Актывіст аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД) Андрэй Гайдукоў аштрафаваны на 10 базавых велічынь (2,1 млн. рублёў) за вывешванне расцяжкі «Праца — права, а не абавязак!».
Гайдукоў быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі 28 красавіка за тое, што размясціў расцяжку ў месцы, дзе размяшчэнне інфармацыйных матэрыялаў нерэкламнага характару забараняецца. Паводле слоў самога актывіста, гэта было трэцяе вывешванне адной і той самай расцяжкі за дзень, двойчы ён фатаграфаваў яе і здымаў.
2 мая адміністрацыйная справа Гайдукова па артыкуле 21.14 КоАП (парушэнне правілаў добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў) разглядалася ў Наваполацкім ГАУС. Рашэнне пра штраф вынес намеснік начальніка аддзела ўнутраных спраў Наваполацкага гарвыканкама па ідэалагічнай і кадравай працы Уладзімір Шэндзель, паведамляюць праваабаронцы. Актывіст БХД мае намер яго абскардзіць.
Андрэй Гайдукоў — былы палітвязень, ён правёў у зняволенні паўтара года (з лістапада 2012 года па май 2014-га). Паводле даных следства, Гайдукова затрымалі «ў момант закладкі тайніка са звесткамі, што цікавілі замежныя спецслужбы». Першапачаткова ён абвінавачваўся па артыкуле 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве ў форме правядзення агентурнай дзейнасці), пазней абвінавачванне было перакваліфікаванае. 1 ліпеня 2013 года Віцебскі абласны суд прызнаў Гайдукова вінаватым па ч. 1 арт. 14 і арт. 356-прым. КК (замах на ўсталяванне супрацоўніцтва са спецыяльнай службай, органам бяспекі або разведвальным органам замежнай дзяржавы) і прыгаварыў да аднаго з паловай года пазбаўлення волі. Судовы працэс праходзіў у закрытым рэжыме