службы Бі-бі-сі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0