Расейскія спецслужбы, мяркуючы па ўсім, сталі аказваць ціск на аператараў сотавай сувязі з мэтай перахопу аўтарызацыйных SMS, заявіў стваральнік месенджара Telegram Павел Дураў.

Як гаворыцца ў заяве Дурава, апублікаванай на сайце «Эхо Москвы», такія меры звычайна ўжываюць «людаедскія рэжымы» ў Сярэдняй Азіі і часам на Блізкім Усходзе, якія не клапоцяцца аб сваёй рэпутацыі. Заява Дурава тычыцца нядаўніх паведамленняў пра спробы ўзлому акаўнтаў у Telegram у апазыцыйнага актывіста Алега Казлоўскага і супрацоўніка Фонду барацьбы з карупцыяй Георгія Албурава.

Сітуацыю, калі SMS з кодам для доступу да Telegram была перахопленая з-за ўнутранай карупцыі ў сотавым аператары сувязі, Дураў назваў малаверагоднай праз апазіцыйнасць фігурантаў узлому. Для забеспячэння надзейнай абароны стваральнік Telegram параіў уключаць двухфактарную аўтарызацыю.

«Як я карыстаюся «Тэлеграмам»: ёсць двухфактарная аўтарызацыя (пароль на акаўнт), акаўнт прывязаны да сім-карты адэкватнай юрысдыкцыі, найбольш далікатныя моманты абмяркоўваюцца ў сакрэтных чатах. У прынцыпе, любая з гэтых мер паасобку дазваляе абараніць важную інфармацыю. Рызыка ўзнікае тады, калі адсутнічае ўсё вышэйпералічанае».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0